Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Палітвязень Алесь Бяляцкі даслаў з бабруйскай калёніі ліст з нагоды дня нараджэньня Васіля Быкава.

«19 чэрвеня — 89-я ўгодкі з дня нараджэньня Васіля Быкава. Нагадаў пра гэта журналіст і пісьменьнік Аляксандар Лукашук, даслаўшы сваю новую кніжку «Зкімбы-зымбы», палова якой прысьвечаная Васілю Быкаву: інтэрвію зь ім, перапіска, успаміны пра Васіля Быкава. Вельмі важна, што тэксты гэтых інтэрвію захаваліся. Пытаньні Аляксандра Лукашука цікавыя і нетрывіяльныя, зь ясным усьведамленьнем — каму яны задаюцца. І прыцягваюць увагу адказы Васіля Быкава, нясьпешныя, грунтоўныя развагі, насычаныя магутным зьместам.
Алесь Бяляцкі, архіўнае фота

Алесь Бяляцкі, архіўнае фота

Чытаючы гэтыя адказы-развагі, я яшчэ раз адчуў і ўсьвядоміў сабе — што значыць для беларусаў Васіль Быкаў. Вялікі чалавек, адзін з бацькоў беларускай нацыі, геніяльны пісьменьнік, які ўзьняў пытаньні быцьця і існаваньня беларускага народу на пазазямны, усяленскі ўзровень. Можа, ня столькі дзеля значнасьці беларусаў, якіх ён і пакутліва любіў, і шкадаваў, лічыў «самым занядбаным народам у Эўропе, да якога мы маем гонар ці няшчасьце належаць».

Чэрвень з Быкавым


Васіль Быкаў. Доўгая дарога дадому (Аўдыёкніга)

«Быкаў на Свабодзе» (PDF)

Васіль Быкаў аб’ектыўна абесьсьмяротніў беларусаў, незалежна ад стаўленьня да гэтага іншых народаў і, урэшце, асабліва не зьвяртаючы ўвагі на жаданьні саміх беларусаў. Ён стварыў узор беларускага характару, архетып беларуса, па якім мы яшчэ доўга будзем вымяраць і свой народ і саміх сябе.

Літаратурная праца была для Васіля Быкава і мэтаю, і сродкам самавыяўленьня, магчымасьцю адказаць на надзвычай важныя жыцьцёвыя пытаньні. Вырашэньне звышзадачы празь літаратуру робіць творчасьць Васіля Быкава насычанай магутным зарадам энэргіі, што характэрна для сапраўды вялікіх пісьменьнікаў.

У беларускай літаратуры яшчэ адзін пісьменьнік мае талент такога ж прыроднага маштабу. Гэта — Янка Купала. Недарэмна Васіль Быкаў на пытаньне, хто ваш любімы паэт, называе Янку Купалу, а больш дакладна — «творчасьць дасавецкага пэрыяду». І ён адказвае, чаму: «Таму што там вельмі шмат, безумоўна, і паэтычных вартасьцяў, гэта само сабой. Апроч таго, нейкая душэўная блізкасьць у ім мне адчуваецца. Блізкасьць характару, ці што. Гэта нейкая шчырасьць, гэта нейкая шчымлівасьць, гэта нейкае вельмі гуманістычнае стаўленьне яго да жыцьця і да чалавека».

Гэтая блізкасьць, пра якую піша Васіль Быкаў, бачыцца мне і ў аднолькавым разуменьні творцамі сваёй ролі ў жыцьці беларускага народу.

Чытаючы вышэйзгаданыя інтэрвію, зьдзіўляесься, зь якой дакладнасьцю Васіль Быкаў вызначаў тыя балючыя праблемы, якія стаялі перад беларусамі ў канцы ХХ ст., як ён аналізаваў рэчаіснасьць, як ён не ўхіляўся ад вострых пытаньняў і называў рэчы сваімі імёнамі. Ён асуджаў камунізм: «На практыцы клясычнае ўвасабленьне камунізму — гэта гвалт, кроў, татальны чэкізм, хіба часам прыкрытыя стракатым камуфляжам». Ён вызначаў ролю Расеі: «Роля Расеі ў нашай гісторыі добра вядомая. Тут усё амаль на паверхні. Каб тое зразумець, вялікіх намаганьняў ня трэба». Ён называў хібы беларусаў: «Падлегласьць, несамастойнасьць сталі другой натурай пэўнай часткі беларускага народу, якая цяпер у новых сацыяльна-палітычных умовах выявіла сваю поўную няздольнасьць ня толькі да разьвіцьця, але і да існаваньня без апекі «старэйшага брата». Ён аддаваў даніну павагі беларускім адраджэнцам: «трагічнасьці лёсу гэтых людзей, безагляднасьці іх гераізму ў барацьбе за растаптаную ідэю беларушчыны». Ён усьведамляў ролю беларускай інтэлігенцыі на сучасным этапе: «Перад беларускай інтэлігенцыяй, яе творчым цэхам стаіць усё тая ж ранейшая мэта, вышэй за якую няма і, мабыць, ня будзе, пакуль ідэя адраджэнцаў ня будзе ажыцьцёўленая». Ён рэальна ацэньваў грамадзкую сытуацыю ў краіне: «Пры цяперашняй палітычнай апатыі грамадзтва вельмі нават магчыма, што да салодкага пірага ўлады пралезуць ня самыя лепшыя, а як і раней — самыя нахабныя, бессаромныя, хцівыя, усё тыя ж камуністы, хіба што адаптаваныя да новых умоваў, але з ранейшымі мэтамі. Ну, але што рабіць — чаго вартыя, тое і маем».

Гэта выказваньні і ацэнкі Васіля Быкава толькі з аднаго інтэрвію, дадзенага ім у жніўні 1993 году.

У выказваньнях і развагах Васіля Быкава, выкладзеных у інтэрвію, можна знайсьці адказы на многія жыцьцёвыя пытаньні.

Значная роля Васіля Быкава ў абароне моладзевага нефармальнага руху другой паловы 80-х гадоў, у арганізацыі шырокага дэмакратычнага руху ў Беларусі, у асуджэньні таталітарызму, у адраджэньні слушных нацыянальных арыенціраў у жыцьці беларускага народу.

Вялікае значэньне для беларускага праваабарончага руху мае тое, што Васіль Быкаў быў адным з ідэйных натхняльнікаў і заснавальнікаў першых беларускіх праваабарончых арганізацыяў: «Мартыралёг Беларусі», «Беларускі ПЭН-цэнтар», «Беларускі Хэльсынскі камітэт».

Вялікая творчая спадчына Васіля Быкава, ягоныя мастацкія і грамадзкія погляды могуць і павінны быць узорам для нас і для наступных пакаленьняў. Беларусы маюць свайго Апостала. Нам ёсьць у каго вучыцца, як нам належыць жыць.
Бабруйск, 11 чэрвеня 2013».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG