Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Добрая фатаграфія – штотыднёвае эсэ пра выбраныя творы беларускага і сусьветнага фотамастацтва.

Калі б я ўбачыў гэтую фатаграфію ў маладосьці, то наўрад ці надоўга спыніў на ёй позірк. Магчыма, нават, улічваючы, што ад нямецкіх рук загінуў бацька і два родныя дзядзькі, то пэўна не спачуваў бы. Цяпер жа я вяртаюся да яе зноў і зноў, і бачанае працінае маю істоту.

Гэта рэпрадукцыя з паліграфічнага выданьня, узятая з Сеціва. Аўтар не пазначаны. Называецца фoта “Нямецкі каталіцкі ксёндз Сьвятога Сэрца з Бромбэргу ў ціхай малітве перад целамі забітых немцаў”. На пярэднім пляне ляжаць жаночыя трупы, у цэнтры ў цывільным адзеньні сьвятар, на заднім пляне ў полі ля дарогі пусты легкавік, трохколавы матацыкал і аўтобус з парасчынянымі дзьвярыма. Краявід, з гаспадарчымі пабудовамі ўдалечыні і лесам на гарызонце, нагадвае беларускі, быццам дзе-небудзь пад Ракавым, ці Мар’інай Горкай.

Гледзячы на здымак, уражвае адчуваньне мёртвай цішыні. Здаецца, што тут пануе толькі малітва сьвятара і, нібы шэлест лёгкага ветру, гучыць над жалобнай карцінай. Усё гэта адчуваецца ў фатаграфіі настолькі выразна, што цяжка адарвацца ад яе меланхалічнага агляданьня.

Успамінаю страшныя здымкі савецкіх ваенных фатакораў (Д. Бальтэрманца і інш.). Вось фота: на гразкай, развэдзганай коламі расейскай дарозе валяюцца трупы забітых, нейкія людзі (быццам бы кабеты), захутаныя ў рызманы, нібы пудзілы, схіляюцца над трупамі, хочуць пазнаць.

Глянуў – і гартаеш далей. Глядзець ня хочацца, цяжка. Жах і прыкрасьць. Савецкія фотакоры думалі, відаць (як і шмат хто цяпер), што чым больш натуралістычна пакажуць трупы, кроў і гразь, тым больш паўзьдзейнічаюць на гледача, тым мацней выявяць злачынствы вайны. Такое думаньне і падыход, магчыма, і патрэбны ў крымінальнай здымцы, але не стасуецца да фатаграфіі як сродку адлюстраваньня спыненага часу і вобразнага яго адбіцьця. Натуралізм у фатаграфіі можа выклікаць фізіялагічную рэакцыю арганізма там, дзе трэба суперажываць, разумець і адчуваць. У мастацтве, як нідзе, нельга, як кажуць, блытаць “Божы дар зь яешняй”, нават калі адлюстраваньне датычыць гвалтоўнае сьмерці. У творчасьці паказаць сьмерць – гэта ня значыць дакумэнтальна сфатаграфаваць нежывых. Тут вельмі глыбокая і складаная вобласьць адлюстраваньня, і тым больш у фатаграфіі.

У “Ціхай малітве” (гэта мой скарот назвы) менавіта фігура сьвятара ў маленьні над забітымі і адчуваньне цішыні, якая пануе пасьля стрэлаў, пустыя машаны і безьлюдзь вакол – усё разам стварае той шчымлівы балесны настрой, які ўзьнікае ад падсьведамай экстрапаляцыі трагічных падзей на сваю асобу. Неўсьвядомлена чалавек-глядач нібы ўваходзіць у фота-карціну ў гэты стан трагічнае цішы, і над целамі мёртвых суперажывае сваё.

Так праяўляецца прырода катарсісу пры ўспрыняцьці мастацтва трагічнай зьявы. (Дадам, што эмоцыі катарсісу пачынаюцца ад творцы, а потым рэзаніруюць у душы ўспрымальніка. Успомнім з расейшчыны: “...над вымыслом слезами обольюсь”).

Фатограф, які здымаў гэтую сьмерць (выглядае, што камэра была 6х6) наўрад ці быў спакойным. Узбуджэньне часам абвастрае бачаньне і адчуваньне і паказвае адзіна правільныя рашэньні (праўда, не заўсёды і не ва ўсіх). Як бы там ні было, фатаграфія зьнятая тут клясычна і аптымальна. Ніякія іншыя ракурсы і кропкі здымкі ў гэтай сытуацыі не патрэбныя.

Тут я адзначыў галоўнае, што можна сказаць, аглядаючы гэты здымак як твор фатаграфіі. І такіх прыкладаў з адлюстраваньня вайны шмат. Мы бачым толькі кадр, які ўражвае, ня ведаючы (і часта ня думаючы), што адбывалася за кадрам. Для мастацкай ідэёвасьці фатаграфіі, гэтае веданьне часьцяком ня мае значэньня. Але фатаграфія мае дакумэнтальную аснаву (і адпаведна -- дакумэнтальную функцыю). Веданьне яе пашырае інфармацыю аб фатаграфіі, засьцерагае нас ад фатаграфічных містыфікацыяў і ацэначных памылак.

Па грамадзка-палітычным і гістарычным гучаньні “Ціхая малітва” далёка ня простая фатаграфія. Яна датычная да фактаў, спрэчкі па якіх доўжацца па сёньняшні дзень. Трагічныя падзеі адбыліся ў Бромбэргу (Быдгошчы) ў першыя дні нямецка-польскай вайны. Трэцяга верасьня 1939 года спэцаддзелы Гестапа і СС арганізавалі правакацыую дыверсію ў Бромбэргу супраць адступаючага польскага войска, імкнучыся ўцягнуць у напад нямецкае насельніцтва горада і з’імітаваць “народнае паўстаньне”, каб казыраць потым перад міжнароднай супольнасьцю. “Народнага паўстаньня” не атрымалася, але сытуацыя на тры дні выйшла з-пад усялякага кантролю, войска страляла па ўсіх падазроных. У выніку (па польскіх зьвестках) было забіта больш трохсот чалавек цывільных немцаў і палякаў (прытым немцаў у 3-4 разы болей).

Прапагандысцкая машына Гёбэльса раскруціла падзеі, як этнічны генацыд нямецкага насельніцтва з боку палякаў, а аддзелы Вэрмахта, уступіўшы у Бромбэрг, пачалі расстрэльваць цывільных палякаў проста на гарадзкой плошчы і забілі (па польскіх зьвестках) больш трох тысяч чалавек (па нямецкіх зьвестках – 600 – 800 чалавек). Да сёньняшняга дня чуюцца абвінавачваньні ў генацыдзе з абодвух бакоў, хаця злачынства гітлераўцаў відавочнае.

Такая гісторыя за кадрам гэтага здымка. Перад намі адна з трагічных і вельмі сумных фатаграфіяў вайны.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG