Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стэфан Эрыксан: «Мяне глыбока закранула, як беларусы разьвітваліся з Быкавым»


Былы амбасадар Каралеўства Швэцыя ў Рэспубліцы Беларусь, перакладчык твораў Васіля Быкава на швэдзкую мову Стэфан Эрыксан прыгадвае, як паўплывала на яго відэа з пахаваньня народнага пісьменьніка ў Менску дзесяць гадоў таму.

«Вы ведаеце, я, на жаль, канечне, не прачытаў усе творы Васіля Быкава. Але для мяне ў яго спадчыне больш блізкае тое, што я чытаў і што я перакладаў, а гэта яго позьнія творы. Найперш апавяданьне „Сьцяна“.

Стэфан Эрыксан

Стэфан Эрыксан

Чэрвень з Быкавым


Васіль Быкаў. Доўгая дарога дадому (Аўдыёкніга)

«Быкаў на Свабодзе» (PDF)
Я разумею, канечне, што ў Быкава ёсьць шмат іншага, што вельмі важнае для беларусаў, і ня толькі беларусаў. І, мабыць, насамрэч — гэта ўсё ягонае жыцьцё. Як яно склалася і нейкім чынам зьяўляецца ягоным лёсам. Вельмі няпросты лёс. Перажыў вайну, перажыў цяжкія часы, у канцы жыцьця глыбока перажываў за Радзіму. Я думаю, што, мабыць, у гэтым якраз тое, што варта ўспомніць.

Канечне, там усе яго кнігі, усе яго творы. Я ўпэўнены, што наступныя пакаленьні беларусаў будуць чытаць. Я спадзяюся, што і па-за межамі Беларусі яго творы знойдуць чытачоў.

Я вельмі добра помню ўражаньні, якія меў, калі толькі прыехаў у Беларусь і паглядзеў відэа зь яго пахаваньня. На жаль, я прыехаў у 2005 годзе, ужо пасьля яго сьмерці. Але паглядзеў, як беларусы разьвітваліся з Быкавым, і зразумеў, што гэта было нешта такое асаблівае, нешта такое ўнікальнае для Беларусі, што разьвітваліся з цэлай эпохай. І гэта глыбока мяне закранула, сапраўды».
XS
SM
MD
LG