Былога назіральніка на выбарах Маркелава вызвалілі з турмы на Акрэсьціна на гадзіну раней

Пётра Маркелаў у судзе, 9 сьнежня

Днём 23 сьнежня выйшаў на волю актывіст Legalize Belarus і былы назіральнік на выбарах у Палату прадстаўнікоў ад «Моладзевага блёку» Пётра Маркелаў. Але знаёмыя не змаглі сустрэць яго — актывіста вызвалілі на гадзіну раней за належны час.

Пятра Маркелава арыштавалі на 14 сутак за відэаздымку падліку галасоў на выбарчым участку ў Менску. Да яго цягам трох дзён не магла трапіць адвакатка, бо нібыта «не было вольных кабінэтаў для сустрэчы».

12 сьнежня былы сукамэрнік Пятра Маркелава зьвязаўся зь ягонай маці і паведаміў, што Пятра трымаюць у жудасных умовах разам зь бяздомнымі, у камэры смурод і антысанітарыя, і Маркелаў просіць дапамогі адваката.

Забралі матрац, спаў на мэталічнай рашотцы

Пасьля некалькіх скаргаў маці Маркелава Ірыны Чатыркі ў Сьледчы камітэт і пракуратуру Менску адвакатцы дазволілі наведаць Пятра.

«Паводле адвакаткі, у мінулы аўторак супрацоўнікі ЦІП забралі ў Пятра матрац, яму давялося спаць на мэталічнай рашотцы, кожны дзень у камэры рабілі ператрусы. Калі Пётра патрабаваў вярнуць матрац, яму пагражалі.

Цяпер у камэры зьмяніўся кантынгент. Хлопцам далі вядро і анучы, яны прыбралі ў камэры, умовы больш-менш прымальныя», — расказала маці Пятра Ірына Чатырка.

Да таго ж Маркелаву 15 сьнежня ў ізалятары ўручылі яшчэ адзін пратакол аб адміністрацыйным парушэньні — 7 сьнежня ён быў на мітынгу на Кастрычніцкай плошчы.

За што судзілі Пятра Маркелава?

Назіральніка Пятра Маркелава 9 сьнежня арыштавалі на 14 сутак за відэаздымку падліку галасоў на выбарчым участку.

Падчас парлямэнцкай кампаніі Маркелаў быў даверанай асобай кандыдата ў дэпутаты ад «Моладзевага блёку» Стася Шашка. Як давераная асоба Маркелаў меў права працаваць на выбарчым участку як назіральнік, што і скарыстаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Актывіст Legalize Belarus: «Змагацца супраць наркотыкаў — гэта папулізм»