Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Міліцыянт упаў проста да маіх ног». На пэнсіянэрку, якая апынулася побач пры затрыманьні Ціханоўскага, завялі справу за хуліганства


Станіслава Дамшэль

На 63-гадовую гарадзенку Станіславу Дамшэль завялі справу за дробнае хуліганства. Па ейных словах, да яе ног 29 траўня ўпаў той самы міліцыянт Уладзімер Казлоўскі падчас штурханіны на пікеце Ціханоўскай.

Як расказала Станіслава Дамшэль, 8 чэрвеня да яе дадому двойчы прыходзілі міліцыянты. Адзін раз быў міліцыянт у форме, другі раз — двое ў цывільным. Жанчына цяпер на добраахвотнай самаізаляцыі праз каранавірус, таму дзьвярэй нікому не адчыніла. Урэшце яны пагаварылі праз балькон.

Як расказала пэнсіянэрка, міліцыянты паведамілі, што на яе заведзеная адміністратыўная справа па ч. 1 арт. 17 КаАП.

«Я нікога не забівала, ня біла, нічога», — абураецца жанчына.

29 траўня яна хадзіла на пікет на Савецкай плошчы, каб пакінуць подпіс за Сьвятлану Ціханоўскую.

«Я нечакана стала сьведкай сытуацыі, калі бедненькі, маленькі міліцыянт упаў проста да маіх ног. Бяз стогну, без адзінага ўздыху...» — узгадвае жанчына.

Па ейных словах, другі міліцыянт у форме «нёсься проста на яе і штурхнуў яе з усіх сіл», парваў ёй торбу. Жанчына кажа, што магла ўпасьці, калі б яе не падтрымалі людзі са сьпіны. Яна зьдзіўляецца, чаму міліцыянт не дапамог свайму калегу падняцца зь зямлі.

«Цікава даведацца ў міліцыі, каго я прыбіла: міліцыянта, які застаўся валяцца на асфальце, ці таго, які зьбягаў ад свайго ляжачага прыяцеля... Вы ведаеце такіх бабуляў, якія ўсё жыцьцё нармальна жылі і ў 63 гады сталі хуліганкамі?» — разважае Станіслава.

У апошнія гады яна працавала прадпрымальніцай. Перажывае цяпер, што стала хуліганкай на пэнсіі, прыйшоўшы на мірны пікет. Вінаватай сябе ня лічыць.

У прэс-службе УУС журналісту БелаПАН ня сталі праз тэлефон адказваць на пытаньне журналіста пра дэталі справы супраць Станіславы Дамшэль.

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

Затрыманьні Ціханоўскага і яго прыхільнікаў. Што трэба ведаць

  • Сяргей Ціханоўскі — відэаблогер, аўтар Youtube-каналу «Страна для жизни». Зьбіраўся балятавацца ў прэзыдэнты на выбарах 2020 году, але ягонай ініцыятыўнай групе адмовілі ў рэгістрацыі, калі ён быў у зьняволеньні. Але зарэгістравалі групу ягонай жонкі Сьвятланы Ціханоўскай, блогер стаў кіраўніком гэтай групы.
  • У Горадні а 20-й гадзіне 29 траўня Сяргея Ціханоўскага затрымалі супрацоўнікі АМАПУ падчас перадвыбарчага пікету за вылучэньне ў прэзыдэнты ягонай жонкі. Абставіны затрыманьня нагадвалі тыя, пра якія раней казаў Лукашэнка.
  • Гэта адбылося пасьля таго, як невядомая жанчына, якую сьведкі называлі правакатаркай, кідалася на блогера і спрабавала трымаць яго за вопратку. Яна патрабавала, каб Ціханоўскі адказаў, чаму ў Горадні няма яго жонкі. Ціханоўскі намагаўся сысьці ад жанчыны — зьявілася міліцыя.

Пахвілінна. Як адбылося затрыманьне Ціханоўскага ў Горадні >>

  • У Twitter-акаўнце Ціханоўскага «Страна для жизни» зьявілася відэа, на якім бачна, як мужчына ў скураной куртцы, падчас мітусьні на пікеце ў Горадні, дапамагае легчы на зямлю чалавеку ў міліцэйскай форме.
  • Літаральна праз паўхвіліны прыбеглі супрацоўнікі АМАП і затрымалі Сяргея Ціханоўскага, які знаходзіўся ў некалькіх мэтрах ад эпіцэнтру. Пазьней затрымалі таксама шэраг паплечнікаў Ціханоўскага. МУС паведаміў пра крымінальную справу за «гвалт супраць міліцыянтаў».
  • Ціханоўскага маюць трымаць за кратамі прынамсі да дня прэзыдэнцкіх выбараў.
  • Вядома пра наступных затрыманых у «справе Ціханоўскага»:
  1. Сяргей Ціханоўскі
  2. Яўген Разьнічэнка
  3. Зьміцер Фурманаў
  4. Уладзімер Навумік
  5. Вяргілій Ушак
  6. Аляксандар Арановіч
  7. Васіль Баброўскі
  8. Арцём Сакаў
  9. Уладзімер Кніга

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG