У Беларусі 35 244 хворыя на COVID-19: афіцыйная статыстыка на 23 траўня

Ілюстрацыйнае фота. Салдаты дэзынфэкуюць школу ў Бараўлянах, 2 траўня 2020 году

Міністэрства аховы здароўя Беларусі апублікавала 23 траўня ў сваім Telegram-канале новую афіцыйную статыстыку распаўсюду COVID-19.

Паводле міністэрства, на 23 траўня ў Беларусі:

  • агулам 35 244 чалавекі са станоўчым тэстам на COVID-19 (у іх лік уваходзяць тыя, хто паправіўся і хто памёр);
  • 194 памерлыя, зь якіх усе, як піша міністэрства, былі «з шэрагам хранічных захворваньняў» і каранавіруснай інфэкцыяй (шматлікіяродзічы памерлых кажуць, што гэта ня так — паміралі і без хранічных хваробаў);
  • 13 528 пацыентаў паправіліся і выпісаныя пасьля COVID-19;
  • гэта значыць, за дзень выявілі яшчэ 941 выпадак і прызналі яшчэ 4 сьмерці, выпісалі 776 чалавек;
  • ад пачатку эпідэміі ў краіне зрабілі 434 618 тэстаў (15 614 за дзень);
  • колькі пацыентаў у цяжкім стане ці на штучнай вэнтыляцыі лёгкіх, а таксама колькі хворых выпісалі дамоў на «амбуляторнае лячэньне», не паведамляецца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка пра каранавірус: «Мы выйшлі на плято і пайшлі на спад», яшчэ месяц прыйдзецца «важдацца»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Статыстыка «завісла»: тры тыдні ў Беларусі каля 918 новых выпадкаў COVID-19 і 4-5 прызнаных сьмерцяў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі сьмяротнасьць ніжэйшая чым у Швэцыі ў 22 разы. Гэта добра — але ці праўда?

Днём раней Міністэрства аховы здароўя паведаміла пра 34 303 выяўленыя выпадкі COVID-19 (плюс 932 за дзень) і 190 пацьверджаных сьмерцяў інфікаваных (плюс 5 за дзень).

Беларускія лекары ананімна заяўляюць, што ня ўсім хворым ставяць адпаведны дыягназ, а мэдыкам бракуе сродкаў засьцярогі. У рытуальным агенцтве кажуць, што ў памерлых часьцей пазначаны дыягназ «неўдакладненая пнэўманія», а не «каранавірус». Міністэрства аховы здароўя не залічвае да памерлых ад COVID-19 тых, у каго вірус «элімінавалі», а яны ўсё роўна памерлі.

Хоць намесьніца міністра аховы здароўя заяўляе пра «выхад на плято», колькасьць хворых нават у статыстыцы ейнага міністэрства няспынна расьце. У афіцыйнай статыстыцы колькасьці зробленых тэстаў раней была анамалія — нібыта за 4 траўня зрабілі 0 тэстаў і выявілі 861 новы выпадак.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Youtube апублікаваў сьпіс забароненых тэмаў пра COVID-19. У іх ліку «народныя сродкі» лячэньня
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Будуць і маскі, і пальчаткі». Як вылучэнцы ў прэзыдэнты будуць зьбіраць подпісы ва ўмовах пандэміі

Місія Сусьветнай арганізацыі здароўя і Пастаянная каардынатарка Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у Беларусі заклікалі беларускія ўлады зрабіць неадкладныя новыя захады супраць эпідэміі: перанесьці або скасаваць масавыя мерапрыемствы, даць магчымасьці для дыстанцыйнай працы і адукацыі, закрыць забаўляльныя ўстановы і скараціць «неістотныя перасоўваньні» людзей. У Брусэлі кажуць, што Беларусь атрымае дапамогу ў барацьбе з COVID-19 толькі тады, калі будзе выконваць рэкамэндацыі Сусьветнай арганізацыі здароўя.

Аляксандар Лукашэнка тым часам заяўляе, што «асабліва ня парыцца» наконт выяўленых выпадкаў каранавірусу. Рост пнэўманій у Беларусі ён лічыць «мізэрам». Лукашэнка не скасаваў вайсковога параду на 9 траўня, нават пасьля таго як ад удзелу ў тым парадзе адмовіліся вайскоўцы з Расеі і Кітаю, шэраг расейскіх палітыкаў. Таксама Лукашэнка ня робіць тэст на каранавірус, хоць працягвае наведваць публічныя мерапрыемствы і асабіста сустракаецца з чыноўнікамі, цісьне рукі пры сустрэчах. Прэзыдэнцкія выбары праз каранавірус ня сталі пераносіць, адмовіліся рабіць дыстанцыйнымі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мэдыкі чакалі большых даплат. Даведаліся ў прафсаюзаў, хто атрымае 600 рублёў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністар Каранік адказаў на спрэчныя пытаньні аб даплатах мэдыкам за працу з хворымі на COVID-19
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Складаецца сьпіс загінулых ад COVID-19 мэдыкаў. У ім ужо тры асобы зь Беларусі

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ