Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Добрая фатаграфія – штотыднёвае эсэ пра выбраныя творы беларускага і сусьветнага фотамастацтва.

З фатаграфіямі нямецкага фатографа Аўгуста Зандэра я пазнаёміўся яшчэ ў 60-х гадах. Тады чэска-славацкае фотарэвю “Фатаграфія” надрукавала некалькі ягоных здымкаў, пасьвечаных “Вялікай дэпрэсіі” – сусьветнаму эканамічнаму крызысу пачатку 1930-х гадоў. Гэта былі партрэты. Мяне ўразіла здольнасьць фатографа выявіць дух грамадзкіх абставінаў крызысу праз дакладна падабраныя тыпажы і псыхалёгію вобраза.




Адзін з такіх здымкаў я прапаную тут пад назвай “Беспрацоўны. Крызыс трыццатых.” Трэба сказаць, што людзі і тыпажы на партрэтах Зандэра вельмі выразныя ў абліччах і ў псыхалягічным напаўненьні. Тое ж і ў гэтай ягонай фатаграфіі “Беспрацоўны...” Сам тыпаж ужо гаворыць пра сацыяльнае становішча чалавека.

Пры гэтым Зандэр выбудоўвае выдатную кампазыцыю з глыбіннай пэрспэктывай і падкрэсьленай пустатой вуліцы. Па ўсім відаць, што здымак зроблены камэрай 9х12 (ці 12х18) зь вельмі артыстычна рысуючым аб’ектывам (асабліва ў расфокусаванай частцы выявы). Вельмі прыгожы малюнак аб’ектыва у цэлым па ўсім полі кадра.

Кампазыцыя для раскрыцьця тэмы выбрана дасканала. Пустая гарадзкая вуліца ў цясьніне дамоў зыходзіць па дыяганалі ў нярэзкую пэрспэктыву, а на рагу яе на пярэднім пляне фігура беспрацоўнага, які, зьняўшы капялюш, трымае яго ў руках, скрыжаваўшы рукі на жываце. Ён як бы проста стаіць так сабе, але ў адпаведным месцы (на рагу). У нейкім часе яму ў чарговы раз прыйдзецца перамагчы сваю волю і сорам і, апусьціўшы вочы, моўчкі працягнуць капялюш перад прахожым, што пройдзе наўзбоч.

Увесь гэты сюжэт чытаецца выразна і натуральна. Кампазыцыя выбудаваная і сьведчыць, што заняткі жывапісам і даніна піктарэалізму (супраць якога потым выступіў Зандэр) усё ж не мінула для яго ўпустую. Тут высокая фатаграфічная культура. Натуральнасьць, ідэалёгія і дух здымка трымаюцца найперш на тыпажы і вобразе беспрацоўнага, вельмі дакладна падабранага фатографам.

Аўгуст Зандэр пачаў творча фатаграфаваць з пачатку ХХ стагодзьдзя. Перад Першай Сусьветнай вайной ён адыходзіць ад піктарэалізму і аб’яўляе свой прынцып “аб’ектыўнага рэалізму” ў фатаграфіі. Ён пачаў адлюстроўваць “фатаграфічную рэальнасьць”, рэчаіснасьць – сродкамі фатаграфіі. Зыходзячы з гэтай сваёй эстэтыкі, ён доўга працаваў над тэмай “Грамадзяне ХХ стагоддзя”. Фатограф вырашыў паказаць усе пласты і сацыяльныя групы Нямеччыны ў фатаграфіях іхных прадстаўнікоў. Тут і рабочыя, і настаўнікі, паштавікі і повары, вайскавікі і клеркі і г. д. Фатаграфаваў іх Зандэр гранічна проста і дакумэнтальна, як бы толькі фіксаваў іх прысутнасьць у грамадзтве; часам здымаў у адпаведных абставінах, з атрыбутамі прафэсіі, асабліва не клапоцячыся пра ўстаноўку сьвятла, і, тым больш, сьветлавыя эфекты.

Але гэта толькі на першы погляд здавалася, што Зандэр проста дакумэнтальны фіксатар. Фатограф вельмі дакладна ўмеў падабраць тыпажы і адлюстраваць сутнасьць чалавека. У выніку ён стварыў галерэю людзей нямецкага грамадзтва 20-30-х гадоў такімі, якімі яны былі, прынцыпова без “мастацкага” ўмяшаньня і, тым больш, -- прыхарошваньня. Такая канцэпцыя творчасьці не адпавядала ўстаноўкам фашыстаў. Калі яны захапілі ўладу ў Нямеччыне, то забаранілі выданьні Зандэра і, фактычна, ягоную творчасьць. Сына яго згнаілі ў канцлягеры.

Галоўную працу Зандэра “Грамадзяне дваццатага стагодзьдзя” варта глядзець, аднак, толькі ў комплексе, цалкам, як фотагалерэю. Асобныя фатаграфіі найлепш гучаць і добра зразумелыя разам, ва ўсім сацыяльным радзе падборкі. Некаторыя фота паасобку могуць выклікаць, магчыма, нават пацісканьне плячыма. Трэба бачыць цэласнасьць. Але іншыя ўражваюць дакладнасьцю фатаграфічнага бачаньня і выразнасьцю тыпажа.

Іншыя працы Зандэра, аднак, зробленыя як бы на перакрыжаваньні клясыкі і ягонай “аб’ектыўнай рэальнасьці”. Гэтыя фатаграфіі добра існуюць як самастойныя творы, нават калі і зьнятыя ў кантэксьце сэрыйнай тэмы.

Да такога роду фатаграфіяў якраз і адносіцца здымак “Беспрацоўны...”, які я тут дэманструю і лічу адной зь лепшых прац Зандэра.

Фатаграфія валодае рознымі магчымасьцямі раскрыцьця і адлюстраваньня. Вельмі распаўсюджанымі жанрамі ёсьць рэпартаж, сэрыя, цыкл, галерэя і ўвогуле “тэма”. Фатографы бяруцца за гэтыя жанры ня толькі таму, што тут закладзеныя большыя гарантыі посьпеху, але таксама й таму (часам неўсьвядомлена), што такі падыход (прынцып разгляду) больш зразумелы шырокаму гледачу, не патрабуе ад яго адпаведнага ўзроўню і эстэтычнай падрыхтоўкі. Увогуле, гэта магістральны шлях фатаграфіі.

Але ў гэтым кантэксьце мне найбольш імпануе творчы прынцып тыповага і вобразнага адлюстраваньня, калі ўся зьява выяўляецца ў адной фатаграфіі. Гэта, як кажуць, “вышэйшы пілатаж”. Уся цяжкасьць тут у тым, што ў гэтай сфэры творчасьці стаяць павышаныя эстэтычныя патрабаваньні таксама і для ўспрымальніка мастацтва. Ён павінен быць элемэнтарна падрыхтаваны.

Калі б, скажам, мы паставілі сабе задачу праілюстраваць Вялікую дэпрэсію 30-х гадоў адным фота, то гэты здымак Аўгуста Зандэра (“Беспрацоўны...”) сюды б добра падыходзіў. У ім адчуваецца аўра таго цяжкага часу, дух сацыяльнай бяды, перададзены фотамастаком праз фатаграфічныя сродкі выразнасьці і, перш за ўсё (паўтаруся), -- праз тыпаж, праз уменьне “працаваць” з натурай і кампазыцыяй фотакарціны, якая зроблена (і гэта добра відаць) на перасячэньні піктарэалізму і “аб’ектыўнай рэальнасьці” Зандэра.

Аўгуст Зандэр быў партрэтыстам высокага клясу. Ягоны ўзровень уменьня найлепш відаць якраз на перакрыжаваньні яго эстэтычнай канцэпцыі з клясычнымі набыткамі фатаграфіі, у якіх ён добра арыентаваўся і якімі дасканала валодаў.


Для ілюстрацыі падаем яшчэ адну добрую фатаграфію Зандэра. Гэта “Партрэт ксяндза”, зроблены ў тыповай сэцэсійнай манеры. Тут характэрны белы фон, цёмны спэцыфічны малюнак фігуры, разьмешчанай нетыпова (дзеля стварэньня гэтай сэцэсійнай “лініі” малюнка), дыяганальная кампазыцыя з выразнымі фармальнымі задачамі: невыкарыстаньне рысуючай сьвятлоцені, запаўняючае сьвятло, якое нібы ілюструе адсутнасьць спэцыяльнага асьвятленьня і падкрэсьлівае плоскую дэкаратыўнасьць, якая кампазыцыйна ўраўнаважана (цёмная сутана – цёмная шапачка, сьветлае аблічча – сьветлыя рукі).

Ізноў жа, фота запамінаецца і ўражвае ня толькі сваёй стылёвай кампазыцыяй, але найперш характэрным тыпажом ксяндза (дадам, даволі неадпаведным складзенаму стэрэатыпу). Унутраны стан гэтага вобраза таксама добра чытаецца, выяўляе адкрытага чалавека бяз мэнтарства і касьцельных комплексаў.

Увогуле, на маю думку, эстэтычны ўзровень фатаграфіі як творчай зьявы вызначаецца па ўзроўню партрэта. Не рэпартаж, які лічыцца “хлебам фатаграфіі”, а менавіта партрэт вызначае мастацкую якасьць і ідэалёгію фатаграфіі. Гэта ня трэба разумець, што жанр партрэта тут галоўны. (Без рэпартажу фатаграфія мёртвая.) Але эстэтычная функцыя партрэтнай фатаграфіі як найбольш набліжаная да ўнутранага сьвету і вобраза асобы, вельмі высокая. Працы майстраў сусьветнай партрэтнай фатаграфіі гэта якраз пацьвярджаюць.

(“Партрэт ксяндза” перазьняты з фотаальбома August Sander Seeing, Observing and Thinking Photographs. – Paris, London, New York, 2009. Фота “Беспрацоўны. Крызіс трыццатых” шырока прадстаўлена ў вольным Сеціве.)

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG