Штаб Цапкалы: 94,36% подпісаў забракавалі, бо дату «паставіў ня той чалавек», але экспэртызаў не праводзілі

Збор подпісаў за Валера Цапкалу ў Віцебску, 7 чэрвеня

Прадстаўнік штабу патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты Валера Цапкалы Сяргей Лаўрэнкін расказаў на Facebook пра аналіз прычын адхіленьня подпісаў за кандыдата Цэнтральнай выбарчай камісіяй.

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

Як піша Сяргей Лаўрэнкін, 94,36% подпісаў забракавалі ў выбарчых камісіях за тое, што дата каля подпісу была пастаўленая нібыта ня тым жа чалавекам, які подпісаўся.

«Гэта азначае, што подпісы былі сабраныя ідэальна і па-сапраўднаму падкапацца проста не было да чаго, — мяркуе ён. — Таму давялося выкручвацца і шаманіць па-чорнаму».

Раней Лаўрэнкін адзначаў, што дзясяткі тысяч подпісаў праверылі за адзін дзень — і за гэты час нібыта пасьпелі выявіць, што почырк у даце не падобны да почырку ў подпісе. Ён мяркуе, што подпісы «наогул ніхто не правяраў»: зазначае, што адзін з прынятых ЦВК падпісных лістоў ня меў завяральнага подпісу чальца ініцыятыўнай групы, а такі можна было адбракаваць нават без аналізу почыркаў.

Падчас праверкі адбракаваных подпісаў штаб Цапкалы высьветліў, што не прынялі подпісы некалькіх працаўнікоў выканкаму Фрунзэнскага раёну Менску. Да іх вырашылі зайсьці ў госьці і прапанаваць напісаць заяву пра тое, што даты і подпісы яны паставілі самі, піша Лаўрэнкін, тыя абурыліся і напісалі на штаб заявы ў ЦВК і Вярхоўны суд.

Зьбіральнік подпісаў Юры Гушча дадае: неадпаведнасьць почыркаў у подпісах і датах выявілі не праз почырказнаўчую экспэртызу. Зь ліставаньня, паказанага штабу, вынікае, што запыт на экспэртызу з выбаркаму ў Дзяржаўны камітэт судовых экспэртызаў падалі на наступны дзень па завяршэньні праверкі подпісаў. Акрамя таго, яшчэ на этапе прыёму подпісаў выявілі нястачу 757 здадзеных подпісаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы маем надзею, што пройдзем у наступны тур». У штабе Цапкалы пераправяраюць подпісы

Штаб Цапкалы сьцьвярджаў, што за яго вылучэньне ў кандыдаты сабралі звыш 200 тысяч подпісаў, пасьля зьверкі ў выбаркамы здалі 160 тысяч. Аднак Цэнтарвыбаркам прызнаў толькі 75 тысяч, што недастаткова для рэгістрацыі кандыдатам у прэзыдэнты.

Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына заяўляла, што хоць за Цапкалу не прызналі 100 тысяч подпісаў, дакумэнты на рэгістрацыю ўсё роўна будуць разглядаць. Чакаецца, што паседжаньне ЦВК пройдзе 14 ліпеня.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.