Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Страляць ён ня будзе. Улада ўвосень ня зьменіцца». Прагноз ад вэтэрана апазыцыі


Уладзімер Кацора
Уладзімер Кацора

Якое месца «тытульнай апазыцыі» ў цяперашніх выбарах? Што найбольш турбуе цяпер Лукашэнку? Чаму людзі выходзяць на вуліцы? Ці зьменіцца ўлада 9 жніўня? Пра гэта Свабода пагутарыла з былым лідэрам гомельскай апазыцыі, вэтэранам дэмакратычнай супольнасьці Ўладзімерам Кацорам.

Сьцісла

  • Дзейная ўлада — «рэжым» — пасьля 9 жніўня не абрынецца.
  • Адна з пагроз для рэжыму Лукашэнкі цяпер — закрытыя межы з Расеяй.
  • Ніхто страляць ня будзе. Улады да выбараў пасадзяць самых актыўных і частку незалежных журналістаў.
  • «Каранавірус пераможаны», але можа раптам зьявіцца «другая яго хваля». Яе ўлада возьме ў хаўрусьнікі на выбарах.
  • Адзіная пляцоўка для тытульнай апазыцыі на гэтых выбарах — назіраньне.
  • Эфэкт можа даць візуалізацыя людзей і «законная» агітацыя супраць кандыдата Лукашэнкі.

«Тытульная апазыцыя не запатрабавана»

«Правільна было б мець на выбарах адзінага кандыдата ад апазыцыі. Працэс пачаўся ўзімку, праймэрыз, і ў правільным кірунку. Складана цяпер нешта гаварыць, але я лічу, што ў першую чаргу Павал Севярынец вінаваты ў тым, што няма адзінага кандыдата.

Калі б і быў адзіны кандыдат, то відаць, што частка насельніцтва, якая два месяцы таму ўвайшла ў працэс, не давярае тытульнай апазыцыі. Таму людзі вырашылі падтрымаць новых асобаў — Сяргея Ціханоўскага, які здолеў падняць гэтае балота, Віктара Бабарыку, за якога сярэдняя кляса.

Тытульнай апазыцыі цяпер засталася на выбарах такая пляцоўка, як назіраньне. Бо ёсьць досьвед, людзі — старыя і новыя. Назіраньне — адзінае поле дзейнасьці, дзе старая апазыцыя павінна і можа працаваць. Гэта хай не пераможная стратэгія, але яе элемэнт.

Пытаньне — колькі будзе назіральнікаў, калі ўлада задумае ўзяць сабе ў хаўрусьнікі каранавірус? Ён на словах „пераможаны“, але калі ўладзе захочацца, то „пачнецца другая хваля“. Тады і назіральнікаў ня пусьцяць на ўчасткі. Можа, і ўчасткі зачыняць. Камісія ў чумных касьцюмах будзе хадзіць па хатах разам з БРСМ».

«Людзі за намі не пайшлі, бо нас білі»

«Апазыцыя за гэтыя гады не здабыла вялікай падтрымкі ў людзей, бо нас білі, а мы клікалі да сябе ці за сабой. Хто пойдзе да нас, каб мець праблемы? Што пісалі ў незалежных СМІ? Што некага з апазыцыі выгналі з працы, пасадзілі на суткі? У нас яшчэ людзі не прывыклі жыць сваім розумам. Мо 70% залежыць ад дзяржавы. Дзяржава кажа бюджэтнікам: „Вы на дзяржаўныя грошы жывяце — падтрымлівайце нас“. Яны слухаюцца, і лічбы патрэбныя намалююць.

Плошча-2006 была калька з украінскага Майдану. Мы думалі: „Во, ва Ўкраіне атрымалася, і ў нас атрымаецца“. Але на той час беларуская эканоміка была на пад’ёме, людзі крэдытаваліся, будавалі жытло. Так было і ў 2010 годзе. Цяпер зусім іншыя часы. Каранавірус наваліўся, а яшчэ і ўлада надта нахабна сябе паводзіць».

Затрыманьне ўдзельнікаў намётавага лягеру ў цэнтры Менску, 24 сакавіка 2006
Затрыманьне ўдзельнікаў намётавага лягеру ў цэнтры Менску, 24 сакавіка 2006

«Чаму ўвосень улада ня зьменіцца»

«Для зьмены аўтарытарнай улады патрэбны адзіны кандыдат, адна каманда, адна стратэгія. Тут яшчэ на выбарах два ці тры спойлеры. Трэба, каб выбар быў паміж чорным і белым, а не размазаным шэрым, як цяпер у нас. Таму ўлада паціху прыбірае моцных кандыдатаў. Спачатку — Ціханоўскага. За ім — Бабарыку.

Я рэаліст і думаю, што для зьмены ўлады час не насьпеў. Будзе нейкае супрацьстаяньне, натуральна. Але не такое, каб гэты рэжым „ляснуўся“. Так, людзі абуджаюцца, ёсьць запыт у грамадзтва на перамены. Але трэба шмат чыньнікаў, каб гэты запыт атрымаў рэалізацыю.

Кожны мусіць прайсьці свой шлях. Наша палітыка, на жаль, такая сфэра, дзе вучацца толькі на сваіх памылках, а не на чужых. Хаця ў нас ужо столькі досьведу за гэтыя гады, што толькі вывучай і выкарыстоўвай. А прыходзяць новыя людзі — і на тыя ж граблі...»

Уладзімер Кацора
Уладзімер Кацора

«Каманда Бабарыкі не гатовая да той рыторыкі, да якой гатовы лідэр»

«Тактычна Віктар Бабарыка правільна казаў на старце кампаніі, што можна з падтрымкай электарату, бяз Плошчы перамагчы на выбарах. Бо калі б ён пачаў адразу казаць: „Давайце мяне падтрымлівайце, вас будуць біць, але вы падтрымлівайце“ — то хто б да яго пайшоў?

Ён паступова зьмяняў рыторыку — па меры таго, як яго пачалі „душыць“. Сказаў пра „плян B“. Але гэты плян — падрыхтоўка рэфэрэндуму — не вызначальны, і гэта не перамога, а проста ўтрыманьне каманды. Ніякага рэфэрэндуму ня будзе пры гэтай уладзе і ня будзе вяртаньня Канстытуцыі 1994 году. Проста ёсьць каманда, і трэба гэтых людзей нечым заняць. Мне так здаецца.

Сама каманда не гатовая да той рыторыкі, да якой ужо потым быў гатовы Віктар Бабарыка. Ён казаў, што калі будзе Плошча — я там буду. Цяпер ён у турме, а яго каманда... складана сказаць, якія там пэрсаналіі, хто лідэр».

«Агітацыя супраць кандыдата Лукашэнкі дазволеная законам»

«Гэтым варта скарыстацца. Артыкул 45 Выбарчага кодэксу дазваляе агітацыю супраць кандыдата. Гэта могуць праводзіць у вызначаных райвыканкамамі, адміністрацыямі памяшканьнях як іншыя кандыдаты і давераныя асобы, так і групы выбарцаў. Працэдура такая, што трэба замовіць залю за два дні да сустрэчы. На жаль, у Гомлі ўлады вызначылі толькі чатыры залі. Тры зь іх — актавыя залі ў школах. Такім чынам надта звузілі прававое поле. Але гэта не вызначальнае.

Калі ўзяць „агітацыю супраць“ на ўзбраеньне — то можна атрымаць эфэкт візуалізацыі. Мы кажам, верым у гэта ці не, што нас 97%. Выйдуць людзі на законныя зборы — пакажуць: колькі нас насамрэч?

Агітацыя супраць кандыдата Лукашэнкі дапаможа законным чынам правесьці візуалізацыю таго, што ва ўлады няма падтрымкі, а нас — шмат. Калі мала выйдзе — то ня варта больш казаць пра 97%.

На жаль, такія дзеячы, як я, сёньня без рэсурсаў і падтрымкі, апроч старога дэмакратычнага актыву. Але тыя, хто мае рэсурс, патэнцыял, каналы інфармацыі — маглі б рэалізаваць такую стратэгію.

Мы арганізоўвалі ў Гомлі агітацыю супраць, пачынаючы з 2008 году. Тады агітавалі супраць трэцяга тэрміну дэпутаткі парлямэнту. У 2010 і 2015 годзе правялі сходы супраць Лукашэнкі.

Калі людзі адгукнуцца і прыйдуць на такія сходы, хай сабе пяць тысяч чалавек, як было ў 2006 годзе на сустрэчы з Аляксандрам Мілінкевічам у Гомлі — то гэта натхніць людзей. Дарэчы, сустрэча ў Гомлі зь Мілінкевічам у 2006 годзе на стадыёне была, я лічу, самая масавая за ўсе выбары ў Беларусі. Праўда, празь некалькі дзён пасьля яе нас усіх, актывістаў Гомля, пасадзілі ў ІЧУ.

Трэба візуальнае, фізычнае адчуваньне, што нас шмат. Бо цяперашнія выбары — гэта пратэставае галасаваньне па прынцыпе „Толькі ня ён“».

«Чаму цяпер людзі стаялі ў чэргах, каб паставіць подпіс?»

«Людзі стаміліся, што толькі адзін твар мільгае на экране тэлевізара. Яшчэ і каранавірус прыйшоў. Улада паводзіла сябе ў пэрыяд каранавірусу неадэкватна. Я лічу, што COVID-19 закрануў, бадай, кожную беларускую сям’ю. У некага сябар захварэў, у іншага маці памерла. У гэты час улада хлусіць і заяўляе, што каранавірус пераможаны.

Пакуль улада прыдушыла пратэставыя настроі. Калі яны будуць нарастаць — можа ўзяць каранавірус у хаўрусьнікі».

«Лукашэнку надта злуе, што Расея зачыніла межы»

«Ёсьць шмат спрэчак — колькі дакладна беларусаў працуе ў Расеі як гастарбайтэры. Але цяпер гэтае войска ў большасьці вярнулася на Радзіму, дзе няма працы. І такая сытуацыя працягваецца ўжо колькі месяцаў. Людзям сем’і карміць трэба. Гастарбайтэры і нават іх бабулькі — гэтыя тыя, хто ў большасьці выходзіў на антыдармаедзкія мітынгі ў 2017 годзе. Цяпер яны таксама галаўны боль для Лукашэнкі. Бо гэтыя людзі мала залежаць ад дзяржавы, іх не падкупіць, не спалохаць, яны не абароненыя дзяржавай.

Лукашэнка і Пуцін у Ржэве, 30 чэрвеня
Лукашэнка і Пуцін у Ржэве, 30 чэрвеня

Таму Лукашэнку трэба, каб Расея як найхутчэй, прынамсі ад пачатку жніўня, адчыніла для іх межы. Тым больш Пуцін цяпер кажа, што Расея зацікаўленая ў працоўных мігрантах. Можа, мара Лукашэнкі збудзецца, Расея адчыніць межы і пратэставая плынь туды схлыне. Таму ён і заяўляе, на экспарт, што ў нас пераможаны каранавірус.

Калі Расея межаў не адчыніць — распачнецца жорсткі варыянт падзей. Калі нават хто будзе заікацца пра Плошчу, за допіс у інтэрнэце будуць хапаць і кідаць у ІЧУ. Хопіць месцаў для ўсіх. Будзем сядзець усюды, дзе ёсьць краты. Многіх возьмуць, у тым ліку журналістаў, ненадоўга — на тыдзень на „суткі“».

«Страляць ён ня будзе»

«Расстрэльваць — гэта ўсё страшылкі. Хацеў бы я паглядзець, як Лукашэнка будзе страляць. Ніхто страляць ня будзе, хіба толькі здуру. Мы ня той народ, ня тая краіна. Тыя, у каго зброя — у іх жа ёсьць тут маці, сваякі, сябры.

Лукашэнка мае адну прапанову цяпер для выбарцаў: „Я ратую Беларусь! Калі мяне ня будзе — ня будзе і Беларусі!“ Гэта клясычная формула атаясамленьня сябе зь дзяржавай. „Я абараняю сябе як дыктатара, а заадно і вас абараняю, безь мяне вы прападзяце“.

Да выбараў ён будзе працягваць антырасейскую рыторыку. Потым пабяжыць, можа нават 8 жніўня, да Пуціна. Краіна ж Беларусь застанецца Беларусьсю. Перажывём. Нашы продкі, колькі пакаленьняў беларусаў перажылі, нават калі такой дзяржавы не было. Дый сёньняшняя ж дзяржава не беларуская. Многія з нас пры Лукашэнку і так жывуць па прынцыпе: „Гэта мая краіна, але не мая дзяржава“ Але ж упэўнены, што нас пранясе гэтым разам...»

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG