Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Павал Севярынец: «Кнігі Быкава належаць да нацыянальнай ідэі»


Пра творчую спадчыну Васіля Быкава гаворыць палітык Павал Севярынец, які за свае перакананьні адбывае цяпер пакараньне на прымусовых працах.

«На мой погляд, са спадчыны Быкава найбольш важныя ягоныя клясычныя аповесьці пра вайну.

Справа ня толькі ў тым, што ў памяці беларусаў гэтыя падзеі пакінулі такі незьнішчальны сьлед. І справа ня ў тым, што гэта ўпісваецца ў такі агульнапрыняты канон: вось беларусы — гэта апошняя вайна і партызанка. Справа ў тым, што Васіль Быкаў сваёй прозай кожнага разу абазначае тую вайну, якая ідзе ў беларусаў са сьветам і ўнутры сябе: вайну праўды з хлусьнёй, вайну страху зь верай, з надзеяй, абазначае маральны выбар, які востра паўстае перад кожным з нас фактычна кожны дзень і, можа, нават кожную хвіліну.
Павал Севярынец

Павал Севярынец


У адлюстраваньні гэтай вайны, маральнай вайны, у адлюстраваньні вось гэтага самага маральнага выбару, на мой погляд, Васіль Быкаў застаецца ў беларускай літаратуры непераўзыдзеным. У эўрапейскай літаратуры ён стаіць упоравень з такімі гігантамі, як Рэмарк альбо Хэмінгуэй. Гэта — песьняры праўды, людзі, якія ўводзяць праўду, нягледзячы на грамадзкія стэрэатыпы альбо нават таталітарны лад, які панаваў у Савецкім Саюзе. Тое, што Васіль Быкаў давёў гэтую праўду, прабіваючыся праз савецкую цэнзуру, савецкую фальш, савецкае бязбожжа, — гэта проста подзьвіг само па сабе.

Вельмі каштоўна ў Быкава тое, што беларусы пазнаюць сябе. Вось калі чытаеш „Жураўліны крык“, альбо „Сотнікава“, альбо „Пайсьці і не вярнуцца“, альбо „Дажыць да сьвітаньня“ — там на кожнай старонцы Беларусь. Рэдка ў каго з празаікаў можна беспамылкова вызначыць, што гэта — пра Беларусь, гэта — пра беларусаў, ад краявідаў пачынаючы і завяршаючы сэрцамі. У быкаўскіх клясычных апавяданьнях (на мой погляд, лепшыя зь іх — гэта вось якраз пералічаныя) беларусы пазнаюць самі сябе.

Таму кнігі Быкава і найлепшыя ягоныя аповесьці шасьцідзясятых-сямідзясятых гадоў належаць да нацыянальнай ідэі».

Чэрвень з Быкавым


Васіль Быкаў. Доўгая дарога дадому (Аўдыёкніга)

«Быкаў на Свабодзе» (PDF)
XS
SM
MD
LG