Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Добрая фатаграфія — штотыднёвае эсэ пра выбраныя творы беларускага і сусьветнага фотамастацтва.


Мне прыходзілася бачыць шмат фота Рыгора Барадуліна, але гэты партрэт мне падаецца найлепшым. Аўтар фота журналіст Сяргей Шапран. Я бачыў толькі дзьве ягоныя фатаграфіі: гэтую і здымак з апошніх дзён Васіля Быкава. Абедзьве мяне ўразілі. Абедзьве глыбокія, творча дасканалыя.


Калісьці, можа гадоў 10-15 таму, я прачытаў у газэце заметку чутага, але невядомага мне журналіста Шапрана, які з захапленьнем пісаў пра Ліну Мкртчан і з горыччу зазначаў, што ў Менску яе канцэрт адбыўся пры няпоўнай залі. Тут нічога дзіўнага – мастацтва вялікай хрысьціянскай сьпявачкі было ў той час амаль невядомым для шэраговых людзей. Але пра Шапрана я тады падумаў, што гэта, відаць, культурны і неардынарны чалавек, калі здольны пачуць Ліну Мкртчан.

Я не памыліўся. А компасам была Ліна Мкртчан, яе дзівосны голас і сьпяваньне.

Двух выдатных фатаграфіяў, зробленых С. Шапранам, для мяне цалкам дастаткова, каб сцьвярджаць, што гэты чалавек валодае безумоўным фатаграфічным талентам.

Партрэт Барадуліна добра пабудаваны па кампазыцыі, па колеру, па сьвятлу, па акцэнтаваньні характэрных дэталяў (рука на скроні) і па іншых парамэтрах. Але галоўнае – у яго псыхалягізьме, у настроі, у добрым выяўленьні характэрнай сутнасьці чалавека. Галоўным акцэнтам у гэтым партрэце ёсьць вельмі жывыя і выразныя вочы паэта і рух фігуры, абапертай на руку, што ляжыць на скроні. Гэта найбольш выяўляе настрой задуменнай балеснасьці душы, нейкай нават няўлоўнай дзіцячай безабароннасьці чалавека, якому і 75, і 7 гадоў адначасова. Тут увесь Барадулін, якім я яго ведаю. Тут я чытаю ў ягоным абліччы і вачах неспатоленую любоў і памяць пра маці, якая была для яго духоўнай апорай і культам дабрыні; тут і крыўда за зглумленую Айчыну, і задуменьне (можа, нават разгубленасьць), што так хутка праносяцца леты і дні, і ўжо 75, і трэба сьпяшаць, бо песьні ў душы гучаць – усё, як некалі – і ніхто не сьпяе іх цяпер, акрамя яго.

Рыгор Барадулін валодае імгненным, хуткім гумарам, вясёлым, бурлескным і парадыйным. Але ўнутраны зьмест яго натуры балесны і драматычны, а душа лірычная. Некалі я спрабаваў гэта выявіць у эпіграме, прысьвечанай паэту:

Паэт народнай весялосьці,
Рыгорка, браце наш адзіны,
Як слоўца скажа – усе рагочуць,
А сэрца плача па Радзіме.


Прынамсі гэтыя матывы за радкамі і строфамі адчуваю я ў ягонай паэзіі апошніх 10-15 год і гэта чытаю ў партрэце Шапрана.

Для выявы сутнасьці вобраза фатограф правільна выбраў верхнюю кропку здымкі. Тады чалавек шырока адкрывае вочы, гледзячы ў камэру, і выяўляецца той характэрны, крыху дзіцячы позірк паэта.

Фатаграфія добра асьветлена мяккім бакавым рысуючым сьвятлом. Прытым важная прафэсійная дэталь – рука, якая займае шмат плошчы ў кадры, моцна асьветленая і не прапрацавана ў дэталях (ня бачна тэкстуры пальцаў, скуры і г. д.). Інакш бы яна спрачалася з абліччам, адцягвала б на сябе ўвагу ад вачэй сваім непатрэбным натуралізмам. Па тону і сьвятлу фігура добра ўпісана ў моцна заглушаны, але глыбокі (паветраны) фон. Такім чынам партрэт існуе ў прасторы (якая толькі ўгадваецца, але не фігуруе самастойна).

Гэта колерны партрэт. Чорна-белы варыянт рабіць ня варта – фатаграфія прайграе. Фота добра калярыстычна згарманізаванае. Высакародзтва і драматызм гучаньня яму надае вельмі адпаведны ў гэтай гаме глыбокі аксамітны чырвона-цагельны колер і яго натуральная гарманізацыя з іншай чорна-сіняй тэкстурай адзеньня, з тонам аблічча, з серабрыстымі валасамі і фонам.

Тут усё зроблена прафэсійна правільна і пісьменна. Калі гэта ўсё фатограф выкарыстаў зь веданьнем і сьведама, то яму ж і плюс. Калі ня мае паняцьця і выпадкова “так атрымалася” – таксама плюс, бо гэта сьведчыць пра тое, што я казаў у пачатку – пра талент фатографа, пра інтуітыўнае адчуваньне натуры і фатаграфічнага хараства.

Фатаграфія была зьмешчана на Свабодзе да 75-годдзя Рыгора Барадуліна.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG