Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Добрая фатаграфія — штотыднёвае эсэ пра выбраныя творы беларускага і сусьветнага фотамастацтва.


Раней я ўжо пісаў пра чыньнік часу, які ўплывае на пераасэнсаваньне фатаграфіі, і абяцаў паказаць банальную фатаграфію з эпохі фашызму ў Нямеччыне на тэму зьнішчэньня культуры. Вось яна, гэтая фатаграфія. Гэта аўтадафэ, спаленьне “шкоднай” літаратуры штурмавікамі і нацыстамі. Звыклае фота на памяць, зробленае пры дапамозе лямпы-успышкі, кшталту тых, што рабілі ў саветах на камуністычных суботніках і дэманстрацыях. Усе пазіруюць, усе пры шчырым энтузіязьме. Якое тупое шчасьце напісанае на іхных абліччах. Зьвярніце ўвагу на другога штурмавіка зьлева ў першым радзе. Гэта ж Швэйк “пры выкананьні”. Калі такому скажуць маліцца, ён сабе лоб разаб’е. Успамінаецца рэмаркаўскі пэрсанаж, які, захліпаючыся ад шчасьця, хваліўся сваёй належнасьцю да штурмавікоў і тым, як яны крочаць”дыспліцыніравана” (тут не памылка, гэта выгавар штурмавіка).


А ўсе астатнія (угледзьцеся ў іхныя абліччы і позы) – калектыўны ідыятызм. У цэнтры франтальнай кампазыцыі ўвесь яе ідэёвы псыхалягічны зьмест – лапавухі зяркаты паўгловак з вышчарбленым зубам, вытарашчыў вочы ад шчасьця, што ўдзельнічае ў “вялікай справе”. Тыповы вобраз прыдурка з рысамі інфантылізму – гэта нам скажа кожны псыхоляг і фізіянаміст. Справа (у акулярах зь бярэмам пашкамутаных кніг і часопісаў) фашысцкі клерк, міні-Гёбэльс, інтэлектуал рудога часу.

Некалі вялікі нашчадак Беларусі Гіём Апалінэр-Кастравіцкі пісаў: “Мне варта ўбачыць іх ногі, і я намалюю людзей тых натоўпы”. А тут жа ня ногі – абліччы.

Банальная фатаграфія (дзе фігуранты пазіруюць для фатографа) праз паціну часу і праз усё ўведанае і перажытае, праз Асьвенцім ды Дахаў, праз спаленыя беларускія вёскі разам зь людзьмі, ды шыбеніцы на плошчах, ды Нюрнбэрг, гэтая фатаграфія адчынілася ня тое што тварам, карцінай фашызму, – яна паказалася яго зрэзам на макраўзроўні, псыхалягічным адбіткам на паверхні масавай бытавой сьвядомасьці.

У цэлым жа празь дзесяцігодзьдзі часу і вопыту здымак пачынае ўспрымацца як фатаграфічны твор зь вельмі выразнымі рысамі жанру і псыхалягічнай тыпізацыі вобразаў. Хаця аўтар яго, несумненна, быў такі ж самы Ганс ці Фрыц, як і суб’екты на здымку, і ніякіх задачаў вобразнага раскрыцьця тэмы ня ставіў. Проста ён адлюстраваў тыповае, зрабіў адбор (выбар) гэтага тыповага ў станоўчым сваім разуменьні.

Але, стаўшы гісторыяй, гэтая тыпізацыя адчынілася нам (людзям іншага цёмнага часу) гэтаксама іншым ацэначным сэнсам. І фатаграфія набыла шырэйшы зьмест, адпаведна, і ўспрыняцьце.

Я пісаў у пачатку экспазыцыйнай тэмы, што фатаграфія мае ўнікальную асаблівасьць спыніць імгненьне жыцьця і адлюстраваць (выявіць) магію мінулага часу. З гэтага вынікае яшчэ адна яе вытворная якасьць, якую мы праілюстравалі здымкам “Аўтадафэ”, – кожная фатаграфія хавае ў сабе таямніцу часу, і мы ня ведаем, калі яна адчыніцца для наступных людзей.

Прыватныя фатаграфіі трэба захоўваць як важную сямейную каштоўнасьць, разумеючы, што яны ёсьць адначасна культурнай каштоўнасьцю нацыі. У Амэрыцы, дзе культура зь вялікімі цяжкасьцямі прадзіраецца праз шырокамаштабную, махровую і агрэсіўную мас-культуру, мяне зьдзіўляе ня тое што мноства добрых фатографаў, а тая вялікая ўвага, якая аддаецца тут мастацкай фатаграфіі (і ўвогуле фатаграфіі). Кожны год выдаецца мноства (практычна сотні) фотаальбомаў і кніг па фатаграфіі. Амэрыканцы асвоілі ўжо такія вобласьці ў фатаграфіі, пра якія ніхто раней не задумваўся. Напрыклад, адлюстравана разьвіцьцё фатаграфіі ў Азіі, выдадзены фотаальбомы прыватных фатаграфіяў цэлых сацыяльных групаў людзей (напрыклад, фэрмэраў, каўбояў, індзейцаў і інш.). Уражаньне ад гэтых працаў часам надзвычай моцнае. Калі, напрыклад, глядзіш фотаальбом каўбояў (прыватныя сямейныя фота з 19-га стагодзьдзя і амаль да апошняга часу), то усё, што даводзілася бачыць пра іх на экране кіно (зробленага гіпэртрафавана па законах вэстэрну), – усё гэта блякне перад праўдзівымі рэальнымі фатаграфіямі рэальных людзей. Якія тыпажы! Якія выразныя фатаграфіі! Фэліні б здымаць гэтых каўбояў у іхных “ранча”, а не Галівуду зь іхнымі “красаўчыкамі” ў дэкарацыях!

Сямейныя фатаграфіі людзей – гэта жыцьцёвы, чалавечы фонд нацыі, адлюстраваны ў гісторыі. Амэрыканцы гэта ведаюць. Там выдадзеныя нават альбомы “фотааўтаматаў”. А гэта ўвогуле нешта незвычайнае, вымагае адмысловай гаворкі і разгляду. Мяркую нават падрыхтаваць такую тэму. Адзінае, што гэтая зьява вымагае сэрыйнага паказу. Адным фота (як мы тут робім) не абыдзесься.

Фатаграфія “Аўтадафэ” знаходзіцца ў архіве выяўленчых твораў Прускай культурнай спадчыны. Зьмешчана ў сеціве для вольнага карыстаньня.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG