Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Янка Запруднік: «У Быкава, як у Бібліі, — і часовае, і вечнае»


Пра надзённую запатрабаванасьць твораў Васіля Быкава піша былы супрацоўнік Радыё Свабода, беларускі гісторык зь Нью-Ёрку Янка Запруднік.

«Адна ваша слухачка пыталася ў Міхася Тычыны, першага выступоўца ў гэтай сэрыі гутарак, ці будзе Васіль Быкаў «запатрабаваны» сучасным чытачом.

Я хачу сказаць, што будзе. Дзеля тае простае прычыны, што Быкаў — клясык беларускай літаратуры. Кожнае пакаленьне перачытвае клясыкаў, бо ў іхняй творчасьці ляжаць адказы на надзённыя пытаньні чалавечага быту. Адно такое гарачае сёньня пытаньне, між іншага, я прачытаў на панядзелкавым беларускім сайце Радыё Свабода. Вось яно: «Чым патлумачыць, што градус канфліктнасьці ўнутры апазыцыі зараз узьняўся да нечуванага раней узроўню?»

Частковы адказ на гэтае пытаньне можна знайсьці ў творах Васіля Быкава. Рэч у тым, што ў асобе Быкава мы маем летапісца (у сэнсе мастацкага апісваньня гістарычных падзеяў) і філёзафа-гуманіста. Быкаў ня толькі апісаў тое, што было, але сказаў і тое, што нам ёсьць і будзе патрэбным заўсёды. У Быкава, як у Бібліі, — і часовае і вечнае.

Я коратка патлумачу. У творах Васіля Быкава савецкай пары ёсьць ляканічныя (з увагі на суровую цэнзуру) сцэнкі, у якіх антаганізм паміж двума варожымі салдатамі — савецкім і нямецкім — мае маральны тормаз: у пэўных абставінах салдат-вораг глядзіць на іншага салдата-ворага як на чалавека. У аповесьці «Мёртвым не баліць» ёсьць такая сцэнка (пераказваю з памяці): гарматны разьлік савецкіх салдатаў, адступаючы, вядзе з сабой палоннага нямецкага жаўнера. А дзеля таго, што ў цяжкую зімовую непагадзь з гэтым палонным толькі клапатлівая вазьня, дык адзін з канваіраў прапануе «шпокнуць» яго. А лейтэнант-беларус, пачуўшы гэта, у думках кажа сабе: «Бач ты, лёгка яму сказаць „шпокнуць“». Маўляў, гэта ж чалавек!

Ёсьць і іншыя прыклады ў творах Быкава, калі пачуцьцё чалавечнасьці бярэ верх над пачуцьцём варожасьці. На шкале чалавечых вартасьцяў у Васіля Быкава прысутнічае маральны тормаз.

І вось гэты духовы элемэнт, на маю думку, вельмі важны для нашага сёньняшняга дня, важны для акультурваньня беларускага палітызаванага грамадзтва. Каб ня «шпокалі» адзін аднаго. Сёньня конча патрэбная чалавечнасьць, здольнасьць бачыць у асобе палітычнага апанэнта чалавека, які хоць думае інакш, але таксама праняты шуканьнем выхаду зь цяжкой сытуацыі. Я прызнаю, што гэты пошук вельмі няпросты. Бо куды лягчэй карыстацца бальшавіцкім мэтадам — «шпокнуць» апанэнта: назваць яго здраднікам, ворагам, прадажнікам і, заміж гутаркі, адвярнуцца ад яго.

А Быкаў жа, амаль па-хрыстосаўску, кажа: пабач у ворагу таксама й чалавека.

Вось чаму наш клясык Васіль Быкаў «запатрабаваны» сёньня — і чытачамі, і літаратураведамі, і тэатральнымі рэжысэрамі. А ў тым ліку і сучаснымі апазыцыйнымі палітыкамі».

Чэрвень з Быкавым


Васіль Быкаў. Доўгая дарога дадому (Аўдыёкніга)

«Быкаў на Свабодзе» (PDF)
XS
SM
MD
LG