Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вынесьлі 468 бюлетэняў? 1500 няправільна прагаласавалі? Анамальныя лічбы па выбарах


Ілюстратыўнае фота
Ілюстратыўнае фота

Сабралі разам афіцыйныя лічбы ад Цэнтральнай выбарчай камісіі па выніках выбараў дэпутатаў і склалі мапу анамальных акругаў.

Выбары ў Палату прадстаўнікоў — усё. Але ЦВК працягвае публікаваць справаздачнасьць па галасах выбаршчыкаў. Глядзім, якія лічбы выглядаюць дзіўнымі.

«Анамальная» акруга Марыі Васілевіч

«Міс Беларусь» Марыя Васілевіч, паводле ЦВК, выйграла выбары і стала дэпутаткай парлямэнту. За яе на Кальварыйскай акрузе № 104 налічылі 11 683 галасы. А, напрыклад, за кандыдата ад АГП Мікалая Маслоўскага — толькі 1845. У дзень выбараў Свабода апытала дзесяць выбарцаў на адным з участкаў гэтай акругі, за Марыю свой голас зь іх аддала толькі адна бабуля.

Але і гэта ня самае дзіўнае. На гэтай акрузе бюлетэні атрымалі 40 499 выбарцаў, а прагаласавалі 40 031. Гэта значыць, 468 бюлетэняў кудысьці проста зьніклі.

«Столькі бюлетэняў не маглі вынесьці з участку, вы што?! Але куды яны дзеліся, можа патлумачыць старшыня камісіі, а яе цяпер няма», — сказалі Свабодзе ў Кальварыйскай акруговай камісіі № 104.

У цэнтральнай выбарчай камісіі Tut.by сказалі, што «гэта праява грамадзянскай пазыцыі». То бок, на іх думку, бюлетэні ўсё ж маглі зьнесьці выбарцы.

368 прыхільнікаў Аланы Гебрэмарыям

Алана Гебрэмарыям — адна з самых яркіх удзельніц гэтых выбараў, што было відаць хаця б па ўвазе журналістаў да яе. Агулам на пікеты «Моладзевага блёку», у які ўваходзіла Алана, зьбіраліся сотні чалавек.

Вынік — па лічбах ЦВК за Алану прагаласавалі 368 чалавек, або 0,81% выбарцаў. Свабода ў дзень выбараў была на адным з участкаў гэтай акругі, за Алану там галасавалі 3 чалавекі з 10 апытаных. Амаль кожны трэці.

1500 выбаршчыкаў ня ўмеюць галасаваць?

У Бярэзінскай выбарчай акрузе № 61 Менскай вобласьці 1503 бюлетэні прызналі несапраўднымі. Як сказалі Свабодзе ў акрузе, гэта ня значыць, што «яны сапсаваныя, сапсаваных у нас якраз няма». То бок 1500 чалавек проста ня там паставілі галачку ці паставілі некалькі такіх галачак. Як такое можа быць, незразумела, бо гэта амаль 3% выбаршчыкаў.

На гэтай акрузе супраць усіх прагаласавалі 7848 выбаршчыкаў, і гэта рэкорд. Перамог тут Ігар Лаўрыненка, вайсковец, генэрал-маёр. У яго быў усяго адзін супернік — Уладзімер Моніч ад ЛДП.

«У вас сумленьня няма»

На акрузе, дзе дэпутатам стаў Генадзь Давыдзька, кудысьці падзеліся 279 бюлетэняў: выбарцам выдалі 42 123, а прагаласавалі — 41 844. Яшчэ 295 чалавек прагаласавалі няправільна, то бок іх бюлетэні прызналі несапраўднымі. На адным з участкаў гэтай акругі за выбарамі назірала менская айцішніца Ганна Толчыкава. Па яе падліках, у дзень выбараў прыйшлі галасаваць толькі 300 чалавек.

А згодна за падлікамі выбарчай камісіі, толькі за Давыдзьку на ўчастку прагаласавалі 350 чалавек. Пасьля на выхадзе з участку дзяўчына запісала эмацыйнае відэа паводле сваіх назіраньняў.

Студэнты прагаласавалі за дзейнага дэпутата?

Паўднёва-Заходняя выбарчая акруга № 99 — гэта ў асноўным студэнцкія ўчасткі, бо тут шмат інтэрнатаў. Па гэтай акрузе ішоў у дэпутаты нядаўні студэнт юрфаку БДУ Стас Шашок. За яго, па зьвестках камісіі, прагаласавалі 779 чалавек. А за дзейнага дэпутата Палаты прадстаўнікоў Ігара Камароўскага — 20 тысяч, і ён зноўку стаў дэпутатам.

На ўчастку 286 за Стаса Шашка камісія налічыла толькі 46 галасоў, а па назіраньнях даверанай асобы гэтага кандыдата Пятра Маркелава такіх галасоў было некалькі соцень. Калі Шашок з Маркелавым запатрабавалі пералічыць галасы, іх абодвух забралі ў міліцыю. На Пятра Маркелава склалі пратакол аб дробным хуліганстве.

Самыя адказныя выбаршчыкі — у Быхаўскім раёне

У Быхаўскай выбарчай акрузе № 81 самыя сумленныя выбаршчыкі — там яўка склала 95%, і гэта яшчэ адзін рэкорд. 473 чалавекі тут не змаглі прагаласаваць правільна — іх бюлетэні прызналі несапраўднымі, а тры бюлетэні былі вынесеныя з участку. Дэпутатам тут стаў чыноўнік ад адукацыі Сяргей Сыранкоў, сябра камуністычнай партыі.

Парлямэнцкія выбары-2019 у Беларусі. Што варта ведаць

Асноўны дзень галасаваньня на выбарах у Палату прадстаўнікоў сёмага скліканьня — ніжнюю палату Нацыянальнага сходу — 17 лістапада. Датэрміновае галасаваньне праходзіла ад 12 да 16 лістапада. Папярэднія вынікі сталі вядомыя 18 лістапада, ніводзін апазыцыянэр ня трапіў у Нацыянальны сход.

  • За 5 дзён датэрміновага галасаваньня на парлямэнцкіх выбарах у Беларусі, паводле ЦВК, прагаласавала 35,77% выбарнікаў. Незалежныя назіральнікі заяўляюць пра завышэньне яўкі больш чым у 2 разы.
  • Агулам у Палату прадстаўнікоў трапляе 110 дэпутатаў. Дэпутаты ніжняй палаты выбіраюцца паводле выбарчых акругаў, а не партыйных сьпісаў. Праўладная «Белая Русь» прапаноўвала выбіраць прынамсі палову дэпутатаў паводле партыйных сьпісаў (як, напрыклад, ва Ўкраіне), але ўлады гэтую ідэю адхілілі.
  • Галасаваць на выбарах у Палату маюць права усе паўналетнія грамадзяне Беларусі. Галасаваньне добраахвотнае і ня можа быць прымусовым. Скардзіцца на прымус да галасаваньня можна ў пракуратуру ці ў райвыканкамы.
  • Цяперашнія выбары адбыліся датэрмінова, хоць фармальна датэрміновымі ня лічацца. Тэрмін паўнамоцтваў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў — 4 гады. Але калі паміж выбарамі 2012 і 2016 гадоў прайшло 1449 дзён (3 гады, 11 месяцаў і 19 дзён), то паміж выбарамі 2016 і 2019-га пройдзе ўсяго 1162 дні (3 гады, 2 месяцы і 6 дзён).
  • Лукашэнка першапачаткова прапаноўваў правесьці выбары ў Палату на 7 лістапада — Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі. Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына тлумачыла, што гэтак ня варта рабіць. Урэшце на гэты дзень прызначылі выбары ў Савет Рэспублікі.
  • Выбары ў Савет Рэспублікі — верхнюю палату Нацыянальнага сходу — прайшлі 7 лістапада без удзелу звычайных беларусаў. Па 8 дэпутатаў ад вобласьці і яшчэ 8 ад Менску выбралі на абласных сходах дэпутаты гарадзкіх і раённых саветаў, яшчэ 8 дэпутатаў мае права прызначаць (але звычайна прызначае ня ўсіх) асабіста Аляксандар Лукашэнка. Ніводную кандыдатуру не адхілілі.
  • Фракцый у Палаце прадстаўнікоў няма. Апазыцыя амаль не трапляе ў Нацыянальны сход. Так, у Палаце прадстаўнікоў шостага скліканьня толькі 2 са 110 дэпутатаў — не прыхільнікі Лукашэнкі: Ганна Канапацкая ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі і беспартыйная Алена Анісім, старшыня Таварыства беларускай мовы. У Савеце Рэспублікі апазыцыі няма.
  • Нацыянальны сход дзейнічае з 1996 году — пасьля таго як Лукашэнка распусьціў Вярхоўны Савет XIII скліканьня. Выбары дэпутатаў Нацыянальнага сходу першага скліканьня не праводзіліся, Лукашэнка проста прызначыў туды ляяльных яму дэпутатаў Вярхоўнага Савету.
  • Нацыянальны сход амаль не распрацоўвае законапраектаў (часьцей гэта робяць міністэрствы і ведамствы) і амаль ніколі не галасуе супраць. Рэкорд шостага скліканьня Палаты прадстаўнікоў — 10 галасоў (9%) супраць звужэньня паўнамоцтваў сваёй палаты.
  • Краіны Заходняй Эўропы і ЗША не прызнавалі свабоднымі і дэмакратычнымі ніякія выбары і рэфэрэндумы ў Беларусі пасьля 1994 году. На ўсіх выбарах назіральнікі адзначалі шматлікія парушэньні, пасьля давалі рэкамэндацыі, але Лукашэнка прасіў яго «не павучаць».
  • На выбары 17 лістапада выстаўлялі кандыдатаў прынамсі 7 апазыцыйных партыяў і шэраг рухаў. На ранейшых выбарах далёка ня ўсіх апазыцыянэраў рэгістравалі кандыдатамі або чальцамі выбарчых камісій.
  • На пачатак датэрміновага галасаваньня з 560 зарэгістраваных засталося 516 кандыдатаў. 33 самі зьнялі свае кандыдатуры, яшчэ адносна 13 скасавалі рэгістрацыю за парушэньні (6 зь іх — ад апазыцыйнай «Эўрапейскай Беларусі»). Ніводнай безальтэрнатыўнай акругі няма
  • Выбары каштавалі бюджэту каля 23 млн беларускіх рублёў. Лукашэнка кажа, што выбары «павінны прайсьці як сьвята», а Нацыянальны сход мае стаць «дыскусійнай пляцоўкай для дыялёгу дэпутатаў з рознымі поглядамі». Старшыню ЦВК Лідзію Ярмошыну «палохала цішыня» вакол выбараў, а 99% беларусаў лічаць, што ня могуць паўплываць на органы ўлады.
  • Як сьцьвярджае ЦВК, яўка на выбары склала 77,22%. На трох мінулых выбарах у Палату называлася яўка каля 74%, а рэкорд быў у 2004 годзе, калі называлася яўка 89,84%.
  • Паводле папярэдніх вынікаў, у Палату прадстаўнікоў ​прайшлі 66 мужчын і 44 жанчыны​; 30 дзейных дэпутатаў, 2 чалавекі ва ўзросьце да 30 гадоў, ніводнага апазыцыянэра.
  • Сярод вядомых беларусаў, якія трапляюць у Палату прадстаўнікоў, былая міністарка інфармацыі Лілія Ананіч, «Міс Беларусь-2018» Марыя Васілевіч, кіраўнік «Белай Русі» Генадзь Давыдзька, старшыня ЛДПБ Алег Гайдукевіч.
  • Незалежныя беларускія назіральнікі фіксавалі парушэньні на датэрміновым галасаваньні і ў асноўны дзень выбараў (731 парушэньне і 622 скаргі, у тым ліку 341 — толькі за 17 лістапада), кожнага трэцяга незалежнага назіральніка выдалілі з участка. Асноўным парушэньнем называецца адсутнасьць адкрытага падліку бюлетэняў і забарона на капіяваньне выніковага пратаколу ўчастковай камісіі. Назіральнікі АБСЭ назвалі выбары неадпаведнымі важным міжнародным дэмакратычным стандартам. Місіі СНД і ШАС назвалі выбары «празрыстымі і дэмакратычнымі».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG