Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алег Трусаў: «Бяз Быкава не было б Беларускага Народнага Фронту»


Пра Быкава-палітыка гаворыць гісторык і грамадзка-палітычны дзеяч Алег Трусаў.

«Я хачу расказаць пра Васіля Быкава як пра аднаго з самых вядомых беларускіх палітыкаў другой паловы дваццатага стагодзьдзя.

Справа ў тым, што першы раз ён стаў палітыкам у часы перабудовы, калі, будучы беспартыйным, але Героем Сацыялістычнай Працы, быў абраны дэпутатам Вярхоўнага Савету СССР. І вось яны разам з другім дэпутатам-беларусам, вядомым пісьменьнікам Алесем Адамовічам, зрабілі ўсё магчымае і немагчымае, каб і ў БССР перабудова пачала дзейнічаць. І дзякуючы ім зьявіліся ўнікальныя публікацыі ў часопісе «Огонёк», іншых саюзных выданьнях. І крылатае выслоўе пра Беларусь як Вандэю перабудовы, выказанае Адамовічам і падтрыманае Быкавым, адыграла вялікую ролю ў Беларусі, і дэмакратычныя сілы стварылі Беларускі Народны Фронт менавіта дзякуючы Васілю Быкаву.

Алег Трусаў

Алег Трусаў

Мне пашанцавала ўдзельнічаць у стварэньні БНФ 19 кастрычніка 1988 году, і ўсё гэта было на маіх вачах. Калі сытуацыя была крытычная і калі вядоўцу сходу Міхася Дубянецкага прадстаўнікі ЦК КПБ фактычна адштурхнулі ад мікрафона, выйшаў Быкаў, рэзкім такім рухам адштурхнуў прадстаўніка ЦК КПБ і правёў гэты ўстаноўчы сход да канца.

Ну, а потым, калі ўжо аргкамітэт у складзе трыццаці пяці чалавек быў створаны, мяне сябры Быкава запрасілі да яго на кватэру. Васіль Уладзімеравіч сказаў мне: «Алег, тут такая сытуацыя, што трэба, каб ты кіраўніком вылучыў спадара Васіля Якавенку. І, калі ласка, лішніх пытаньняў мне не задавай».

Я так і зрабіў. І на першым паседжаньні аргкамітэту старшынёй быў абраны камуніст, вядомы абаронца беларускага Палесься, змагар з чарнобыльскай навалай Васіль Якавенка. І, магчыма, гэта адыграла сваю ролю, бо спачатку прадстаўнікі так званай Вандэі не зусім зразумелі, які аргкамітэт якога фронту створаны. І толькі вясной дзесьці ў сакавіку ўжо кіраўніком быў абраны Зянон Пазьняк.

Так што Быкаў быў палітыкам-стратэгам. Ну, і першая партыя, у якую ён уступіў і быў у яе кіраўніцтве, — гэта была партыя БНФ, якая нядаўна адзначала 20-я ўгодкі.

На ўсіх пасяджэньнях Сойму БНФ мне даводзілася побач сядзець і з Барадуліным, і з Быкавым. Быкаў выказваў надзвычай разумныя прапановы. На жаль, не заўжды яго слухаліся.

І каб Васіль Уладзімеравіч пагадзіўся выставіць сваю кандыдатуру ў 1994 годзе ў якасьці кандыдата ў прэзыдэнты, магчыма, лёс нашай гісторыі быў бы зусім іншы. Але па розных абставінах ён гэтага не зрабіў. Можна было і зразумець, чаму. Ну, і мы маем тое, што маем».

Чэрвень з Быкавым


Васіль Быкаў. Доўгая дарога дадому (Аўдыёкніга)

«Быкаў на Свабодзе» (PDF)

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG