Расейская служба вэтэрынарнага і фітасанітарнага кантролю скасоўвае ад 6 сьнежня абмежаваньні на пастаўкі з чатырох беларускіх прадпрыемстваў. Прадукцыю можна будзе ўвозіць з электроннымі сэртыфікатамі, але толькі тую, што вырабілі 6 сьнежня і пасьля.
Забарону здымаюць з сыроў Маладэчанскага малочнага камбінату і Рагачоўскага мяса-кансэрвавага камбінату, мяса птушкі з агракамбінату «Сноў» і ялавічыны зь Менскага мясакамбінату.
Рашэньне было прынятае пасьля перамоваў кіраўніка Рассельгаснагляду Сяргея Данкверта і ягонага беларускага калегі Івана Сьмільгіня, а таксама па выніках расьсьледаваньняў расейскага боку і пад гарантыі беларускага.
За дзень да таго Рассельгаснагляд зьняў абмежаваньні з сырных паўфабрыкатаў Рагачоўскага мяса-кансэрвавага камбінату, а таксама малочнай прадукцыі 32 беларускіх кампаніяў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рассельгаснагляд абвінаваціў Беларусь у «фальшывым транзыце» малочнай прадукцыіМіж Беларусьсю і Расеяй ужо доўга працягваюцца спрэчкі наконт экспарту беларускай прадукцыі, якія называюць «малочнымі» і «мяснымі» войнамі.
Расея часта выказвае прэтэнзіі да якасьці беларускай малочнай і мясной прадукцыі і рэгулярна ўводзіць абмежаваньні на пастаўкі малочнай і мясной прадукцыі зь беларускіх прадпрыемстваў. Беларускі бок называе прэтэнзіі расейскага (якія тычацца ня толькі якасьці прадукцыі, але і незаконнага рээкспарту) неабгрунтаванымі. Прычыны «малочных войнаў» нярэдка называлі палітычнымі).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь не ў прыярытэце. Масква адказвае Менску на «малочныя» папрокі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Малочная вайна» Расеі зь Беларусьсю: нізкая якасьць прадукцыі ці замах на перапрацоўчыя прадпрыемствы?У першым квартале 2019 году экспарт беларускага малака і вяршкоў, ялавічыны, а таксама каўбас у Расею зьнізіўся на 15-30%. Усе пастаўкі малочнай прадукцыі зь Беларусі знаходзяцца на ўзмоцненым лябараторным кантролі з боку Рассельгаснагляду.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Экспарт беларускай мяса-малочнай прадукцыі ў Расею ўпаў на 15-30%Падобным чынам разьвіваліся «мясныя войны». Разам зь імі ідуць спрэчкі аб пастаўках зь Беларусі ў Расею прадуктаў, вырабленых у Эўропе і забароненых для ўвозу ў Расею праз санкцыі, у тым ліку «беларускіх» крэвэтак, шампіньёнаў, манга і папаі. (у 2014 годзе, пасьля акупацыі Крыму, у адказ на санкцыі з боку ЭЗ і ЗША Расея ўвяла забарону на імпарт прадуктаў з Эўразьвязу).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Колькі беларускіх прадуктаў забракавалі ў Расеі ў 2019 годзе ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што зь беларускімі крэвэткамі? Як Беларусь прадае ў Расею тунца, камбалу і каракаціц ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Насуперак Рассельгаснагляду. Якую імпартную садавіну Беларусь перапрадае ў Расею. ІНФАГРАФІКА