Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СМІ ў несвабоднай краіне. БАЖ прэзэнтавала даклад пра становішча беларускіх мэдыя


Галоўная рэдактарка Tut.by Марына Золатава падчас "справы БелТА". 2019 год
Галоўная рэдактарка Tut.by Марына Золатава падчас "справы БелТА". 2019 год

Беларуская асацыяцыя журналістаў прэзэнтавала аналітычны даклад «Мэдыя ў Беларусі-2020. Рынак, законы і інфармацыйная бясьпека».

Аўтары дасьледаваньня — мэдыяэкспэрт Андрэй Аляксандраў і юрыст, старшыня БАЖ Андрэй Бастунец.

Чвэрць стагодзьдзя дзяржава абмяжоўвае свабоду СМІ

Дакумэнт абапіраецца на аналягічны даклад 2014 году «За рэформы мэдыя ў Беларусі», які стаў вынікам супрацы арганізацыі «Індэкс цэнзуры» (Index on Censorship, Вялікая Брытанія) і Беларускай асацыяцыі журналістаў.

У новай працы аўтары аналізуюць сучасны стан мэдыяляндшафту Беларусі, ацэньваюць зьмены ў заканадаўстве, якое ўплывае на мэдыя, і практыках яго прымяненьня. Таксама разглядаюцца пытаньні інфармацыйнай бясьпекі Беларусі і ўплыву расейскай прапаганды.

«У Канстытуцыі Беларусі замацаваныя гарантыі свабоды выказваньня думак і атрыманьня, захоўваньня і распаўсюду інфармацыі, забароненая цэнзура, — адзначыў падчас прэзэнтацыі Андрэй Аляксандраў. — Нягледзячы на гэта, прынятыя заканадаўчыя акты, а таксама практыка іх прымяненьня, якія абмяжоўваюць свабоду СМІ. Дзяржава, устанавіўшы кантроль над традыцыйнымі мэдыя, паступова распаўсюджвае яго на інтэрнэт і кнігавыданьне».

Беларусь застаецца «несвабоднай» краінай у рэйтынгу «Свабода ў сьвеце» арганізацыі Freedom House. Ніводныя выбары ці нацыянальныя рэферэндумы, праведзеныя ў краіне пасьля 1994 году, не былі прызнаныя назіральнікамі БДІПЧ АБСЭ сумленнымі і свабоднымі.

Арганізацыя «Рэпартэры без межаў» па выніках 2019 году зьмясціла Беларусь на 153-е месца са 180 краін ва ўзроўні свабоды прэсы. На праблемы ў галіне свабоды выказваньня думак рэгулярна зьвяртаюць увагу спэцдакладчык ААН у правах чалавека ў Беларусі, прадстаўнік АБСЭ у свабодзе мэдыя, міжнародныя журналісцкія і праваабарончыя арганізацыі, прадстаўнікі грамадзянскай супольнасьці.

Адпрацаваны мэханізм тэлевізыйнага замбаваньня

Як адзначаюць аўтары дакладу, галоўнай крыніцай інфармацыі для жыхароў Беларусі па-ранейшаму застаецца тэлевізія. Тычыцца гэта найперш старэйшага пакаленьня беларусаў. Пры гэтым у краіне няма ніводнага грамадзкага тэлерадыёвяшчальніка. Дзяржава кантралюе найбуйнейшыя электронныя мэдыя, якія атрымліваюць значныя датацыі зь бюджэту.

Пры гэтым доля тэлевізіі ў структуры мэдыяспажываньня зьніжаецца — як і падаюць наклады друкаваных выданьняў. Усё большы ўплыў заваёўвае інтэрнэт, пашыраецца выкарыстаньне мабільных плятформаў і мэсэнджараў. Высокую папулярнасьць маюць сацыяльныя сеткі.

Гэтыя фактары спрыяюць разьвіцьцю новых мэдыя, фармаваньню новых супольнасьцяў вакол блогераў, актывістаў, не зьвязаных з традыцыйнымі СМІ, а таксама дывэрсіфікацыі каналаў дыстрыбуцыі журналісцкага і іншага кантэнту.

Аднак, як вынікае з дасьледаваньня БАЖ, большасьць зьменаў у заканадаўства ў сфэры свабоды выказваньня думак за апошнія гады накіраваныя на абмежаваньне гэтай свабоды і ўзмацненьне дзяржаўнага кантролю над інфармацыйнай прасторай краіны.

Першы нарматыўны акт, прысьвечаны прававому рэгуляваньню адносінаў у інтэрнэце, быў прыняты ў Беларусі ў 2010 годзе. Гэта ўказ прэзыдэнта № 60 «Аб мерах на ўдасканаленьне выкарыстаньня нацыянальнага сэгмэнту сеткі Інтэрнэт».

Сваю ролю ва ўзмацненьні жорсткасьці дзяржаўнага кантролю над інтэрнэт-сфэрай таксама мелі зьмены ў закон аб СМІ у 2014 і 2018 гадах. У прыватнасьці, новыя нормы ўзаконілі магчымасьць «абмежаваньня доступу да прадукцыі СМІ, якая распаўсюджваецца з дапамогай інфармацыйнага рэсурсу ў глябальнай кампутарнай сетцы», вызначалі адказнасць уладальнікаў інтэрнэт-рэсурсаў за распаўсюд «забароненай» інфармацыі і г.д.

Гучныя гісторыі мінулых гадоў — крымінальныя справы блогераў Сяргея Пятрухіна і Андрэя Павука, «справа БелТА» ды іншыя — сьведчаць, што дзяржава не зьбіраецца аслабляць путы, кантроль незалежных журналістаў, робяць выснову аўтары дакладу.

Багацьце выбару пацярпець за абразу прадстаўніка ўлады

Акрамя таго яны зьвяртаюць увагу, што ў Крымінальным кодэксе Беларусі ёсьць шэсьць артыкулаў, паводле якіх можна трапіць за краты, калі крытыкуеш прадстаўнікоў улады:

• «Паклёп» (188)

• «Абраза» (189)

• «Паклёп у дачыненьні да прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь» (367)

• «Абраза прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь» (368)

• «Абраза прадстаўніка ўлады» (369)

• «Абраза судзьдзі або засядальніка» (391)

Да таго ж артыкул 369-1 прадугледжвае адказнасьць за дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь.

Апошнім часам павялічылася колькасьць выпадкаў прыцягненьня журналістаў і актывістаў да адміністрацыйнай адказнасьці за публікацыі ў сацыяльных сетках. Артыкул 17.11. Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях вызначае адказнасьць за распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, якая зьмяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасьці ці прапагандуе такую дзейнасьць.

Як адзначаюць аўтары, большасьць рэкамэндацый, прапанаваных у аналітычным дакладзе «За рэформы мэдыя ў Беларусі» за 2014 год, так і не былі выкананыя. Таму прывядзеньне заканадаўства ў адпаведнасьць зь міжнароднымі абавязаньнямі і на сёньня застаецца адной з галоўных задач і дзяржавы, і грамадзянскай супольнасьці, мяркуюць аўтары дакладу.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG