ЦВК накіравала свае пярэчаньні наконт справаздачы АБСЭ па парлямэнцкіх выбарах

Лідзія Ярмошына

Цэнтральная выбарчая камісія Беларусі (ЦВК) накіравала свае пярэчаньні наконт справаздачы АБСЭ па парлямэнцкіх выбарах у Беларусі, паведаміла 22 лістапада старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына, піша БелаПАН.

«Мы выказалі сваю пазыцыю, накіравалі пярэчаньні ў Міністэрства замежных спраў», — сказала Ярмошына.

Далей МЗС Беларусі мусіць перадаць пазыцыю ЦВК Беларусі ў АБСЭ. Тым часам ЦВК Беларусі 22 лістапада зацьвердзіла вынікі выбараў і зарэгістравала дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў сёмага скліканьня, паведамляе БЕЛТА.

«У нас 5.800 выбарчых участкаў. Па колькіх участках сумневы? Я нават не падвяргаю крытыцы, што гэтыя сумневы нічым не пацьверджаныя, — пракамэнтавала справаздачу АБСЭ Ярмошына. — На трынаццаці ўчастках, на думку АБСЭ, быў укід бюлетэняў, на дванаццаці, як яны лічаць, выбары няпэўныя. 25 участкаў, менш за палову адсотка (ад агульнай колькасьці — рэд.). Пра што тут можна казаць? Самі па сабе лічбы, нікім не абвергнутыя, не падвергнутыя заўвагам, кажуць пра тое, што, увогуле-то, выбары прайшлі нядрэнна», — заявіла Ярмошына.

На заўвагу БелаПАН, што назіральнікі АБСЭ крытыкуюць працэс падліку галасоў, Ярмошына адказала, што толькі частка назіральнікаў незадаволеная гэтым — «яны кажуць аб 5% назіраных участкаў», а большасьць «абсалютна задаволеная гэтай працэдурай».

Міжнародныя назіральнікі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ і БДІПЧ АБСЭ па выніках назіраньня прыйшлі да высновы, што выбары ў Палату прадстаўнікоў Беларусі былі неканкурэнтнымі і не адпавядалі важным міжнародным дэмакратычным стандартам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: АБСЭ: Выбары ў Беларусі не адпавядалі міжнародным стандартам

У прыватнасьці, у заяве адзначалася, што:

  • «Парлямэнцкія выбары прайшлі ў спакойнай абстаноўцы, аднак не адпавядалі міжнародным стандартам дэмакратычных выбараў».

«Істотныя працэдурныя недахопы падчас падліку галасоў выклікалі заклапочанасьць адносна таго, ці былі падлік галасоў і паведамленне пра яго праўдзівымі, а агульны недахоп празрыстасці знізіў магчымасць паўнавартаснага назірання».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кожнага трэцяга назіральніка выдалілі з участка — Праваабаронцы падвялі вынікі выбараў

  • ​Назіральнікі АБСЭ бачылі «зьнявагу асноўных свабодаў: сходаў, самавыражэньня» — свабодаў, гарантаваных Канстытуцыяй Беларусі. Назіральнікі канстатавалі, што яшчэ пры рэгістрацыі кандыдатаў бачылі «занадта абмежавальны працэс».
  • Назіральнікі заўважылі і тое, што ў выбарчых камісіях дамінавалі дзяржаўныя службоўцы, а іхная бесстароннасьць і незалежнасьць была абмежаваная. Сьпісы выбарнікаў засталіся непублічнымі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ярмошына і МЗС Беларусі раскрытыкавалі АБСЭ за ацэнку выбараў

МЗС Беларусі на гэтую заяву адказала, што гэта «беспадстаўнае і татальнае шэльмаваньне» краіны з боку назіральнікаў. Паводле МЗС, місіі АБСЭ «не ўдалося цалкам адысьці ад палітызаваных ацэнак і высноваў», а прадстаўнікі місіяў «яшчэ да прыезду ў краіну нэгатыўна выказваліся пра Беларусь і публікавалі абразьлівыя артыкулы пра краіну».

Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына ў камэнтары расейскаму РИА Новости заявіла, што ацэнка выбараў ад АБСЭ была «паверхневай, аднабаковай і недастаткова аргумэнтаванай».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея раскрытыкавала АБСЭ за ацэнку беларускіх выбараў

Міжнародная місія па назіраньні за парлямэнцкімі выбарамі ў Беларусі складалася з 437 назіральнікаў з 45 краін. Гэта 342 накіраваныя БДІПЧ экспэрты, доўгатэрміновыя і кароткатэрміновыя назіральнікі, 69 парлямэнтароў і прадстаўнікоў пэрсаналу ПА АБСЭ і 26 прадстаўнікоў ПАСЕ.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вынесьлі 468 бюлетэняў? 1500 няправільна прагаласавалі? Анамальныя лічбы па выбарах

Парлямэнцкія выбары-2019 у Беларусі. Што варта ведаць

Асноўны дзень галасаваньня на выбарах у Палату прадстаўнікоў сёмага скліканьня — ніжнюю палату Нацыянальнага сходу — 17 лістапада. Датэрміновае галасаваньне праходзіла ад 12 да 16 лістапада. Папярэднія вынікі сталі вядомыя 18 лістапада, ніводзін апазыцыянэр ня трапіў у Нацыянальны сход.

  • За 5 дзён датэрміновага галасаваньня на парлямэнцкіх выбарах у Беларусі, паводле ЦВК, прагаласавала 35,77% выбарнікаў. Незалежныя назіральнікі заяўляюць пра завышэньне яўкі больш чым у 2 разы.
  • Агулам у Палату прадстаўнікоў трапляе 110 дэпутатаў. Дэпутаты ніжняй палаты выбіраюцца паводле выбарчых акругаў, а не партыйных сьпісаў. Праўладная «Белая Русь» прапаноўвала выбіраць прынамсі палову дэпутатаў паводле партыйных сьпісаў (як, напрыклад, ва Ўкраіне), але ўлады гэтую ідэю адхілілі.
  • Галасаваць на выбарах у Палату маюць права усе паўналетнія грамадзяне Беларусі. Галасаваньне добраахвотнае і ня можа быць прымусовым. Скардзіцца на прымус да галасаваньня можна ў пракуратуру ці ў райвыканкамы.
  • Цяперашнія выбары адбыліся датэрмінова, хоць фармальна датэрміновымі ня лічацца. Тэрмін паўнамоцтваў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў — 4 гады. Але калі паміж выбарамі 2012 і 2016 гадоў прайшло 1449 дзён (3 гады, 11 месяцаў і 19 дзён), то паміж выбарамі 2016 і 2019-га пройдзе ўсяго 1162 дні (3 гады, 2 месяцы і 6 дзён).
  • Лукашэнка першапачаткова прапаноўваў правесьці выбары ў Палату на 7 лістапада — Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі. Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына тлумачыла, што гэтак ня варта рабіць. Урэшце на гэты дзень прызначылі выбары ў Савет Рэспублікі.
  • Выбары ў Савет Рэспублікі — верхнюю палату Нацыянальнага сходу — прайшлі 7 лістапада без удзелу звычайных беларусаў. Па 8 дэпутатаў ад вобласьці і яшчэ 8 ад Менску выбралі на абласных сходах дэпутаты гарадзкіх і раённых саветаў, яшчэ 8 дэпутатаў мае права прызначаць (але звычайна прызначае ня ўсіх) асабіста Аляксандар Лукашэнка. Ніводную кандыдатуру не адхілілі.
  • Фракцый у Палаце прадстаўнікоў няма. Апазыцыя амаль не трапляе ў Нацыянальны сход. Так, у Палаце прадстаўнікоў шостага скліканьня толькі 2 са 110 дэпутатаў — не прыхільнікі Лукашэнкі: Ганна Канапацкая ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі і беспартыйная Алена Анісім, старшыня Таварыства беларускай мовы. У Савеце Рэспублікі апазыцыі няма.

Як выглядаюць сярэднестатыстычныя беларускія дэпутат, дэпутатка і прэзыдэнт. Фота

  • Нацыянальны сход дзейнічае з 1996 году — пасьля таго як Лукашэнка распусьціў Вярхоўны Савет XIII скліканьня. Выбары дэпутатаў Нацыянальнага сходу першага скліканьня не праводзіліся, Лукашэнка проста прызначыў туды ляяльных яму дэпутатаў Вярхоўнага Савету.
  • Нацыянальны сход амаль не распрацоўвае законапраектаў (часьцей гэта робяць міністэрствы і ведамствы) і амаль ніколі не галасуе супраць. Рэкорд шостага скліканьня Палаты прадстаўнікоў — 10 галасоў (9%) супраць звужэньня паўнамоцтваў сваёй палаты.
  • Краіны Заходняй Эўропы і ЗША не прызнавалі свабоднымі і дэмакратычнымі ніякія выбары і рэфэрэндумы ў Беларусі пасьля 1994 году. На ўсіх выбарах назіральнікі адзначалі шматлікія парушэньні, пасьля давалі рэкамэндацыі, але Лукашэнка прасіў яго «не павучаць».
  • На выбары 17 лістапада выстаўлялі кандыдатаў прынамсі 7 апазыцыйных партыяў і шэраг рухаў. На ранейшых выбарах далёка ня ўсіх апазыцыянэраў рэгістравалі кандыдатамі або чальцамі выбарчых камісій.
  • На пачатак датэрміновага галасаваньня з 560 зарэгістраваных засталося 516 кандыдатаў. 33 самі зьнялі свае кандыдатуры, яшчэ адносна 13 скасавалі рэгістрацыю за парушэньні (6 зь іх — ад апазыцыйнай «Эўрапейскай Беларусі»). Ніводнай безальтэрнатыўнай акругі няма
  • Выбары каштавалі бюджэту каля 23 млн беларускіх рублёў. Лукашэнка кажа, што выбары «павінны прайсьці як сьвята», а Нацыянальны сход мае стаць «дыскусійнай пляцоўкай для дыялёгу дэпутатаў з рознымі поглядамі». Старшыню ЦВК Лідзію Ярмошыну «палохала цішыня» вакол выбараў, а 99% беларусаў лічаць, што ня могуць паўплываць на органы ўлады.
  • Як сьцьвярджае ЦВК, яўка на выбары склала 77,22%. На трох мінулых выбарах у Палату называлася яўка каля 74%, а рэкорд быў у 2004 годзе, калі называлася яўка 89,84%.
  • Паводле папярэдніх вынікаў, у Палату прадстаўнікоў ​прайшлі 66 мужчын і 44 жанчыны​; 30 дзейных дэпутатаў, 2 чалавекі ва ўзросьце да 30 гадоў, ніводнага апазыцыянэра.
  • Сярод вядомых беларусаў, якія трапляюць у Палату прадстаўнікоў, былая міністарка інфармацыі Лілія Ананіч, «Міс Беларусь-2018» Марыя Васілевіч, кіраўнік «Белай Русі» Генадзь Давыдзька, старшыня ЛДПБ Алег Гайдукевіч.
  • Незалежныя беларускія назіральнікі фіксавалі парушэньні на датэрміновым галасаваньні і ў асноўны дзень выбараў (731 парушэньне і 622 скаргі, у тым ліку 341 — толькі за 17 лістапада), кожнага трэцяга незалежнага назіральніка выдалілі з участка. Асноўным парушэньнем называецца адсутнасьць адкрытага падліку бюлетэняў і забарона на капіяваньне выніковага пратаколу ўчастковай камісіі. Назіральнікі АБСЭ назвалі выбары неадпаведнымі важным міжнародным дэмакратычным стандартам. Місіі СНД і ШАС назвалі выбары «празрыстымі і дэмакратычнымі».