7 жніўня на Беларускай АЭС пачалася загрузка ядзернага паліва ў рэактар першага энергаблёку. У актыўную зону загружаная першая цеплавыдзяляльная зборка са сьвежым ядзерным палівам.
Першую электраэнэргію на Беларускай АЭС плянуюць атрымаць цяперашняй восеньню, паведаміў 7 жніўня міністар энэргетыкі Віктар Каранкевіч, піша БелТА.
«Сёньня на першым энэргаблёку Беларускай атамнай электрастанцыі пачата загрузка паліва ў ядзерны рэактар, гэта адзін з этапаў збудаваньня АЭС. Усяго будзе загружана 163 цеплавыдзяляльныя зборкі, гэта поўная загрузка рэактара палівам. Першыя кіляват-гадзіны плянуецца вырабіць і выдаць у сетку гэтай восеньню», — сказаў Віктар Каранкевіч.
Як паведамляе БелТА, кожная зборка складаецца з 312 цеплавыдзяляльных элемэнтаў дыямэтрам 9 мм і вышынёй каля 4 м. Вага паліва ў адной зборцы — 571 кг.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
На БелАЭС правялі трэніроўку «ў складаных сыстэмных умовах»Усяго ў рэактар будуць загружаныя 163 цеплавыдзяляльныя зборкі з наступным правядзеньнем неабходных выпрабаваньняў. Энэргетычны пуск першага энергаблёку з уключэньнем у энэргасыстэму краіны плянуецца ў чацьвёртым квартале 2020 году.
«Росатом»: АЭС адпавядае «постфукусімскім» патрабаваньням бясьпекі
«Беларусь стала ўладальнікам блёку, пабудаванага па самых сучасных тэхналёгіях пакаленьня 3+. Рэфэрэнтнасьць гэтай тэхналёгіі ўжо пацьверджаная эксплюатацыяй аналягічных энэргаблёкаў на тэрыторыі Расеі. Яны адпавядаюць усім „постфукусімскім“ патрабаваньням бясьпекі, усе місіі МАГАТЭ прызналі іх надзейнасьць. Для нас вельмі важна, што першы замежны блёк ВВЭР-1200 мы пабудавалі менавіта ў Беларусі, брацкай для нас краіне», — заявіў кіраўнік «Росатома» Аляксей Ліхачоў, якога цытуе прэс-служба «Росатома».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Прэзыдэнт Літвы паабяцаў зрабіць Астравецкую АЭС «эканамічна нежыцьцяздольнай»Пасьля загрузкі паліва рэктар будзе выведзены на мінімальна кантраляваны ўзровень, 1% магутнасьці. Пасьля пацьверджаньня надзейнасьці і бясьпекі працы энэргаблёку на праектных парамэтрах пачнецца этап энэргетычнага пуску, падчас якога блёк упершыню будзе ўключаны ў энэргетычную сетку.
«Энэргетычны пуск першага энэргаблёка з уключэньнем у энэргасыстэму краіны плянуецца ў чацьвёртым квартале 2020 году», — гаворыцца ў паведамленьні Мінэнэрга Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Крыніца ў «Росатоме»: Фізычны пуск БелАЭС заплянавалі за два дні да прэзыдэнцкіх выбараў у БеларусіЯк патлумачылі ў Міністэрстве энэргетыкі Беларусі, увод БелАЭС дазволіць забясьпечыць каля траціны ўнутраных патрэбаў краіны ў электраэнэргіі і заменіць 4,5 млрд кубамэтраў прыроднага газу штогод.
МАГАТЭ і Беларусь афіцыйна паінфармавалі Літву аб пачатку загрузкі паліва ў рэактар, паведамляе літоўскі сайт delfi.lt.