Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Назіральніка, які здымаў на відэа падлік галасоў, арыштавалі на 14 сутак


Пётра Маркелаў у судзе 9 сьнежня

14 суткамі адміністрацыйнага арышту пакараў суд назіральніка за мінулымі выбарамі ў Палату прадстаўнікоў Пятра Маркелава. Маркелава затрымалі на выбарчым участку.

Прысуд вынесла судзьдзя Маскоўскага раённага суду Тацяна Матыль, якая знаходзілася ў сьпісах неўязных у краіны Эўразьвязу за меркаваны ўдзел у рэпрэсіях супраць грамадзянскай супольнасьці Беларусі.

У самым пачатку адміністрацыйнага працэсу судзьдзя забараніла весьці відэаздымку. Яна не дапусьціла ў якасьці абаронцы старшыню грамадзкага аб’яднаньня «Прававая ініцыятыва» Вікторыю Фёдараву. Пётра Маркелаў хадайнічаў аб яе ўдзеле ў працэсе, бо, паводле яго, як беспрацоўны ня мае сродкаў, каб наняць прафэсійнага адваката. Пётра Маркелаў заявіў, што парушаецца ягонае права на абарону, гарантаванае Канстытуцыяй.

За што судзілі Пятра Маркелава?

На мінулых выбарах у Палату прадстаўнікоў Пётра Маркелаў быў даверанай асобай кандыдата ў дэпутаты ад «Моладзевага блёку» Стаса Шашка. Як давераная асоба Маркелаў меў права працаваць на выбарчым участку таксама як назіральнік, чым і скарыстаўся.

17 лістапада, у асноўны дзень галасаваньня, Маркелаў праводзіў назіраньне на выбарчым участку № 286 і застаўся там пасьля 20.00, калі галасаваньне закончылася і пачаўся падлік галасоў. І вось тут здарыўся канфлікт, які закончыўся выклікам міліцыі.

Што ў пратаколе, складзеным на Маркелава?

Паводле складзенага на Пятра Маркелава пратаколу, ён нібыта «громка крычаў» і парушаў грамадзкі парадак, а таксама адмовіўся выканаць загад міліцыянтаў пакінуць участак і пайсьці за імі ў райаддзел міліцыі. «Упіраўся нагамі», калі яго выводзілі з участку, сказана ў міліцэйскім пратаколе.

Пётра Маркелаў сваёй віны не прызнаў. Паводле яго, галасы выбарнікаў лічыліся з парушэньнямі і ён мусіў умяшацца, каб абараніць закон. Паводле Маркелава, сябры камісіі не запісвалі лічбаў і таму было незразумела, як адбылося складаньне галасоў.

«Я мусіў спыніць гэтае злачынства, здымаючы яго на відэа. Мая спроба абараніць закон ёсьць сьведчаньнем таго, што я з павагай паставіўся за нормаў маралі, гэта не было хуліганствам. Бо хуліганства — гэта наўмыснае грэбаваньне нормамі маралі, а мой намер быў накіраваны на адваротнае — на аднаўленьне парадку», — сказаў суду Пётра Маркелаў.

Адмовіўся Маркелаў прызнаць і непадпарадкаваньне супрацоўніку міліцыі. Былы назіральнік патлумачыў, што не пакінуў участак на патрабаваньне міліцыянтаў, бо зьбіраўся зафіксаваць і спыніць злачынства, якім быў недакладны падклік галасоў. Пётра Маркелаў прасіў суд спыніць справу супраць яго праз адсутнасьць складу адміністрацыйнага правапарушэньня ў ягоных дзеяньнях.

Пра падзеі на выбарчым участку сьведчылі Настасься Сахарчук, Лізавета Пракопчык і Стас Шашок, былы кандыдат у дэпутаты. Паводле апошняга, падлік галасоў на ўчастку, як і казаў Маркелаў, праводзіўся негалосна і недакладна.

«Пракантраляваць падсумаваньне галасоў было немагчыма. Пётра запатрабаваў, каб галасы пералічылі, але сябры камісіі на гэта сказалі, што ён парушае парадак. Між тым ён нікога не зьневажаў, ня лаяўся. Так, ён пачаў відэаздымку, але толькі і ўсяго», — прыгадаў сьведка Стас Шашок.

Паводле сьведкі, неўзабаве на ўчастак прыехалі супрацоўнікі міліцыі. Назіральнікі спрабавалі расказаць міліцыянтам пра тое, што на ўчастку несумленна лічаць галасы, але міліцыянты палічылі вінаватым Пятра Маркелава.

«Яго схапілі, жорстка павалілі на падлогу, заламалі рукі, начапілі кайданкі, хаця было відаць, што ён нічога не парушаў і не зьбіраўся ўцякаць», — успамінала пра затрыманьне Пятра Маркелава сьведка Настасься Сахарчук.

А вось што сказала аб прычыне канфлікту на ўчастку сьведка Лізавета Пракопчык:

«Ішоў падлік галасоў. Сябры камісіі мелі стосы бюлетэняў і вялі падлік галасоў за кожнага з кандыдатаў. Але пры гэтым лічбаў не запісвалі. А Пётра як назіральнік мог бачыць, колькі прыблізна аддалі галасоў кожнаму з кандыдатаў. Але ў выніковым пратаколе аказаліся лічбы, якія істотна не супадалі зь ягонымі назіраньнямі. Тады ён запатрабаваў пераліку галасоў і пачаў здымаць тое, што адбываецца на ўчастку».

Суд прагледзеў відэа падзеяў, якія адбыліся на ўчастку. На першым было відаць, як Маркелаў спрабуе патлумачыць міліцыянтам, што на ўчастку адбываецца парушэньне выбарчага закону, а гэта ёсьць крымінальным злачынствам. Заканчваецца відэа мітусьнёй у кадры — ў выніку назіральнік сам апынаецца на падлозе. На другім відэа сярод мужчынскіх галасоў, якія яўна спрачаюцца, гучыць: «Гэта яўная хлусьня...», «Гэта плявок у твар моладзі». Потым чуваць жаночы голас: «Я не абавязана вам нічога паказваць, малады чалавек, пакіньце памяшканьне...Усё, выклікайце...»

На тэрыторыі 286 участку, дзе балятаваўся Стас Шашок, знаходзіцца інтэрнат № 1 МДЛУ, у якім пражывае некалькі соцень студэнтаў. Стас Шашок мяркуе, што большасьць зь іх прагаласавалі за яго, бо ён быў «адзіным непраўладным кандыдатам». Між тым, паводле выніковага пратаколу, за Стаса Шашка на ўчастку прагаласавала толькі 46 выбарнікаў, хоць назіральнікі сьцьвярджаюць, што за яго было пададзена больш за 100 бюлетэняў.

Сьведкі Аўчыньнікава і Копаць, якія працавалі ў камісіі на ўчастку № 286, у суд не зьявіліся. Суд зачытаў іхныя паказаньні. Паводле сьведкі Аўчыньнікавай, Маркелаў перашкаджаў падліку галасоў, а пасьля таго, як яго выдалілі з участку, «праца працягвалася». Сакратарка камісіі Копаць таксама засьведчыла, што Маркелаў «паводзіў сябе агрэсіўна», і таму старшыня камісіі «націснула трывожную кнопку». Гэтыя сьведкі ня бачылі, каб Маркелава міліцыянты павалілі на падлогу. «Яго ўзялі за рукі і вывелі з памяшканьня», — прагучала з паказаньняў.

Не прыйшоў у суд і міліцыянт Валодзька, які затрымліваў назіральніка Маркелава. У паказаньнях сьведкі таксама сказана, што Маркелава вывелі з будынку, бо ён «паводзіў сябе з выклікам, перашкаджаў працы».

Былы кандыдат у дэпутаты Стас Шашок са скаргай у Цэнтрвыбаркам не зьвяртаўся. «Няма сэнсу. Яны адзін аднаго пакрываюць», — лічыць Стас Шашок.

Пётра Маркелаў пасьпеў пракамэнтаваць вырак. Ён сказаў, што гэта яўна запалохваньне ўсіх назіральнікаў, якія мусяць сумленна выконваць сваю працу і змагацца з парушэньнямі закону. «Атрымліваецца, мяне пакаралі як раз са тое, што я супрацьстаяў злачынствам на выбарчым участку. Гэта вельмі сымбалічна. Ну, нічога, пачытаю 14 дзён кніжкі».

Былога назіральніка ўзялі пад варту ў судовай зале. Сябры, якія прыйшлі ў суд падтрымаць Пятра Маркелава, сказалі, што ён не рыхтаваўся да пасадкі і нават ня браў з сабой сродкі асабістай гігіены.

Парлямэнцкія выбары-2019 у Беларусі. Што варта ведаць

Асноўны дзень галасаваньня на выбарах у Палату прадстаўнікоў сёмага скліканьня — ніжнюю палату Нацыянальнага сходу — 17 лістапада. Датэрміновае галасаваньне праходзіла ад 12 да 16 лістапада. Папярэднія вынікі сталі вядомыя 18 лістапада, ніводзін апазыцыянэр ня трапіў у Нацыянальны сход.

  • За 5 дзён датэрміновага галасаваньня на парлямэнцкіх выбарах у Беларусі, паводле ЦВК, прагаласавала 35,77% выбарнікаў. Незалежныя назіральнікі заяўляюць пра завышэньне яўкі больш чым у 2 разы.
  • Агулам у Палату прадстаўнікоў трапляе 110 дэпутатаў. Дэпутаты ніжняй палаты выбіраюцца паводле выбарчых акругаў, а не партыйных сьпісаў. Праўладная «Белая Русь» прапаноўвала выбіраць прынамсі палову дэпутатаў паводле партыйных сьпісаў (як, напрыклад, ва Ўкраіне), але ўлады гэтую ідэю адхілілі.
  • Галасаваць на выбарах у Палату маюць права усе паўналетнія грамадзяне Беларусі. Галасаваньне добраахвотнае і ня можа быць прымусовым. Скардзіцца на прымус да галасаваньня можна ў пракуратуру ці ў райвыканкамы.
  • Цяперашнія выбары адбыліся датэрмінова, хоць фармальна датэрміновымі ня лічацца. Тэрмін паўнамоцтваў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў — 4 гады. Але калі паміж выбарамі 2012 і 2016 гадоў прайшло 1449 дзён (3 гады, 11 месяцаў і 19 дзён), то паміж выбарамі 2016 і 2019-га пройдзе ўсяго 1162 дні (3 гады, 2 месяцы і 6 дзён).
  • Лукашэнка першапачаткова прапаноўваў правесьці выбары ў Палату на 7 лістапада — Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі. Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына тлумачыла, што гэтак ня варта рабіць. Урэшце на гэты дзень прызначылі выбары ў Савет Рэспублікі.
  • Выбары ў Савет Рэспублікі — верхнюю палату Нацыянальнага сходу — прайшлі 7 лістапада без удзелу звычайных беларусаў. Па 8 дэпутатаў ад вобласьці і яшчэ 8 ад Менску выбралі на абласных сходах дэпутаты гарадзкіх і раённых саветаў, яшчэ 8 дэпутатаў мае права прызначаць (але звычайна прызначае ня ўсіх) асабіста Аляксандар Лукашэнка. Ніводную кандыдатуру не адхілілі.
  • Фракцый у Палаце прадстаўнікоў няма. Апазыцыя амаль не трапляе ў Нацыянальны сход. Так, у Палаце прадстаўнікоў шостага скліканьня толькі 2 са 110 дэпутатаў — не прыхільнікі Лукашэнкі: Ганна Канапацкая ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі і беспартыйная Алена Анісім, старшыня Таварыства беларускай мовы. У Савеце Рэспублікі апазыцыі няма.
  • Нацыянальны сход дзейнічае з 1996 году — пасьля таго як Лукашэнка распусьціў Вярхоўны Савет XIII скліканьня. Выбары дэпутатаў Нацыянальнага сходу першага скліканьня не праводзіліся, Лукашэнка проста прызначыў туды ляяльных яму дэпутатаў Вярхоўнага Савету.
  • Нацыянальны сход амаль не распрацоўвае законапраектаў (часьцей гэта робяць міністэрствы і ведамствы) і амаль ніколі не галасуе супраць. Рэкорд шостага скліканьня Палаты прадстаўнікоў — 10 галасоў (9%) супраць звужэньня паўнамоцтваў сваёй палаты.
  • Краіны Заходняй Эўропы і ЗША не прызнавалі свабоднымі і дэмакратычнымі ніякія выбары і рэфэрэндумы ў Беларусі пасьля 1994 году. На ўсіх выбарах назіральнікі адзначалі шматлікія парушэньні, пасьля давалі рэкамэндацыі, але Лукашэнка прасіў яго «не павучаць».
  • На выбары 17 лістапада выстаўлялі кандыдатаў прынамсі 7 апазыцыйных партыяў і шэраг рухаў. На ранейшых выбарах далёка ня ўсіх апазыцыянэраў рэгістравалі кандыдатамі або чальцамі выбарчых камісій.
  • На пачатак датэрміновага галасаваньня з 560 зарэгістраваных засталося 516 кандыдатаў. 33 самі зьнялі свае кандыдатуры, яшчэ адносна 13 скасавалі рэгістрацыю за парушэньні (6 зь іх — ад апазыцыйнай «Эўрапейскай Беларусі»). Ніводнай безальтэрнатыўнай акругі няма
  • Выбары каштавалі бюджэту каля 23 млн беларускіх рублёў. Лукашэнка кажа, што выбары «павінны прайсьці як сьвята», а Нацыянальны сход мае стаць «дыскусійнай пляцоўкай для дыялёгу дэпутатаў з рознымі поглядамі». Старшыню ЦВК Лідзію Ярмошыну «палохала цішыня» вакол выбараў, а 99% беларусаў лічаць, што ня могуць паўплываць на органы ўлады.
  • Як сьцьвярджае ЦВК, яўка на выбары склала 77,22%. На трох мінулых выбарах у Палату называлася яўка каля 74%, а рэкорд быў у 2004 годзе, калі называлася яўка 89,84%.
  • Паводле папярэдніх вынікаў, у Палату прадстаўнікоў ​прайшлі 66 мужчын і 44 жанчыны​; 30 дзейных дэпутатаў, 2 чалавекі ва ўзросьце да 30 гадоў, ніводнага апазыцыянэра.
  • Сярод вядомых беларусаў, якія трапляюць у Палату прадстаўнікоў, былая міністарка інфармацыі Лілія Ананіч, «Міс Беларусь-2018» Марыя Васілевіч, кіраўнік «Белай Русі» Генадзь Давыдзька, старшыня ЛДПБ Алег Гайдукевіч.
  • Незалежныя беларускія назіральнікі фіксавалі парушэньні на датэрміновым галасаваньні і ў асноўны дзень выбараў (731 парушэньне і 622 скаргі, у тым ліку 341 — толькі за 17 лістапада), кожнага трэцяга незалежнага назіральніка выдалілі з участка. Асноўным парушэньнем называецца адсутнасьць адкрытага падліку бюлетэняў і забарона на капіяваньне выніковага пратаколу ўчастковай камісіі. Назіральнікі АБСЭ назвалі выбары неадпаведнымі важным міжнародным дэмакратычным стандартам. Місіі СНД і ШАС назвалі выбары «празрыстымі і дэмакратычнымі».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG