Лукашэнка згадаў Плошчу-2010: «Гэты варыянт зрынаньня дзейнага ўраду па-ранейшаму актуальны»

Плошча-2010, падзеі 19 сьнежня ў Менску

Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы з вайскоўцамі ў Віцебску 16 ліпеня згадаў падзеі прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году — разгон Плошчы. Кадры з гэтай прамовай паказалі на дзяржаўным тэлеканале АНТ толькі 19 ліпеня.

Лукашэнка казаў вайскоўцам, што «мы гэта праходзілі» і прапанаваў прыгадаць 2010 год. Што «праходзілі», зь відэа АНТ незразумела.

«І тады якраз усё пачыналася для таго, каб нас паставіць на калені, — казаў Лукашэнка пра 2010 год. — Увялі санкцыі, нахілялі. Не атрымліваецца… І тады на чарговых прэзыдэнцкіх выбарах вырашылі паставіць на калені, арганізаваўшы гэтую банду і кінуўшы на Дом ураду».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Армію і МУС рыхтуюць да «прадухіленьня» масавых беспарадкаў, — дзяржсакратар Савету бясьпекі

На думку Лукашэнкі, на плошчы Незалежнасьці вечарам у дзень выбараў, 19 сьнежня было «400 чалавек агрэсіўных баевікоў, якіх мы ведалі па прозьвішчах, плюс яшчэ 400, якія маглі там варушыцца, а астатнія — разявакі».

«І ў асноўным там былі смаркачы, якіх аддавалі пад расьпіску маці, — казаў Лукашэнка пра масавыя гвалтоўныя затрыманьні ў той вечар. — Яны прыходзілі і забіралі сваё каштоўнае стварэньне».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Мразь, падонкі, адмарозкі». Як Лукашэнка абражаў апазыцыю і апанэнтаў. ВІДЭА

Лукашэнка сказаў, што «цяперашняя сытуацыя ў нейкіх дэталях падобная да той», і гэта «сьведчыць пра тое, што пакуль гэты варыянт зрынаньня дзейнага ўраду або ж расхістваньня абстаноўкі застаецца па-ранейшаму актуальны».

Пры тым «ніхто на нас звонку нападаць ня будзе, сытуацыя іншая», перакананы Лукашэнка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Плошча-2010: як гэта было. Фота і відэа

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Лукашэнка ўжо нават не спрабуе спадабацца большасьці, — палітоляг