Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка пагражае расстрэламі?


Нарада ў Лукашэнкі, 4 чэрвеня 2020

Што азначае ўзгадка Лукашэнкі пра расстрэл у Андыжане ў 2005 годзе і абяцаньне «нагадаць» пра яго? Чаму Лукашэнка прыгадвае пра інцыдэнт са збройным супрацьстаяньнем, калі ў Беларусі нічога падобнага няма і блізка? Ці ўбачым мы чарговую «справу Белага легіёну-2»? Чаму Лукашэнка ў кантэксьце беларускай сытуацыі прыгадаў досьвед краінаў, дзе было выразнае расейскае ўмяшаньне? Абмяркоўваюць палітычныя аналітыкі Свабоды Юры Дракахруст і Сяргей Навумчык.

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

Асноўныя аргумэнты

Драхахруст:

  • Калі казаць пра выбары, то ні Бабарыка, ні Цапкала, ні Ціханоўская, ніхто ні да якіх Майданаў не заклікаў. Ёсьць пэўны рух на нейкіх паралельных лініях. Лёгіку Лукашэнкі можна патлумачыць як правядзеньне «чырвоных ліній»: можаце казаць пра грамадзянскую вайну, як Ціханоўскі ў «Камэрсанце», але калі перакрочыце «чырвоную лінію» — тады атрымаеце.
  • Ёсьць яшчэ адзін важны момант, які тычыцца палітычнай кампаніі, якую Лукашэнка вядзе. Ён праз коску прывёў прыклады Ўкраіны, Малдовы, Грузіі і Літвы. Але ўсе гэтыя выпадкі былі зьвязаныя з супрацьстаяньнем з Масквой. І прыкметна, што ў якасьці прыкладаў замежнага ўмяшаньня выбрана якраз Расея.
  • Выглядае, што Лукашэнка працягвае тую гульню, якую ён пачаў яшчэ на пачатку кампаніі. Тады ён адразу задаў апанэнтам тэму, што ён, Лукашэнка — абаронца сувэрэнітэту, ён — абаронца, а яго апанэнты — марыянэткі Масквы. Што за імі стаіць Масква, Масква інсьпіруе забурэньні. І тут Лукашэнка прыводзіць прыклады маскоўскага ўмяшаньня.

Навумчык:

  • Аналізаваць словы Лукашэнкі часам складана, бо ён майстар выказвацца так, што нават у адным сказе могуць быць супярэчлівыя тэзы. Сёньня ён казаў, што ў 1939 годзе Беларусь была падзеленая — тады як у тым годзе яна якраз была аб’яднаная. Недаравальнае сьцьвярджэньне для выпускніка гісторыка-геаграфічнага факультэту.
  • Выглядае, што ўлады не выключаюць (і слушна) масавых выступаў ужо не актывістаў апазыцыі, а тых, каго прынята называць «шырокімі народнымі масамі».
  • Сёньняшнія падзеі паставілі кропку ў спрэчках аналітыкаў, які сцэнар — эскаляцыі ці «лібэралізму» — абяруць улады падчас таго, што называецца выбарчай кампаніяй. Канечне, пра «лібэральнасьць» можна было казаць вельмі ўмоўна. Але сёньняшняе прызначэньне на пасаду прэм’ера чалавека, моцна зьвязанага зь сілавымі структурамі — з аднаго боку, ператрусы ў Ціханоўскага і іншых актывістаў — з другога, і заявы Лукашэнкі — усё гэта паказала, што ўлада канчаткова абрала шлях ціску на апанэнтаў, на грамадзянскую супольнасьць.
  • У тым выпадку, калі ўлады маюць намер прымяніць сілу, яны будуць шукаць нейкага апраўданьня — і тут вельмі дапамагла б, напрыклад, наяўнасьць нейкай зброі ў якога-небудзь актывіста, хоць бы нават паляўнічай стрэльбы. Тады будзе знойдзена і апраўданьне словам, якія сёньня шмат хто ўспрыняў як пагрозу страляць.
  • Пры ўсіх складанасьцях адносін паміж Лукашэнкам і Пуціным Лукашэнка застаецца для Масквы кандыдатам нумар 1. У палітыцы геапалітычныя інтарэсы больш важныя, чым асабістая сымпатыя ці антыпатыя.
  • Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

    УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

    • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
    • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
    • Старшыня ЦВК адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
    • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак. Кандыдат у прэзыдэнты на выбарах-2010 Мікола Статкевіч зьбіраўся зарэгістраваць 30 «кандыдатаў пратэсту», каб мець магчымасьць зьбіраць людзей на вуліцах, але ня ўдзельнічаць ў саміх выбарах. Яго і амаль усіх ягоных паплечнікаў не дапусьцілі да збору подпісаў — зарэгістравалі толькі групу Ўладзімера Няпомняшчых.
    • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
    • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
    • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“». 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.

    Гэтыя 15 чалавек будуць зьбіраць подпісы, каб стаць кандыдатамі ў прэзыдэнты. Хто яны


Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG