Блогер Ціханоўскі сабраўся ў прэзыдэнты. Хто ён

Сяргей Ціханоўскі

Відэаблогер Сяргей Ціханоўскі, аўтар каналу «Страна для жизни», быў затрыманы 6 траўня пасьля двух дзён міліцэйскага перасьледу.

На наступны дзень на ягоным Youtube-канале выйшла відэа, на якім Ціханоўскі гаворыць пра намер стаць кандыдатам у прэзыдэнты Беларусі.

Што варта ведаць пра Ціханоўскага:

  • яму 41 год, жыве ў Гомлі, жанаты, мае дзяцей;
  • мае Youtube-канал з амаль 150 тысячамі падпісантаў, самае папулярнае відэа на якім мае 719 тысяч праглядаў;
  • на канале ён крытыкуе беларускія ўлады і расказвае аб праблемах жыхароў розных рэгіёнаў Беларусі; пэрыядычна ладзіць сустрэчы з падпісантамі;
  • выступае за пашырэньне мясцовага самакіраваньня ў Беларусі;
  • у сакавіку сабраў за адзін стрым 1600 даляраў на арэнду аўтадома, на якім пачаў езьдзіць у розныя гарады на запрашэньне падпісантаў;
  • неаднаразова браў удзел у палітычных акцыях пратэсту і быў караны ўладамі за гэта, у тым ліку правёў Новы год за кратамі за ўдзел у акцыях супраць «паглыбленьня інтэграцыі» Беларусі і Расеі;
  • да таго, як заняўся блогам «Страна для жизни», здымаў рэкляму і музычныя кліпы са сваёй студыяй вытворчасьці відэакантэнту «Компас» (казаў журналістам, што сам больш не займаецца гэтым, але кампанія працуе), купляў «кулацкі дом» у вёсцы пад Гомлем і зьбіраўся зрабіць там гатэль;
  • раней меркаваў стаць адным з «кандыдатаў пратэсту» Міколы Статкевіча.