Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прыхільнікі Бабарыкі сабраліся выставіць на выбары 100 тысяч назіральнікаў. Кампанію назвалі «Всё по чесноку»


Часнык, ілюстрацыйнае фота

Ініцыятыва «Честные люди», пра стварэньне якой абвяшчаў патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка, заклікала беларусаў запісвацца ў назіральнікі на прэзыдэнцкіх выбарах. На 5767 участкаў хочуць накіраваць 100 тысяч назіральнікаў.

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

У ініцыятыве пад лёзунгам «Проведём выборы по чесноку» (што на слэнгу значыць «па-справядліваму») заклікаюць падаваць заяўкі на сайце кампаніі, каб патэнцыйных назіральнікаў змаглі праінструктаваць і скаардынаваць.

«Нас пазбавілі права ўдзельнічаць у сумленным падліку галасоў, нам даюць зразумець, што на ўчастках нас ня хочуць бачыць: „Краіна для жыцьця“ ў разуменьні чыноўнікаў не прадугледжвае ўдзел грамадзянаў у прыняцьці важных для яе рашэньняў, — піша кампанія. — Ёсьць легальная магчымасьць прысутнічаць на выбарчых участках увесь час іх працы і даць зразумець чальцам камісіі, што нам не ўсё роўна, што адбываецца з нашымі галасамі».

Раней 2192 сябры ініцыятывы «Честные люди» падавалі заявы на ўключэньне ва ўчастковыя камісіі. Але ў камісіі ўключылі толькі 12 чалавек.

Прыхільнікі Бабарыкі таксама зьбіраліся правесьці ў Менску мітынг, каб абмеркаваць канстытуцыйны рэфэрэндум, але гарадзкія ўлады ім адмовілі, бо з арганізатарамі не захацеў падпісваць абавязковую дамову «Зелянбуд».

Запіс у назіральнікі ўжо трывае, зарэгістравалі звыш 33 тысяч назіральнікаў. Асноўная маса, каля 80% зарэгістраваных назіральнікаў, прадстаўляюць праўладныя грамадзкія аб’яднаньні.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG