Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Добрая фатаграфія – штотыднёвае эсэ пра выбраныя творы беларускага і сусьветнага фотамастацтва.

Прапаную паглядзець дзьве фатаграфіі французкага фатографа Анры Карцье-Брэссона, тэматычна зьвязаныя адным паняцьцем – “натоўп”, альбо грамада людзей. Гэта добрыя фатаграфіі.

Першае фота зьнятае ў 1954 годзе на ВДНГ у Маскве і называецца “Савецкі Саюз. Масква. 1954.” Другое – зьнятае ў 1948 годзе ў Шанхаі (Кітай) і называецца “Апошні дзень раздачы золата гаміньданаўцам. Шанхай. 1948.”


Калі я паказваў першую фатаграфію недасьведчаным людзям і задаваў пытаньне, што гэта за грамадзтва, адказ быў такі: “Гэта нешта таталітарнае і злое”. Адказ, як кажуць, ляжыць на паверхні, дастаткова глянуць на фота. Але трэба ўлічыць, што тыя, што жылі ўнутры гэтага грамадзтва, ня мелі такога вострага адчуваньня. Абставіны былі штодзённыя, для шмат каго прывычныя, успрыняцьце і рэакцыі прытупленыя.

Таму фатаграфіяў такога роду, зробленых савецкімі фатографамі, практычна, не існуе. Трэба было прыехаць зь іншых абставінаў, зь іншага жыцьця, каб прывычная савецкая рэчаіснасьць, адлюстраваная ў фатаграфіі, стала адкрыцьцём для самых “падсавецкіх людзей”.

Такім чалавекам са сьвежым вокам зь “іншага сьвету” стаўся якраз Карцье-Брэссон. І сапраўды, хочаш даведацца, што такое Савецкі Саюз, паглядзі на гэтую фатаграфію. Тут усё ягонае грамадзтва, толькі не 150 мільёнаў, а 15 тысяч, квінтэсэнцыя. Адпаведна, усё у канцэптуальным і канцэнтраваным вобразе.

Савецкія афіцыёзныя мастакі любілі пісаць такога кшталту станкавыя карціны, рабіць манумэнтальныя роспісы, дзе паказвалі гэтакае ўвасабленьне палітідэалёгіі камунізму – “вялікі савецкі народ” – гэтакі мажорны натоўп, які некуды імкнецца ў праменьнях камуністычнага сонца. Такое было мастацтва ў СССР.

На фатаграфіі Карцье-Брэссона фантомны роспіс савецкага мастацтва спушчаны ў рэчаіснасьць.

Ізноў жа, зыходзячы з канцэпцыі нашай тэмы і правіла “аднаго кадра”, калі задаць тэму “Савецкі Саюз” і выявіць яе ў адным кадры, то фота Карцье-Брэссона якраз і адпавядае выкананьню такой задачы. Савецкі Саюз тут, як на далоні – злая маса малога “інтэрнацыянала”. Зьвернем увагу, як “рацыянальна” разьмешчаныя ў натоўпе “вайсковыя шапкі” і які выгляд у тых “ваенных”, што на пярэднім пляне (якраз як у фінінспэктара з фатаграфіі Шайхета). Тут што ні аблічча, то вобраз, характэрны савецкі тыпаж, злосны і падазроны. Пад гэтую карціну трэба б толькі падключыць яшчэ фанаграму “Я другой такой страны не знаю, где так вольно дышит человек”. Тады, відаць, успрыняцьце вобразу і абсурду было б найлепшым.

Глянуўшы на другую фатаграфію Карцье-Брэссона, таксама паспрабуем адказаць на пытаньне: “Што гэта такое?” Звычайна адказ быў такі: “Гэта нешта нізкае”. І яшчэ: “Калі даць гэтым людзям нешта матэрыяльнае, дык яны пойдуць па галовах”.

У прынцыпе, адказ амаль дакладны, але патрабуе разваг. Гісторыя гэтай фатаграфіі такая. Ход грамадзянскай вайны ў Кітаі паказваў, што камуністы пяроймуць уладу над краінай. У сьнежні 1948 года часопіс ”Лайф” накіраваў Карцье-Брэссона ў Кітай зрабіць здымкі пра тое, як будзе адбывацца пераход улады да камуністаў. У гэты час (у значнай ступені, дзякуючы камуністычнай прапагандзе) у Кітаі рэзка ўпала каштоўнасьць папяровых грошай, пачалася бурная інфляцыя. І тады партыя Гаміньдан прыняла беспрэцэдэнтнае (кітайскае) рашэньне: разьмеркаваць залаты запас грошай паміж людзьмі. Кожнаму павінны былі выдаць па 40 грамаў золата. Пачалося “стаўпатварэньне” каля банкаў. Тысячы людзей перад уваходам у банкі сьціскаліся ў адну масу. Паліцыя нічога не рабіла. У выніку дзесяць чалавек былі задушаныя насьмерць. Карцье-Брэссон сфатаграфаваў якраз натоўп у чарзе каля аднаго з банкаў у апошні дзень выдачы золата. Здымак так і называецца “Апошні дзень раздачы золата Гаміньданам. Шанхай, 1948 г.”

Як і першае фота, гэта здымак рэпартажны. Фатографу трэба было ўбачыць і сфатаграфаваць (што Карцье-Брэссон і зрабіў). Уражаньне ад фатаграфіі вельмі цяжкае. Першая думка (як і ў папярэднім здымку), што нельга даводзіць людзей да такога стану, калі яны трацяць воблік чалавечы.

Камунізм для мяне асацыюецца з чаргой, са сьціснутым натоўпам. Я ўбачыў яго з першых гадоў сьвядомага жыцьця (канец 40-х – пачатак 50-х), як ён толькі прыйшоў на нашу зямлю (у Віленшчыну). Прывозілі бочку з сьмярдзючай камсой, і нашыя прыгожыя, харошыя людзі вымушаныя былі душыцца ў чарзе, каб купіць гэтай дрэні.

Кітайцы на здымку ў здушаным натоўпе выклікаюць шкадаваньне і дыскамфорт у душы ад сузіраньня, як прыніжаюць людзей. Натоўп саветаў на першым фота выклікае пачуцьцё бясьсільля і жах.

Мне ўжо прыходзілася разважаць пра фэномэн біялягічнай прасторы чалавека і сувязь яго з этнічным, культурным і сацыяльным чыньнікамі. Пасьля назіраньняў прыходзіш да думкі, што кожны этнас мае свой маштаб індывідуальнай прасторы. У Злучаных Штатах, напрыклад, якая б ні была чарга, скажам, да паштовага ваконца, ці каля касы, ці на прыпынку аўтобуса, людзі стаяць так, што не датыкаюцца адзін да аднаго. Ніхто ні пры якіх абставінах не забягае наперад (такое не прыходзіць нават у галаву). За 15 гадоў я такога ні разу ня бачыў. Прытым каля ваконца (прылаўка, касы) можаш быць столькі, колькі табе неабходна, пакуль не залагодзіш сваю справу. Ніхто ніколі ня выкажа нецярпеньня. Калі ж ты незнарок рукой ці пальцам дакрануўся да каго і не пасьпеў хутка некалькі разоў сказаць сваё “соры” (і пры гэтым усьміхнуцца), той адварочваецца і зьдзіўлена-запытальна пазірае на цябе. Яго цікавіць, што каму ад яго трэба.

У Савецкім Саюзе было ўсё інакш. Вось дзесьці у Пухавічах ці Ліпнішках адчыняюць дзьверы сельскага аўтобуса. Чалавек 15-20 пасажыраў (усе зь білетамі) згрудзіліся ў адну чалавека-масу так шчыльна, што ніхто ня ў стане зайсьці ў аўтобус. Потым хтосьці прарываецца... ну, і гэтак далей. Тым часам побач, на Віленшчыне каля Вільні такога не было. Культура? Магчыма. У Варшаве, напрыклад, людзі ў грамадзкіх месцах, у транспарце, на вуліцы, у мэтро паводзяць сябе прыстойна, ніхто ня цісьнецца, не штурхаецца. Але вось гадоў 10 таму вялікая ўнівэрсальная крама аб’яўляе, што “такога, маўляў, дня” будзе прадаваць радыёапаратуру (у асноўным, старыя магнітафоны і “транзыстары”) па цэнах, заніжаных у некалькі разоў. У 6 гадзін раніцы прызначанага дня каля ўваходу ў краму згрудзілася тысячы людзей. Калі адчынілі дзьверы, пакупнікі зьмялі ўсё: і паліцыю, і загарадкі, высадзілі дзьверы і вітрыны і беглі да прылаўкаў, як мангольская коньніца ў стэпе... (пра гэта паказалі нават тэлерэпартаж).

А культурныя ж людзі. І навошта ім тыя “транзістары” ці састарэлыя магнітафоны?! Ды і прадавалі ўсяго некалькі дзесяткаў адзінак. Не было там Карцье-Брэссона, а то ўзбагаціліся б мы фатаграфіяй, накшталт ”раздачы золата Гаміньданам”.

Тут, праўда, мы маем справу з псіхалягічным фэнамэнам, які ў народзе называецца “халява”. Пра гэта асобая размова. Таму вернемся ўсё ж да чаргі. Відавочна, што існуе біялагічная прастора (тэрыторыя) індывідуума. Відаць, што яна розная ў розных этнасаў. Несумненна, што ўсё гэта зьвязана з культурай і соцыюмам. І кожная аснова мае значэньне.

Аднак тут відавочнае і тое, што гэты інстынкт этнасоцыакультурнай прасторы чалавека (індывідуума) вельмі крохкі. Існуюць мэханізмы, якія часова на пэўны момант могуць амаль цалкам зламаць культурную аснову чалавека, ператварыць на імгненьне грамадзтва ў чараду, а чалавека ў асобіну чарады, вызваліць жывёльныя інстынкты.

Часам такое здараецца ад зьбегу абставінаў, ад “тэхналягічных” памылак арганізатараў (прыклад з Гаміньданам), ад антычалавечай палітыкі (СССР), і найгорш, што тое становіцца справай маніпулятараў і правакацыйных задум. Зло распрацавала цэлую сыстэму тэхналёгіяў нішчэньня чалавечай свабоды, асобы, нацыі і грамадзтва.

Гэтая размова, аднак, ужо выходзіць далёка за рамкі нашай тэмы. Але прысутнасьць тут такіх разваг зыходзіць з усьведамленьня адэкватнасьці ўспрыняцьця мастацтва.

Жудасная чарга, што на здымку фатографа, -- гэта ня ёсьць выключна кітайская зьява і не аблічча партыі Гаміньдан. Мы, беларусы, эўрапейцы, у падобных сытуацыях выглядаем гэтак сама, і яшчэ горай. Фатаграфія выклікае супярэчлівыя рэфлексіі, але засяродзіцца варта на пачуцьці сораму, які яна выклікае (бо праекцыя на сябе) і на жалю да гэтых людзей.

Грамадзтва, улада, дзяржава не павінны апускацца да самапрыніжэньня чалавека, нават дбаючы пра яго дабрабыт.

У заключэньне некалькі слоў пра аўтара здымкаў. Анры Карцье-Брэссон добра вядомы ў Эўропе і ў сьвеце фатограф. Ён пражыў доўгае жыцьцё (1908-2004), але пік ягонай творчасьці прыходзіцца якраз на ягоную сярэдзіну. У гісторыю фатаграфіі ён увайшоў ня толькі сваёй творчасьцю, але і тым, што ён, фактычна, першы засвоіў кінастужку ў творчай і рэпартажнай фатаграфіі, прыстасаваўшы да гэтага камэру “Лейка”. (Нагадаю, што спачатку “Лейка” была створана ў якасьці экспаномэтра пры кіназдымках. Яна не прызначалася для творчай фота-працы. Пазьней Лейка стала культавай камэрай у рэпартажнай фатаграфіі).

Другая адметнасьць Карцье-Брэссона – гэта тое, што ён выпрацаваў асаблівую індывідуальную манеру рэпартажнай здымкі вузкастужкавай мабільнай камэрай. Калі адным словам – гэта спосаб непрыкметнага падгляду, ці непрыкметнай прысутнасьці.

І трэцяе – гэта сама асаблівасьць яго творчасьці. Карцье-Брэссон валодаў прыроджанай фатаграфічнай інтуіцыяй. Працуючы найбольш у галіне жанру, ён умеў прадбачыць разьвіцьцё падзеяў і сцэн, і трапляў зрабіць здымак у самы характэрны момант (прынцып “адпаведнага кадра”).

Здымаючы ў асноўным на вуліцы, Карцье-Брэссон нарабіў шмат цікавых і дасьціпных здымкаў, рызыкуючы ўтапіцца ў дробнатэм’і, але часам яго востры зрок і просьценькая камэра выдавалі сапраўдныя адкрыцьці і творчыя дасягненьні.

Карцье-Брэссон быў, бадай, ці ні адзіным фатографам з Захаду, якога ўспрымалі і друкавалі ў Савецкім Саюзе (відаць, з-за ўвагі да сацыяльнай тэмы). На Захадзе яго імя таксама моцна разрэклямавана як выдатнага рэпартажнага фатографа.

(Здымак “Савецкі Саюз. Масква. 1954” узяты з Сеціва, дзе ён вольна разьмешчаны. Фота “Апошні дзень раздачы золата Гаміньданам. Шанхай, 1948” перазьняты з фотаальбома: Peter Galossi, Henri Cartier-Bresson. The Modern Century. – New York, 2010.)

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG