Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Будуць і маскі, і пальчаткі». Як вылучэнцы ў прэзыдэнты будуць зьбіраць подпісы ва ўмовах пандэміі


Ілюстрацыйнае фота. «Кандыдаты пратэсту» Статкевіча ў масках размаўляюць з журналістамі перад падачай дакумэнтаў у ЦВК,15 траўня 2020 году

Пікеты, сустрэчы, абыход кватэраў — неабходныя атрыбуты выбарчай кампаніі. Але як гэта рабіць ва ўмовах, калі на COVID-19 захворваюць па 900 чалавек за дзень? Свабода распытала некаторых прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта, як яны зьбіраюцца ладзіць кампанію ва ўмовах пандэміі.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

З 21 траўня вылучэнцы ў прэзыдэнты маюць права зьбіраць подпісы, каб стаць кандыдатам у прэзыдэнты. Агулам ёсьць 15 чалавек, чыя ініцыятыўныя групы зарэгістравалі. Гэта:

  • Банкір Віктар Бабарыка
  • Стваральнік ПВТ Валер Цапкала
  • Старшыня «Гавары праўду» Андрэй Дзьмітрыеў
  • Былая дэпутатка Ганна Канапацкая
  • Пэдагог Сьвятлана Ціханоўская
  • Удзельнікі праймэрыз Вольга Кавалькова, Мікалай Казлоў, Юрый Губарэвіч
  • Музыка Алесь Таболіч
  • Кандыдат пратэсту Ўладзімер Няпомняшчых
  • Старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Сяргей Чэрачань
  • Лідэр ЛДПБ Алег Гайдукевіч
  • Прадпрымальніца Натальля Кісель
  • Фэрмэр Юры Ганцэвіч
  • Дзейны кіраўнік краіны Аляксандар Лукашэнка

Штаб Бабарыкі: «Мы вельмі сур’ёзна ставімся да пандэміі»

Віктар Бабарыка ў масцы ідзе падаваць дакумэнты на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы ў ЦВК, 15 траўня 2020 году
Віктар Бабарыка ў масцы ідзе падаваць дакумэнты на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы ў ЦВК, 15 траўня 2020 году

У штабе Віктара Бабарыкі паведамілі, што ў каманды будуць і маскі, і антысэптыкі.

«Ініцыятыўная група ставіцца да гэтага вельмі сур’ёзна, гэта паказвае прыклад Віктара Бабарыкі, ён прыйшоў у ЦВК у масцы. Мы будзем рабіць асобную камунікатыўную групу наконт сродкаў засьцярогі, — паведаміў сябра ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі Сяргей Скляраў.

Цапкала: «Мы будзем рабіць стаўку на збор подпісаў у грамадзкіх месцах»

Былы кіраўнік ПВТ дыплямат Валер Цапкала прызнае, што «ва ўмовах пандэміі сабраць подпісы будзе складана», але робіць стаўку на добрую каманду.

Валер Цапкала
Валер Цапкала

«Мы разумеем, што ва ўмовах пандэміі сабраць 100 тысяч подпісаў будзе складана. Каб сабраць столькі, трэба каманда ў тысячу чалавек, мы тут крыху не дацягнулі. У нас шмат сяброў, у нас добрая каманда. Спадзяюся, што 886 чалавек, якія ў нас ёсьць, зробяць тую працу, якую мусіла б зрабіць тысяча чалавек», — сказаў падчас прэс-канфэрэнцыі Валер Цапкала.

Юры Губарэвіч: «Будзем настойваць на пераносе кампаніі»

Удзельнік праймэрыз і кіраўнік руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч лічыць, што правядзеньне кампаніі ў час пандэміі «злачынства», а подпісы сабраць у такі час проста немагчыма.

Юрась Губарэвіч
Юрась Губарэвіч

«Гэта злачынства накіроўваць зьбіральнікаў подпісаў па кватэрах. Такіх абыходаў дакладна ня будзе ў найбліжэйшыя дні ды і потым. Пікеты могуць быць больш абароненымі, бо можна выкарыстоўваць інфармацыйныя матэрыялы, візуалізацыю. Гэта такі пункт інфармаваньня пра патрабаваньні, якія мы маем. Я перакананы, што ніхто ня зможа сабраць подпісы і не распаўсюдзіць хваробы, гэта нерэальна. Наша патрабаваньне — перанос выбараў», — гаворыць Юры Губарэвіч.

Яшчэ да этапу рэгістрацыі сваіх ініцыятыўных груп удзельнікі праймэрыз заявілі, што іх мэта — інфармаваньне і яднаньне вакол сябе людзей, а ня збор подпісаў.

Ціханоўскі: «Маем і маскі, і пальчаткі»

Кіраўнік ініцыятыўнай групы Сьвятланы Ціханоўскай блогер Сяргей Ціханоўскі паведаміў Свабодзе, што ў іх кампаніі заплянаваныя пікеты, на якіх абавязкова будуць неабходныя сродкі засьцярогі.

Сяргей Ціханоўскі
Сяргей Ціханоўскі

«Будзем ладзіць пікеты, сродкі засьцярогі будзем выкарыстоўваць — маем і маскі, і антысэптыкі, і пальчаткі», — паведаміў Сяргей Ціханоўскі.

20 траўня пасьля вызваленьня Сяргей Ціханоўскі правёў стрым і сабраў падчас яго 4 тысячы даляраў на аўтапрабег па Беларусі.

Уладзімер Няпомняшчых: Сродкі засьцярогі будуць

ЦВК зарэгістравала толькі адну ініцыятыўную групу кандыдатаў пратэсту Міколы Статкевіча, гэта група Уладзімера Няпомняшчых. Канцэпцыя пратэставых кандыдатаў ня збор подпісаў, а вулічны пратэст. Раней падчас збору ля ЦВК прыхільнікі Статкевіча раздавалі маскі ўсім, хто прыйшоў.

BУладзімер Няпомняшчых падчас сбору подпісаў на парлямэнцкіх выбараў 2019 году
BУладзімер Няпомняшчых падчас сбору подпісаў на парлямэнцкіх выбараў 2019 году

«Маскі будуць, я маю маску і пальчаткі таксама. Пры гэтым карантыну няма, Лукашэнка на парадзе бяз маскі выступае. Зразумела, што трэба ўсё сродкі засьцярогі выкарыстоўваць, каб не даваць падставы гэтай уладзе мяне зьняць», — сказаў Уладзімер.

Ганна Канапацкая: «Сродкі засьцярогі маем»

Ганне Канапацкай на раніцу 21 траўня яшчэ ня выдалі пасьведчаньне, якое дазволіць зьбіраць подпісы.

Ганна Канапацкая падчас падачы дакумэнтаў у ЦВК
Ганна Канапацкая падчас падачы дакумэнтаў у ЦВК

«Учора я адкрыла рахунак і забясьпечыла куплю сродкаў засьцярогі: гэта маскі, пальчаткі, антысэптыкі. Я разумею, што гэта няпростая праца, абцяжараная пандэміяй, таму мы разьлічваем на доўгую і цяжкую працу збору подпісаў усімі сродкамі: гэта і пікеты, і абыход людзей, і тэлефон», — расказала Ганна Канапацкая.

З 21 траўня, маючы пасьведчаньне аб рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, прэтэндэнты маюць права зьбіраць подпісы. Для рэгістрацыі кандыдатам подпісаў мусіць быць ня менш за 100 тысяч.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак. Кандыдат у прэзыдэнты на выбарах-2010 Мікола Статкевіч зьбіраўся зарэгістраваць тры дзясяткі «кандыдатаў пратэсту», каб мець магчымасьць зьбіраць людзей на вуліцах, але ня ўдзельнічаць ў саміх выбарах. Яго і амаль усіх ягоных паплечнікаў не дапусьцілі да збору подпісаў — зарэгістравалі толькі групу Ўладзімера Няпомняшчых.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.

Гэтыя 15 чалавек будуць зьбіраць подпісы, каб стаць кандыдатамі ў прэзыдэнты. Хто яны

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG