Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Марына Весялуха: «Быкаў — асоба, якая адыгрывае важную ролю ў фармаваньні нацыі»


Пра свае любімыя кнігі Васіля Быкава распавядае літаратурны крытык Марына Весялуха.

«Для мяне самай значнай кнігай Васіля Быкава стала яго аўтабіяграфічная проза „Доўгая дарога дадому“. Атрымалася, што пасьля гэтай кнігі, ведаеце, як у Джэка Лёндана „Марцін Ідэн“, пасьля яе і ўсе астатнія творы сталі ўспрымацца па-рознаму. Калі раней за кадрам літаратурнага твора Быкава стаяў проста пісьменьнік у франтавой форме, то цяпер за яго вобразам пачала бачыцца сапраўдная асоба, з жыцьцёвай гісторыяй, з пачуцьцямі, перажываньнямі, з асабістымі ўспамінамі пра маленства.

Чэрвень з Быкавым


Васіль Быкаў. Доўгая дарога дадому (Аўдыёкніга)

«Быкаў на Свабодзе» (PDF)
Магчыма, гэтая кніга стала важнай яшчэ і таму, што, як пісаў сам Васіль Быкаў, яна прыйшла ў свой час. Я яе чытала разам зь біяграфічнай прозай Дануты Бічэль „Хадзі на мой голас“, „Разьвітаньнем з ілюзіямі“ Аляксея Карпюка і „Недасказаным“ Барыса Клейна. І вось „Доўгая дарога дадому“ дапоўніла вобраз той гарадзенскай інтэлігенцыі, якая працавала ў нашай краіне ў 70-я, калі фармавалася сучасная гарадзенская культура, як мы можам цяпер яе назваць, і ўся беларуская культура.

Яшчэ для мяне значнай кнігай стаў зборнік яго інтэрвію „Праўда як рэлігія“, выдадзены Юрасём Залоскам. Усё ж лічу, што можна назваць яго паўнавартаснай кнігай Васіля Быкава, таму што ў ім асоба суразмоўцы вельмі ярка праяўляецца. Тут бачна яго мысьленьне, бачна яго філязофія, яго погляды на жыцьцё, яго сьветаўспрыманьне. Тут інтэрвіюер хутчэй выступае ў якасьці правадніка паміж чытачом і асобай, а асоба прадстаўляецца як носьбіт пэўнай жыцьцёвай пазыцыі, філязофіі, якая адыгрывае важную ролю ў фармаваньні беларускай культуры, беларускай літаратуры і нават нацыі. Таму вось менавіта гэтыя кнігі і важныя для мяне».
XS
SM
MD
LG