Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Добрая фатаграфія – штотыднёвае эсэ пра выбраныя творы беларускага і сусьветнага фотамастацтва.








Гэтую фатаграфію зрабіў невядомы аўтар у 1943 годзе на чыгуначным вакзале ў Баранавічах. Беларусаў вывозяць на прымусовую працу ў Нямеччыну, рабамі да баўэраў, фабрыкантаў ды іншых уласьнікаў. Стрэлкі зьмяніліся з усходу на захад. Таварныя цягнікі, наладаваныя беларусамі, што ехалі ў рускі ГУЛАГ, павярнуліся ў адваротным накірунку.

З гэтых людзей (што на здымку), відаць, таксама мала хто вярнуўся. Нехта згінуў, нехта застаўся ў Нямеччыне, каб ня трапіць пад саветы, а нехта, магчыма, і вярнуўся, але быў арыштаваны і зьнік навечна ў сталінскай турме.

Аднойчы, прыблізна ў 1993 годзе, быў вялікі мітынг БНФ у цэнтры Маладэчна. Да мяне падышла мясцовая фронтаўка са старой немкай, якая прыехала зь Нямеччыны. Я адразу зьвярнуў увагу, што ў немкі былі вельмі добрыя сумныя вочы і інтэлігентнае аблічча. Фраў распавяла гісторыю і патлумачыла, навошта прыехала.

Яна дачка нямецкага баўэра. Вайной ім прыслалі работнікаў (рабоў) зь Беларусі. Яна падружылася з адным беларусам. Яны закахаліся, і, калі вайна ўжо заканчвалася, дзяўчына папрасіла дазволу ў бацькі выйсьці за хлопца замуж, матывуючы, што інакш яго забяруць саветы, і яна гэтага не перажыве. Бацька пагадзіўся, і маладыя пажаніліся.

Але яе муж (гэты беларус) трызьніў Беларусяй. Ён хацеў вярнуцца ў родныя мясьціны, і яна згадзілася паехаць разам зь ім і жыць на Беларусі. Шчасьлівы беларус паехаў на Беларусь, каб паглядзець і падрыхтаваць усё да прыезду жонкі. Больш яна мужа ня бачыла, яго згнаілі ў ГУЛАГу. (Гэта прыклад, дарэчы, як бывае, калі людзі не цікавяцца палітыкай і як тады “палітыка” цікавіцца імі).

Замуж фраў больш ня выйшла, усё жыцьцё хавала памяць пра мужа. І як толькі Беларусь дамаглася незалежнасьці, яна прыехала, каб паглядзець на тыя мясьціны, дзе быў ён, пахадзіць ягонымі сьцежкамі, дакрануцца да ягонай зямлі. Калі мы ўбачыліся ў Маладэчне, яна ўжо была прыехаўшы другі раз.

Акрамя гэтага выпадку, я ведаў яшчэ адну падобную гісторыю. Сярод зьдзеку і эксплюатацыі там былі шчасьлівыя выключэньні. Некаторыя добрыя немцы не выдавалі работнікаў з усходу саветам, прыдумвалі дзеля гэтага розныя спосабы, у тым ліку й жанілі на дочках. Такое здаралася. Тут як бы спраўджваецца беларуская прымаўка, што “сьвет не бяз добрых людзей”. І ўсё гэтае дабро грунтуецца на любові і на павазе да чалавека.

Мне вельмі зразумелыя тыя людзі, што на фатаграфіі. Гэта ўзрост маёй маці. Я разумею іх да дробязяў, нават калі на даўніх фатаграфіях яны маўчаць.

Простая фатаграфія (можа, нават зьнятая немцам), але праз 70 гадоў яна загучэла нашай трагічнай гісторыяй, выклікаючы цяжкае раздумленьне і шчымленьне душы.

Як важна мець Бацькаўшчыну – сваю дзяржаву, моцную і незалежную, і патрыётаў-людзей, і ў сэрцы любоў, і свабоду.

(Фатаграфія ёсьць у вольным Сеціве).
XS
SM
MD
LG