Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргей Законьнікаў: «Галоўнае ў Быкава — праўда, ісьціна і выбар»


Пра актуальнасьць твораў Васіля Быкава разважае ягоны зямляк, паэт Сяргей Законьнікаў.

«Васіль Быкаў падкрэсьліваў, што лёс кожнай кнігі залежыць ад таго, колькі ў ёй закладзена ад праўды народнага жыцьця. Яго творчасьць мае выразна беларускія нацыянальныя карані, аблічча, душу, і разам з тым сваёй духоўнай напоўненасьцю, маральным максымалізмам і актыўным гуманізмам яна ўліваецца ў плынь агульначалавечай літаратуры і культуры.

Сяргей Законьнікаў

Сяргей Законьнікаў

Мне, чалавеку, які вырас на Ўшаччыне якраз у той грамадзе, якая ўплывала ў старэйшым пакаленьні на Васіля Ўладзімеравіча як на чалавека і як на пісьменьніка, гэта асабліва добра бачна. Сапраўды, яго творчасьць, з аднаго боку, такая мясцовая, мясцова-ўшацкая, менавіта з характарам гэтых людзей, якія тут жывуць. Але яна выходзіць на характар беларуса і потым выходзіць на агульначалавечыя праблемы, якія цікавяць кожнага жыхара зямлі.

Уплыў творчасьці Васіля Ўладзімеравіча на сучасную літаратуру значны. Магчыма, нават сёньня просты чытач, а можа, і літаратурны крытык гэтага яўна не заўважае. Тым ня менш — што застаецца галоўным? Галоўным застаюцца ключавыя словы, якія вельмі былі важныя для Васіля Ўладзімеравіча, — гэта праўда, ісьціна і выбар. Гэта і ёсьць знакавыя, галоўныя, ключавыя словы для таго, каб адкрыць творчасьць Быкава і зразумець яго як чалавека і як пісьменьніка.

Якраз у гады таталітарызму, пра які мы сёньня забываем, з аднаго боку, а з другога — упадаем у яго новую эру, і, я б сказаў, эру цынізму і хлусьні, Быкаў паказаў праблемы, зь якіх складаецца цэлая эпоха. Сёньня паглядзіце, як закрануў аўтарытарызм, як закранула мілітарызацыя ўвесь сьвет. На нашых вачах гэта адбываецца. І таму творчасьць Васіля Быкава, якая пранізана гуманізмам, яна, вядома ж, сёньня служыць гуманізму вельмі актыўна.

Я наагул лічу, што сапраўдная літаратура ніколі ня траціць сваёй прыцягальнасьці, нягледзячы на тое, што сёньня кажуць, што літаратура страціла сваю сілу. Так, тая сіла, якая была тады, калі Быкаў пачынаў пісаць, яна была мацнейшая, чым сёньня. Але, тым ня менш, быкаўскія творы і сёньня, нягледзячы на розныя акалічнасьці, абставіны, застаюцца актуальнымі.

Сам я маю такую пастаянную душэўную патрэбу браць з паліцы кнігі Васіля Быкава, перачытваць іх, прозу і публіцыстыку. І я часта ўзгадваю яго як чалавека, якога я ўспрымаю як свайго, роднага да апошняй крывінкі чалавека. Не таму нават, што я там, на Ўшаччыне, вырас, а проста я адчуваю яго як самага блізкага чалавека. Для мяне ён са сваёй такой сумнай усьмешкай застаецца ідэалам чалавека, які добра ведае цану жыцьця і сьмерці і таму адстойвае гэтае жыцьцё з усімі яго бедамі, сьлязьмі, радасьцю. Такім вось ён застаўся ў маім уяўленьні».

Чэрвень з Быкавым


Васіль Быкаў. Доўгая дарога дадому (Аўдыёкніга)

«Быкаў на Свабодзе» (PDF)

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG