Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віка Трэнас: Быкава нават самыя няўрымсьлівыя не наважваюцца «скінуць з парахода сучаснасьці»


Васіль Быкаў — пісьменьнік, якога нават самыя маладыя, надзвычай няўрымсьлівыя і найбольш прагрэсіўныя прадстаўнікі найноўшай літаратуры не наважваюцца «скінуць з парахода сучаснасьці». Бо ён актуальны. Ён — тут і цяпер. Ягонае імя выклікае трапятлівую павагу.

Віка Трэнас

Віка Трэнас

Чэрвень з Быкавым


Васіль Быкаў. Доўгая дарога дадому (Аўдыёкніга)

«Быкаў на Свабодзе» (PDF)
І якія б вялікія перамены ні здараліся ў навакольным жыцьці, якія б формы яно ні прымала і куды б ні рушыў, сышоўшы раптам са звыклай каляіны, той ці іншы сацыяльны або культурны лад — гнуткасьць розуму, моц чалавечага духу і чуйнасьць душы — гэта тое, што не купляецца, не прадаецца і ніколі ня страціць сваёй каштоўнасьці.

Не памылюся, калі скажу, што для многіх Васіль Быкаў — прыклад прафэсійнай і асабістай годнасьці. Прычым як пісьменьнік і як асоба ён уяўляецца цэласным, маналітным. І калі гавораць, што геній можа дазволіць сабе многае, што за бесьсьмяротныя творы яму даравальныя часам і асацыяльнасьць, і амаральнасьць, і адарванасьць ад рэчаіснасьці — Васіль Быкаў супраць. Прынцыпова ён вызначыў тэзу пра тое, што сапраўдны пісьменьнік павінен быць сапраўдным ва ўсім: праўда, простасьць, сумленьне становяцца яго спадарожнікамі пры любых, нават самых цяжкіх абставінах, на паперы і ў рэальным жыцьці.

Што азначае быць чалавекам па-за якой-кольвек сыстэмай? А творцам, які ў імкненьні да справядлівасьці гатовы супрацьпаставіць сябе ёй? І ці кожны, няхай сабе вельмі таленавіты пісьменьнік, можа вытрываць несупадзеньне свайго мысьленчага фармату з ідэалягічнымі ўстаноўкамі эпохі?

На многія няпростыя пытаньні адказаў дальнабачны і мудры Васіль Уладзімеравіч. Дзе не адказаў — там паставіў новыя, балючыя і невырашальныя, каб наступныя пакаленьні мелі шанец пазмагацца за лепшае для сябе і сваёй зямлі жыцьцё.

Калі дзесяць гадоў таму Васіля Быкава ня стала — здавалася, Беларусь асірацела і гатовая страціць тыя маральна-этычныя арыенціры, якімі Васіль Уладзімеравіч кіраваўся сам і на якія паказваў іншым. Сваімі аповесьцямі. Сваімі ўчынкамі. Сваім нясьцерпна цяжкім лёсам. Сваёй доўгай дарогай дадому.
XS
SM
MD
LG