Жыхара Гомля з каранавірусам выклікалі на суд за падтрымку Ціханоўскага

Чарга на пікет па зборы подпісаў за Сьвятлану Ціханоўскую ў Гомлі, 28 траўня
Чарга на пікет па зборы подпісаў за Сьвятлану Ціханоўскую ў Гомлі, 28 траўня

«Я на суд не пайду з каранавірусам», — сказаў Свабодзе Віталь Смоліч.

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

10 чэрвеня прызначана судовае паседжаньне ў адміністрацыйнай справе жыхара Гомля Віталя Смоліча. Яго хочуць судзіць за ўдзел у акцыі падтрымкі Сяргея Ціханоўскага 7 траўня.

У Віталя пацьверджаны каранавірус. Ён быў шпіталізаваны ў лякарню хуткай мэдыцынскай дапамогі з хваробай сэрца. Туды яму прыходзілі SMS з суду з патрабаваньнем зьявіцца для разгляду справы.

«Я адказваў ім, што не магу прыйсьці, бо ляжу ў шпіталі. Мне з суду даслалі адказ па SMS, што ня могуць знайсьці мяне па тэлефоне. У нядзелю мне прыйшоў станоўчы тэст на каранавірус, і мяне выпісалі дахаты. І зноў прыйшла SMS, каб я 10 чэрвеня зьявіўся на суд», — расказаў Свабодзе Смоліч. Ён кажа, што і ня ведаў пра адміністрацыйны пратакол, а пра суд даведаўся толькі з SMS.

«Натуральна, я нікуды не пайду з каранавірусам», — дадаў актывіст.

Пасьля акцыі 7 траўня ў Гомлі супрацоўнікі АМАП затрымалі 20 чалавек. 6 удзельнікаў акцыі былі пакараныя арыштам тэрмінам на 15 сутак — Юры Ўласаў, Іван Рамязоўскі, Віталь Грыцкоў, Дзьмітрый Лукомскі, Сяргей Маслаў і Аляксей Думянкоў. Астатнія атрымалі штрафы — сумарна 1998 рублёў.

Сёньня ў судзе Цэнтральнага раёну пройдзе чарговае паседжаньне за акцыю 7 траўня. Будуць судзіць Алу Грэчку, сябра ініцыятыўнай групы Сьвятланы Ціханоўскай.

​
XS
SM
MD
LG