Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Джым Дынглі: «Быкаў раскрыў, што гэта значыць — быць беларусам»


Прафэсар Лёнданскага ўнівэрсытэту знаны ангельскі беларусіст Джым Дынглі — пра сваё адкрыцьцё Васіля Быкава.

«Мая першая сустрэча з Васілём Быкавым, зразумела, была зь ягонымі творамі, якія я пачаў чытаць у канцы шасьцідзясятых — сямідзясятых гадах. Я павінен прызнацца, што ў той час я ня вельмі зразумеў, у чым ягоная веліч і ў чым веліч ягоных твораў.
Джым Дынглі

Джым Дынглі


Другая сустрэча з творамі, але першая сустрэча з самім пісьменьнікам, адбылася ў Лёндане дзесьці, калі я добра памятаю, у пачатку васьмідзясятых гадоў, калі ён быў у складзе дэлегацыі ад Саюзу пісьменьнікаў СССР. Я здолеў выратаваць яго, калі можна так сказаць, ад гэтай дэлегацыі і прывесьці яго ў Беларускі цэнтар у паўночным Лёндане. Мы змаглі пагаварыць. І я пачаў паволі разумець, у чым мая праблема. А яна ў тым, што я недастаткова яшчэ вывучаў беларускую мову, беларускую літаратуру, увогуле беларускую культуру і беларускі мэнталітэт, каб зразумець. Для мяне гэтая сустрэча з самім пісьменьнікам была адначасова і адкрыцьцём беларускай культуры.

Другі раз я сустрэўся зь пісьменьнікам у Менску на пачатку 90-х на кангрэсе Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў. З гэтага мае кантакты з Быкавым пачаліся больш-менш стала.

Я павінен сказаць, што я заўсёды перачытваю творы Быкава і ўсё больш бачу сэнс для мяне іншай літаратуры. У нас у Ангельшчыне, а можа на Захадзе ў цэлым, няма такой літаратуры пра Другую ўсясьветную вайну, дзе такія пытаньні ўзьнікаюць. Напрыклад, пытаньне маралі чалавечых паводзін, як чалавек павінен паводзіць сябе ў такіх крайніх сытуацыях.

Яшчэ для мяне будуць адкрыцьці, бо я не чытаў усёй ягонай неваеннай прозы. Цяпер я чытаю — і зноў адкрыцьцё іншага Быкава.

Так што я думаю, што для мяне значэньне гэтага пісьменьніка — што ён мне асабіста раскрыў мэнталітэт сапраўднага беларускага чалавека і што гэта значыць — быць беларусам. І, у сваю чаргу, я сам сабе задаю пытаньне — хто я? І гэта ўсё дзякуючы творам Быкава».

Чэрвень з Быкавым


Васіль Быкаў. Доўгая дарога дадому (Аўдыёкніга)

«Быкаў на Свабодзе» (PDF)
XS
SM
MD
LG