Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнікі дзяржаўных СМІ скрытыкавалі незалежныя мэдыя за асьвятленьне пандэміі каранавірусу


Кадр з навіны тэлеканалу «Беларусь-1» пра рэкамэндацыі САЗ. «Незаўважаныя» рэкамэндацыі трапілі ў кадр (пазначаныя жоўтым)
Кадр з навіны тэлеканалу «Беларусь-1» пра рэкамэндацыі САЗ. «Незаўважаныя» рэкамэндацыі трапілі ў кадр (пазначаныя жоўтым)

У праграме «Клюб рэдактараў» на тэлеканале «Беларусь 1» у пятніцу вечарам кіраўнікі дзяржаўных СМІ скрытыкавалі незалежныя мэдыя за асьвятленьне сытуацыі з распаўсюдам каранавірусу ў Беларусі.

Ці не найбольш крытыкі адрасавалася Радыё Свабода — перадусім за публікацыю, у якой мы паказалі, які дзяржаўныя СМІ «не заўважылі» асноўных рэкамэндацый Сусьветнай арганізацыі здароўя, якіх у краіне не выконваюць.

Дзяржаўныя органы і СМІ прадстаўляюць абмежаваную інфармацыю пра бягучую сытуацыю з каранавірусам у Беларусі. Свабода тыднямі ня можа атрымаць адказы на дзясяткі пытаньняў ад Міністэрства аховы здароўя (у адміністрацыях мэдычных структур па ўсёй краіне, як правіла, адмаўляюцца размаўляць, перанакіроўваючы ў міністэрства), а дзяржаўныя СМІ абмяжоўваюцца пазытыўным асьвятленьнем рашэньняў Аляксандра Лукашэнкі і дзеяньняў дзяржаўных структур.

«Тое, што адбываецца ў незалежных СМІ, носіць характар ваенных дзеяньняў» — міністар інфармацыі

У чарговым «Клюбе рэдактараў» на тэлеканале «Беларусь 1» у пятніцу вечарам міністар інфармацыі Аляксандар Карлюкевіч спачатку нагадаў, што вынесены папярэджаньні некаторым інтэрнэт-рэсурсам. «Галоўны аргумэнт — гэта няспраўджаная інфармацыя».

Аляксандар Карлюкевіч
Аляксандар Карлюкевіч

Спадар Карлюкевіч лічыць, што інфармацыйнае поле стала «дастаткова агрэсіўным». У яго асабіста склалася ўражаньне, што многія мэдыйныя рэсурсы «ваююць не з самой праблемай каранавірусу, а ваююць з тымі людзьмі, якія на самой справе робяць канкрэтныя крокі па зьніжэньні наступстваў пандэміі». Паводле міністра інфармацыі, тое, што адбываецца ў незалежных СМІ, «носіць характар ваенных дзеяньняў».

«Магчыма, яны ўжо рыхтуюцца да пэўнай палітычнай кампаніі і зыходзяць з таго, што наперадзе будзе палітычная барацьба за ўладу. Гэта, канечне, напружвае», — робіць выснову міністар Карлюкевіч.

Кіраўнік БТ Іван Эйсмант працягнуў тэму — маўляў, недзяржаўныя мэдыя і іх «аналітыкі ў двухкосьсі» ўжо гатовыя да прэзыдэнцкіх выбараў.

Недзяржаўныя СМІ «зьніжаюць імунітэт»​

Галоўны рэдактар газэты «СБ. Беларусь сегодня» Дзьмітры Жук падзяліўся сваім уяўленьнем пра недзяржаўныя СМІ: «Калі адкрываеш некаторыя рэсурсы, ствараецца ўражаньне, што ты трапляеш на могілкі, дзе адны крыжы».

А дырэктар прадстаўніцтва Міждзяржаўнай тэлерадыёкампаніі «Мір» у Беларусі Ўладзімер Пярцоў заявіў, што «людзі, якія сядзяць на гэтых рэсурсах, больш схільныя паніцы, псыхічным разладам, і таму найбольш уразьлівыя да вірусу, бо „такі псыхічны стан, натуральна, зьніжае імунітэт“. І гэта ўплывае на здольнасьць чалавека заразіцца тым самым вірусам».

Пярцоў параіў зьвяртацца да правераных крыніц, чытаць аб’ектыўную прэсу, то бок дзяржаўныя СМІ, заўважыўшы пры гэтым, што забараніць незалежныя рэсурсы яны ня могуць.

Кіраўнік БТ​ ​ня менш за пяць разоў узгадаў Радыё Свабода

Кіраўнік БТ Іван Эйсмант ​ня менш за пяць разоў узгадаў Радыё Свабода.

«Проста вар’яцкія рэчы мне давялося прачытаць на гэтым тыдні ў сумна вядомай насьценгазэце Дзярждэпартамэнту ЗША Уявіце, яна падрыхтавала нейкую нататку, дзе гаворыцца, што БТ і АНТ не ўказалі на рэкамэндацыі САЗ, што да масавых і спартовых мерапрыемстваў. Сьмешна! Яны пішуць: «Толькі на 30-й хвіліне БТ узгадала пра рэкамэндацыі САЗ. Настолькі ўсё перакулена з ног на галаву, настолькі другасныя рэчы выцягваюцца наверх!» — сказаў кіраўнік БТ.

Іван Эйсмант паказаў і скрыншот РС, назваўшы сайт «умоўным Радыё Свабода».

Уладзімер Пярцоў параіў, каб амэрыканская радыёстанцыя «неяк вызначылася».

«Бо немагчыма быць такім і такім. ЗША спынілі фінансаваньне САЗ, а некаторыя штаты Амэрыкі падаюць у суд на Сусьветную арганізацыю здароўя... Дык вы вызначыся: прызнаеце САЗ альбо не прызнаеце!» — заклікае кіраўнік тэлерадыёкампаніі «Мір».

Затое ўдзельнікі «Клюбу рэдактараў» пахвалілі гэтым разам газэту «Комсомольскую правду в Белоруссии».

«Незалежныя СМІ любяць перадрукоўваць пасквілі адзін аднаго... А цудоўнае інтэрвію лекара-эпідэміёляга, загадчыка аддзяленьня мэдстатыстыкі Менскага абласнога клінічнага шпіталя Віктара Сушчэвіча зьнікла, ніхто яго не рэтрансьляваў, ніхто не перадрукаваў», — заўважыў Іван Эйсмант.

Рэдактара «The Washington Post» запрасілі ў «Клюб рэдактараў»

Узгадалі ў «Клюбе рэдактараў» і артыкул у The Washington Post, што перадрукавала «Наша Ніва». Выданьне атрымала на гэтым тыдні патрабаваньне Мінінфарму выправіць інфармацыю.

Кіраўнікі дзяржаўных СМІ асобна акцэнтавалі ўвагу на прозьвішчы аўтаркі артыкула «амэрыканкі ў дзясятым пакаленьні» Тацяны Кулакевіч, абвінаваціўшы яе «ў кучы штампаў». Паведамілі, што суткі таму накіравалі ліст з 13-ю пытаньнямі і ў The Washington Post, і аўтарцы артыкулу. Адказу пакуль не атрымалі. На што кіраўнік тэлеканала АНТ Марат Маркаў пажартаваў: «У іх жа няма Закону аб зваротах грамадзян»! І запрасілі рэдактара амэрыканскай газэты і аўтарку артыкулу пра Беларусь у праграму «Клюб рэдактараў».

Скрытыкавалі і расейскія тэлеканалы: узгадалі перадачу «60 хвілін» па тэлеканале «Расея» і вядоўцу Яўгена Папова, назваўшы журналіста і ягонага экспэрта «шарлатанамі».

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG