Лінкі ўнівэрсальнага доступу

фота 1

Гэты выдатны здымак паравоза на вакзальных рэйках зьняты Альфрэдам Стыгліцам (Alfred Stieglitz) у 1902 годзе камэрай 10х13 і зроблены (як можна здагадацца) у тэхніцы брамойль (фота 1). Здымка выканана мяккарысуючым аб’ектывам ў кантравым інтэнсіўным сьвятле. Фатаграфія дынамічная і дыхае фатаграфічнай рэальнасьцю, выдатна перадае задымленую атмасфэру чыгуначнай станцыі і тэхнічны дух часу стогадовай даўніны. Аўтар назваў здымак “Рука чалавека”. Па ўсім відаць, што сучасьнік веку пары ўражаны тымчасовым тэхнічным прагрэсам.

Гэта вельмі тыповая фатаграфія для Стыгліца зь яго напружаным пранікненьнем у настрой прыроды і асяродзьдзя, якое мы адчуваем, як сёньняшні дзень. Гэта тое фота з тым эмацыйным уражаньнем і пачуцьцёвым падтэкстам, якое прымушае доўга на яго глядзець, суперажываць адчуваньні і ўзірацца ў кавалкі карціны. Выразна відаць, што гэтая фотакарціна зроблена сродкамі фатаграфіі і вокам фатографа. Устаноўкі піктарэалізму тут адсутнічаюць.

Павінен сказаць, што нямецкі амэрыканец Альфрэд Стыгліц (1864-1946) быў надзелены характэрным фатаграфічным талентам. Ён меў фатаграфічнае бачаньне сьвету. І невыпадкова, што Стыгліц (бадай што адзін з найпершых) яшчэ ў ХІХ стагоддзі паставіў задачу даказаць, што фатаграфія – гэта не тэхнічная галіна жывапісу, а асобнае мастацтва са сваёй эстэтыкай, філясофіяй і сродкамі выразнасьці. Гэтаму ён пасьвяціў шмат часу, энэргіі і арганізацыйнай дзейнасьці. Але галоўным доказам стала яго творчая дзейнасьць.

Мастацкая фатаграфічнасьць яго здымкаў 1890-х гадоў (асабліва фатаграфіі Нью-Ёрка) уражваюць сьвежасьцю бачаньня і тонкай жыцьцёвасьцю часу. Калі аглядаеш фота Стыгліца больш чым стогадовай даўніны, здаецца, што і пранікаеш у той час, і прысутнічаеш там, – настолькі адчувальная рэальнасьць на ягоных фатаграфіях.

Дзіўная прырода таленту (амаль няўлоўная). Тое ж самае здымаў ягоны сучасьнік і паплечнік Эдвард Стэйкен. Здымкі Нью-Ёрка, зробленыя Стэйкенам прыгожыя і... мёртвыя (яны ня дыхаюць). Фатаграфіі Стыгліца жывуць і магнітам прыцягваюць погляд.

Стыгліц быў вельмі мабільным і энэргічным чалавекам. Часта езьдзіў у Эўропу (там ён атрымаў нямецкую адукацыю) і шмат фатаграфаваў. У 1915 годзе ў час адной з такіх паездак на караблі ён сфатаграфаваў пасажыраў на ніжняй палубе. Гэта былі бедныя людзі, там самыя танныя білеты.

Фатаграфія прынесла яму шырокую вядомасьць. Яе ўсюды заўважылі, а некаторыя крытыкі назвалі яе лепшай фатаграфіяй ХХ стагодзьдзя (г. зн. ад 1900 да 1915 гг.)

фота 2

Тут я экспаную гэтую фатаграфію (фота 2). У 1950-1960 гг. яе друкавалі ў СССР пад назовам “Трэцяя кляса”. (У Стыгліца назва нешта кшталту “Машыннае аддзяленьне”.)

Увогуле, як я назіраю, практычна, усе старыя фатографы ад паловы ХІХ і да паловы ХХ-га стагоддзяў былі майстрамі сацыяльнай фатаграфіі. Сацыяльныя лёсы людзей – важная (калі ні галоўная) праблема, якая займала розумы і пачуцьці гуманістычных мастакоў таго часу. Пасьля 2-й Сусьветнай вайны сьвет па інэрцыі яшчэ заставаўся даваенным, але потым раптам усё перамянілася.

Фатаграфія Стыгліца, як бачым, простая, агульнага пляну. Але гэта цэлая фота-навэла.

Падарожжа на караблі ў Амэрыку займала шмат дзён. І ўсе гэтыя дні бедныя людзі павінны былі жыць на палубе (есьці, спаць, даглядаць дзяцей і г. д.). Ведаючы гэта, пачынаеш разглядаць іхнія твары, позы, дачыненьні, адзеньне, быт, разьвешаную бялізну на шнурках і г. д. Разгляд шмат дае для сэрца, розуму і разважаньняў. Гэтак плылі ў Амэрыку ў той час нашыя продкі беларусы ў пошуках грошай і лепшага жыцьця, тыя “тутэйшыя”, зь якіх выбілі гістарычную памяць дзяржавы і роду. Шмат хто зь іх застаўся ў Амэрыцы, не стварыўшы ні сваіх асяродкаў, ні газэт, ні культуры, стаўшы ў першым пакаленьні гноем гісторыі чужога грамадзтва. Мінула амаль сто гадоў, іншыя “тутэйшыя” пад назвай “савецкія” прылятаюць ужо Боінгам зь Беларусі ў Амэрыку за 9 гадзін, і ня тое, што ў пакаленьні, – у першыя дні зьнікаюць у горле ”свабоднага сьвету”, каб пасьля іх ня вырасла нават трава.

Мяркую, што гэтая фатаграфія (шмат у каго) выклікае збліжаныя, падобныя рэфлексіі. Бо ў кожным народзе жыла і жыве думка аб лепшае долі. І аказваецца, што “Трэцяя кляса” – гэта ілюзія, не набыцьцё, а страта, вялікая страта сябе. Для Беларуса не прыгатавана, не існуе ў сьвеце лепшай долі, акрамя Беларусі. Але кожнаму цяжка яе дасягнуць аднаму.

(Фатаграфія А. Стыгліца “Трэцяя кляса” перазьнятaя з фотакнігі Jan Jeffrey. How to read a Photograph. – New York, Abrams, 2008. Фота “Рука чалавека” зьмешчанa ў вольным Сеціве.)
XS
SM
MD
LG