У менскім Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў, што на 1-м завулку Акрэсьціна, перасталі прымаць перадачы, паведамілі 10 чэрвеня жонкі зьняволеных палітыкаў Міколы Статкевіча і Паўла Севярынца.
Як піша Марына Адамовіч, жонка зьняволенага лідэра «Народнай грамады» Міколы Статкевіча, спачатку яна пабачыла абвестку пра тое, што прыём перадачаў ня робіцца ў сувязі зь «неспрыяльнай эпідэмічнай абстаноўкай». Але калі яна пачала пісаць скаргу, абвестку зьмянілі на карацейшую: «Приём передач не осуществляется».
Вольга Севярынец, жонка зьняволенага сустаршыні «Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі» Паўла Севярынца, таксама абураецца: «Да гэтага часу абстаноўка для іх была нармальная, а тут раптам зьмянілася».
Яна кажа, што ейнага мужа «звычайна падсаджваюць да бамжоў з вошамі, адзіная магчымасьць абараніцца ад іх — зьмяняць вопратку». Яе таксама абурае, што нельга перадаць «нармальную ежу» і нават туалетную паперу, а таксама кнігі і газэты.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Севярынцу — 15 сутак. Жонку з малым сынам не пусьцілі на судАдамовіч адзначала чатыры дні таму незвычайную зьмену: раней перадачы ў турму на Акрэсьціна прымалі ў любыя дні, але раптам пачалі толькі ў будзённыя. Цяпер не прымаюць зусім.
Карэспандэнту Свабоды ў Менскім цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў дзяжурны адмовіўся назваць прычыны, паводле якіх не прынялі перадачу ў Марыны Адамовіч.
«Дадзенай грамадзянцы было ўсё патлумачана, чаму ў перадачы ёй адмоўлена, яна пакінула запіс у кнізе скаргаў. Да пабачэньня», — сказаў дзяжурны.