Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адразу тлумачу (фота 1). Дзядзькі, якія цалуюцца на гэтым фота, не гомасэксуалісты. Гэта вышэйшыя дзяржаўныя асобы: прэм’ер-міністар Расеі В. Чарнамырдзін і прэм’ер-міністар Беларусі В. Кебіч ва ўрадавай машыне ў 1994 годзе ў час прыезду Чарнамырдзіна ў Менск і пасьля моцнага ўжываньня алькагольных напояў гэтак во захоўваюцца. Уласна кажучы, камэнтаваць тут асабліва няма чаго – як кажуць, “всё по-русски”.

Калі ацэньваць гэтае фота па разраду “папарацы”, то яно – найвышэйшая скандальная кляса. Фота, зробленае выдатным беларускім фотарэпарцёрам Сяргеем Грыцам, было надрукавана ў газэце “Свабода” (рэдактар – дэпутат Апазыцыі БНФ у ВС 12-га скліканьня Ігар Гермянчук). На маю думку, яно ўскосна спрыяла паражэньню Кебіча ў прэзыдэнцкіх выбарах 1994 году.

Кебіча вінавацілі і не любілі. Але пасьля гэтага здымка зь яго сталі сьмяяцца. Добра вядома, што беларусы народ сур’ёзны, але з гумарам, і калі яны што любяць – дык гэта каб пасьмяяцца. І бывае, што таму, з каго сьмяюцца – канец. Даруюць, калі нап’ецца, але не даруюць, калі, напіўшыся, зганьбіцца (казалі, што спадар Кебіч аднойчы перабраў меру так, што калі выносілі з самалёта, траха не згубіў порткі і людзі пра гэта даведаліся). Як казаў адзін з пэрсанажаў Рэмарка, “джэнтэльмэн – гэта той, хто застаецца прыстойным, калі наліжацца”.

Кебічу фатальна не пашанцавала зь яго “братской любовью к Росии”. Але неўзабаве гісторыя пад назвай “Лубянка” знайшла іншага “любіцеля” Масквы, сюжэт зь якім мы бачым на другой фатаграфіі (фота 2).

фота 2

Гэты здымак зроблены вясной 1994 году ў Цэнтральнай Выбарчай Камісіі ў час зацьвярджэньня кандыдатур на выбары прэзыдэнта. Мяркуючы па стылю, аўтарам яго, магчыма, таксама ёсьць Сяргей Грыц. Але я не магу сьцьвярджаць гэта пэўна (здымак узяты з Сеціва, аўтарства не пазначана).

Гэтае фота – цэлая жанрава-палітычная навэла. Па характару адлюстраваньня сюжэту яна блізкая да фота з эсэ №3 нашай тэмы (“Лукашызм альбо цёмнае царства”).

Толькі што аб’вясьцілі рэгістрацыю прэм’ера Кебіча як кандыдата ў прэзыдэнты. Ягонае асяродзьдзе пачало яго віншаваць. Падыходзіць Лукашэнка, згінаецца і віншуе Кебіча, цягнецца да яго рукі. Кебіч вальяжна адкінуўся, манерна схіліў галоўку і, падумаўшы, гэтак плашмя, не ўстаючы з крэсла, працягнуў віншавальніку чатыры пальцы (у мяне мільганула нават гумарыстычная думка, што Лукашэнка зараз пацалуе яго руку, – такі ў яго быў пакорны выгляд і так Кебіч гэтую сваю руку падаў).

Акурат гэты момант схапіў фотарэпартэр. Зроблена дакладна: ні сэкундай раней, ні сэкундай пазьней. Побач кіраўнік камуністычнай партыі Новікаў з гэткай біялягічнай цікаўнасьцю пазірае на нахіленага віншавальніка.

Гэтая фотасатыра – не кур’ёз, але адлюстраваньне рэальнага становішча. Лубянка разам з мясцовым КГБ на тых выбарах абдурыла Кебіча, як школьніка. А што датычыць сытуацыі (якая вымкнулася і на гэтай фатаграфіі), то пазьней у сваіх успамінах Кебіч напіша, што агульнай перамогай яго і Лукашэнкі на выбарах стала тое, што яны разам выступілі як саюзьнікі і не дапусьцілі да ўлады Пазьняка. “Чей вклад в общую победу над кандидатами БНФ, мой или Александра Лукашенко, oказался весомее, пусть рассудит время”, – цынічна падводзіць вынік Кебіч. І, фактычна, так яно і было. (Без ролі “Гіндэнбурга” і тут не абышлося, толькі ўжо ў манеры фарсу.)

Што датычыць выдатнага здымка, то фатаграфічная праўда, як бачым, ізноў сказала сваё фатаграфічнае слова.

На жаль, фота, якое тут экспануецца, ёсьць невысокай якасьці. Гэта рэпрадукцыя з паліграфічнага (газэтнага) выданьня. Здымак ёсьць таксама ў вольным Сеціве.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG