Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Журналістка Алена Шалаева — пра сваё адкрыцьцё Васіля Быкава.

«Васіль Быкаў адкрыўся мне аповесьцю «Знак бяды», якую чыталі ў школе. Раптам такая балючая праўда, ад якой не схавацца, дый хавацца ня хочацца, а наадварот — патрэбна яшчэ болей і болей, як чыстага паветра. І так да сьлёз было шкада гэтых старых, і так прыкра ад нейкага незразумелага бясьсільля, ад таго, што сьвет такі…

Алена Шалаева

Алена Шалаева

Чэрвень з Быкавым


Васіль Быкаў. Доўгая дарога дадому (Аўдыёкніга)

«Быкаў на Свабодзе» (PDF)
Хацелася чытаць яшчэ і яшчэ, спадзеючыся, што нарэшце трапіцца гісторыя, дзе, як кажуць, «нашы перамогуць». Але справа ў тым, што часам было зусім незразумела, хто з герояў — свой, хто чужы. На паверхню з самай глыбіні душы выходзіла сутнасьць чалавека, пра якую ніколі б не здагадаўся, не піхай ён машыну ў брудзе, едучы на ўласны расстрэл.

Я думаю, што ўся моц твораў Васіля Быкава якраз у гэтай шматграннасьці — паказаць чалавека знутры і ўсё тое, што ўплывае на яго звонку. У яго творах мы знаходзім тое, у чым чалавеку сорамна прызнацца нават самому сабе. Адсюль і выбар Сушчэні, і гэтае спрадвечнае беларускае «мабыць, так і трэба», якое супакойвала Шостака — рэчы, якія прымушаюць зусім па-іншаму глядзець на гісторыю, на сьвет і чалавека.

На філфаку выкладчыца беларускай літаратуры прыносіла нам апошнія апавяданьні Быкава, якія былі надрукаваныя толькі ў часопісе, і мы чыталі, перадаючы адзін аднаму. «Пакахай мяне, салдацік» і «Ваўчыная яма» — зноў як моцны глыток сьвежага паветра.

Васіля Быкава я бачыла толькі аднойчы — на пахавальнай цырымоніі. У той час думалася, што ў яго быў асобны жыцьцёвы шлях: столькі ўсяго прыйшлося перажыць, але творы зьяўляліся, і ніхто ня мог гэтаму перашкодзіць. А па колькасьці людзей, што прыйшлі зь ім разьвітацца, можна меркаваць, што ўвесь гэты плён проста неабходны беларусам і ня пройдзе дарма.

Для мяне Васіль Быкаў — гэта чалавек-мудрасьць, які, здаецца, бачыў людзей наскрозь, бачыў гісторыю нібы з вышыні, меў здольнасьць разумець у самыя складаныя часы, што адбываецца з чалавекам.

Меў здольнасьць лёсам сваіх герояў паказаць і прадказаць — прасыгналіць «Маленькай чырвонай кветачкай». Галоўнае — і самае цяжкае — каб мы гэта маглі зразумець.

Большасьць твораў Васіля Ўладзімеравіча — пра вайну. І хоць моцныя характары па-ранейшаму могуць захапіць сучасьніка, апантанага інтэрнэтам, кароткімі тэкстамі ды яркімі фатаздымкамі, але ўсё ж вайна — гэта ўжо гісторыя. Я думала так, пакуль неяк сябар, які ўвесь час — з электроннай чыталкай, запытаўся, як мне быкаўскае «Балота». І вось тут я зразумела, што нічога нікуды не зьнікае, што ўсё працягваецца, Быкаў жыве.
XS
SM
MD
LG