Пяты раз за месяц у Менску мітынгавалі супраць інтэграцыі з Расеяй. Як гэта было

Пратэст супраць інтэграцыі Беларусі з Расеяй у Менску, 29 сьнежня 2019 году

У Менску прайшла чарговая — пятая за месяц — акцыя супраць паглыбленьня інтэграцыі з Расеяй. Свабода вяла жывую відэа- і тэкставую трансьляцыю з пратэсту.

Што адбылося:

  • Больш за сотню чалавек пратэставалі супраць паглыбленьня інтэграцыі Беларусі і Расеі 29 сьнежня. Пратэст складаўся зь дзьвюх акцыяў: мітынг апоўдні на Кастрычніцкай плошчы з шэсьцем да плошчы Незалежнасьці і «жывы ланцуг» каля Галоўпаштамта а 15-й.
  • У мітынгу на Кастрычніцкай, як падлічылі назіральнікі, узялі ўдзел каля 120 чалавек, акцыя цягнулася паўтары гадзіны, шэсьце ішло яшчэ паўгадзіны. «Жывы ланцуг» стаяў паўгадзіны.
  • «Мы лічым здрадай тое, што робіць зараз Лукашэнка, спрабуючы навязаць беларускаму народу так званую „31 дарожную карту“. Мы патрабуем, каб гэтыя ганебныя дакумэнты былі апублікаваныя. Мы патрабуем вызваленьня беларускіх патрыётаў, якія незаконна былі кінутыя за краты за тое, што абаранялі Айчыну», — тлумачыў адзін зь лідэраў мітынгу Вячаслаў Сіўчык.
  • Міліцянты і «людзі ў цывільным» не заміналі акцыям — хіба адзін чалавек хадзіў каля «жывога ланцугу» і казаў «зьяжджаць у Ізраіль ці ЗША, дзе дэмакратыя», а прысутныя казалі, што ад яго моцна пахла алькаголем.
  • Акцыі 29 сьнежня сабралі менш чалавек, чым папярэднія. Так, «жывы ланцуг» меркавалася расьцягнуць ад Галоўпаштамта да Кастрычніцкай, але людзей хапіла толькі на два кварталы. Арганізатары тлумачылі гэта адсутнасьцю канкрэтнай нагоды (хоць сам працэс паглыбленьня інтэграцыі не спыніўся). Акрамя таго, акцыі праходзілі пры мінусавой тэмпэратуры (калі сабраўся «жывы ланцуг», пайшоў сьнег), а цягам тыдня ініцыятара мітынгу Паўла Севярынца і лідэраў пратэсту арыштавалі, штрафаў прысудзілі на больш як 16 тысячаў рублёў.

Чытайце наш тэкставы рэпартаж, глядзіце відэа і фотагалерэю з акцыі:

Пяты за месяц мітынг супраць інтэграцыі з Расеяй. ФОТАГАЛЕРЭЯ

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Больш за 16 000 рублёў штрафаў. Каго асудзілі за пратэст супраць інтэграцыі

«Паглыбленьне інтэграцыі» Беларусі і Расеі. Што важна ведаць

Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін, ліпень 2019

  • Урады Беларусі і Расеі зьбіраліся ўзгадніць 31 стратэгічны плян інтэграцыі. Паволе расейскага прэм’ер-міністра Дзьмітрыя Мядзьзведзева, няўзгодненым застаўся 1 плян — пра наднацыянальныя органы.
  • Што менавіта зьбіраюцца падпісаць Лукашэнка і Пуцін, а таксама на што пагадзіліся ўрады ў стратэгічных плянах, публічна не агучваецца.
  • Тэма «паглыбленьня інтэграцыі» пачалася зь перамоваў пра кампэнсацыю «падатковага манэўру». Але ў «праграме інтэграцыі» няма кампэнсацыі «падатковага манэўру», бюджэт разьлічылі безь яе.
  • У канцы 2018 году Мядзьведзеў заявіў, што Расея гатовая «праводзіць адзіную палітыку ў галіне падаткаў, цэна- і тарыфаўтварэньня» толькі тады, калі будуць выкананыя ўмовы пагадненьня аб «саюзнай дзяржаве» 1999 году — а гэта агульныя валюта, суд і мытня.
  • Гэтыя ўмовы празвалі «ўльтыматумам Мядзьведзева». Аляксандар Лукашэнка тады адказаў жорстка: маўляў, «шантажаваць марна. Разумею намёкі — уступайце ў склад Расеі. Гэтага ня будзе ніколі».
  • 19 сьнежня 2019 году Ўладзімір Пуцін заявіў, што зь Беларусьсю абмяркоўваюць стварэньне наднацыянальных органаў — кантрольнага і эмісійнага. 23 сьнежня Мядзьведзеў паўтарыў, што без наднацыянальных органаў ня будзе кампэнсацыі «падатковага манэўру» і іншай дапамогі Беларусі.
  • 17 лістапада Лукашэнка абурыўся тым, што расейцы «кожны раз падсоўваюць новыя ўмовы, у выніку мы ў эканоміцы нешта страчваем», і рытарычна спытаў: «На храна патрэбен такі саюз?».
  • Шэраг беларусаў лічаць, што «паглыбленьне інтэграцыі» ўсё ж можа прывесьці да страты незалежнасьці Беларусі. Палітыкі і культурныя дзеячы прынялі 1 сьнежня сумесную заяву «Аб пагрозе Незалежнасьці Беларусі», а 4 сьнежня супраць інтэграцыі выступілі беларускія Telegram-каналы і суполкі «Ўкантакце».
  • Акцыі супраць паглыбленьня інтэграцыі Беларусі і Расеі прайшлі ў Менску ​7, 8, 20 і 21 сьнежня. А таксама ў Горадні, Пінску, Лідзе. За мяжой — у Польшчы, Украіне, Літве, Чэхіі, Вугоршчыне, Бэльгіі, Ізраілі, ЗША, Канадзе.
  • Агульная сума штрафаў пратэстоўцам — каля 65 тысяч даляраў. Таксама ўдзельнікам акцый прысудзілі агулам 375 сутак арышту.

  • 24 сьнежня ў інтэрвію «Эхо Москвы» Лукашэнка заявіў, што акцыі супраць «паглыбленьня інтэграцыі» не былі масавымі («400 чалаек — гэта наша ядро апазыцыі»), і «нехта падказаў, аплаціў, фонды ім даюць прыстойныя грошы». Лукашэнка дадаў, што сам ня пойдзе на тое, «ад чаго яны спрабуюць усьцерагчы беларускі народ», і назваў сябе «галоўны абаронца сувэрэнітэту і незалежнасьці».

Спэцпрапект «Чаму Беларусь не Расея»