Берасьцейцы працягваюць пратэставаць супраць акумулятарнага заводу. 2 лютага на плошчу выйшлі 120 чалавек
"Начная варта" ля акумулятарнага заводу пад Берасьцем
Міліцыя папярэдзіла ўдзельнікаў акцыі пра адказнасьць, але затрыманьняў не было.
Каля 120 праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага заводу сабраліся ў цэнтры Берасьця 2 лютага, паведамляе агенцтва БелаПАН. Такія сустрэчы праходзяць на плошчы Леніна ў абласным цэнтры кожную нядзелю з 25 лютага 2018 году. Паводле падлікаў праваабаронца Ўладзімера Вялічкіна, у 12.40 на плошчы было каля 120 чалавек. Міліцыя праз мэгафон папярэджвала іх аб адказнасьці за правядзеньне несанкцыянаванай акцыі.
Людзі, якія сабраліся на плошчы, абмяркоўвалі разьмешчаную 31 студзеня на сайце кампаніі 1AK-Group, у якую ўваходзіць ТАА «АйПаўэр», інфармацыю пра адмову ад перадачы актывістам Дзмітрыю Бекалюку і Ўладзімеру Марозу праектнай дакумэнтацыі акумулятарнага заводу. Гэта неабходна для правядзеньня грамадзкай экалягічнай экспэртызы. «АйПаўэр» аргумэнтуе гэтае рашэньне тым, што Бекалюк і Мароз двойчы адмовіліся ад атрыманьня праектнай дакумэнтацыі, а прычыны адмовы, названыя імі 27 студзеня ў акце, зьяўляюцца неабгрунтаванымі і не перашкаджаюць правядзеньню.
Актывісты, у сваю чаргу, паведамляюць, што перададзеная ім адміністрацыяй прадпрыемства дакумэнтацыя зьмяшчае далёка ня ўсе неабходныя для экспэртызы зьвесткі.
Сход на плошчы Леніна ў Берасьці скончыўся без затрыманьняў, актывісты прайшліся цэнтрам гораду да кінатэатра «Беларусь».