Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Youtube апублікаваў сьпіс забароненых тэмаў пра COVID-19. У іх ліку «народныя сродкі» лячэньня


«Трэба проста працаваць. Трактар вылечыць усіх, поле ўсіх лечыць!» —заявіў Аляксандар Лукашэнка 16 сакавіка пра лячэньне каранавірусу.

Відэасэрвіс Youtube апублікаваў 20 траўня падрабязныя правілы адносна недакладнай мэдычнай інфармацыі пра каранавірусную інфэкцыю COVID-19. На сэрвісе «забаронена публікацыя кантэнту аб COVID-19, здольнага прывесьці да прычыненьня сур'ёзнай шкоды здароўю».

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

На Youtube цяпер забараняюць публікаваць матэрыялы, у якіх «паведамляюцца лжывыя зьвесткі аб каранавіруснай інфэкцыі, якія супярэчаць афіцыйным крыніцам — Сусьветнай арганізацыі здароўя і мясцовым органам аховы здароўя».

Відэа і іншы кантэнт, які не адпавядае правілам, будуць проста выдаляць першы раз, потым будуць папярэджваць і пасьля трох папярэджаньняў заблякуюць канал, зь якога распаўсюджваўся кантэнт.

Недапушчальна публікаваць ілжывыя зьвесткі пра:

  • лячэньне — у тым ліку матэрыялы, у якіх адгаворваюць зьвяртацца па мэдычную дапамогу і заклікаюць лячыць каранавірус дома, адмаўляюць існаваньне каранавірусу або заяўляюць, што ад каранавірусу ніхто не памёр; заклікі лячыць COVID-19 сродкамі «народнай мэдыцыны», малітвамі і абрадамі; заявы аб існаваньні ўжо цяпер вакцыны або лекаў ад COVID-19;
  • дыягностыку і прафіляктыку — любыя зьвесткі, якія супярэчаць рэкамэндацыям WHO і мясцовых органаў аховы здароўя;
  • шляхі распаўсюду — у тым ліку заявы аб тым, што COVID-19 не зьяўляецца віруснай або заразнай хваробай, не распаўсюджванецца ў пэўных кліматычных ці геаграфічных умовах, не закранае пэўных групаў людзей, заявы пра сумненьні ў рэкамэндацыях WHO і мясцовых органаў аховы здароўя аб выкананьні фізычнай дыстанцыі і самаізаляцыі.

У прыкладах як забароненыя згадваюцца і сьцьверджаньні аб тым, што затрымка дыханьня зьяўляецца «тэстам на каранавірус», і заклікі адмовіцца ад азіяцкай ежы, бо нібыта празь яе можна заразіцца каранавірусам, і ідэя «ачысьціць паветра ад каранавірусу фаервэркамі», і сьцьверджаньні, што COVID-19 выклікаецца выпраменьваньнем 5G-сетак.

Ці тычацца правілы публікацыяў заяваў палітыкаў і публічных асобаў, якія ўжо трансьляваліся празь іншыя каналы, у правілах не ўдакладняецца.

Аляксандар Лукашэнка ня раз даваў сумнеўныя рэкамэндацыі наконт COVID-19: прапаноўваў «лячэньне» трактарам, алькаголем, хакеем, маслам, лазьняй, козачкамі і іншым. Ён таксама неаднаразова разважаў, што нібыта ад каранавірусу ніхто не памірае, а проста каранавірус дае «атмасфэру, у якой разьвіваюцца хранічныя хваробы».

Усе гэтыя заявы публікаваліся і беларускімі СМІ, і замежнай прэсай, і відэаблогерамі. На момант публікацыі шматлікія відэа з такімі заявамі Лукашэнкі дасяжныя на Youtube.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • УЖЫВУЮ Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі
  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Проста чханьне — не сымптом каранавірусу.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​


Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Як зьмяняецца колькасьць хворых у Беларусі і суседніх краінах. Толькі графікі

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG