Неўзабаве мільён: за 2 дні выбараў прагаласавалі больш як 790 тысяч чалавек

Ілюстрацыйнае фота. Датэрміновае галасаваньне ў інтэрнаце БНТУ

Цэнтральная выбарчая камісія апублікавала зьвесткі за два дні датэрміновага галасаваньня на выбарах у Палату прадстаўнікоў. Прагаласавалі 11,51% з 6,866 млн выбарнікаў, сьцьвярджае ЦВК.

У абласьцях і Менску адсотак тых, хто прагаласаваў датэрмінова ў першы ж дзень, калі верыць ЦВК, прыблізна аднолькавы. Найменш было ў Горадзенскай вобласьці (10,08%), а найбольш — у Віцебскай (12,87%).

Перавышэньне яўкі зафіксавалі:

  • На выбарчым участку № 565 у Менску: у пратаколе першага дня выбараў зафіксавалі на 100 чалавек больш, чым налічыла назіральніца;
  • На ўчастку № 568 у Менску пазбавілі акрэдытацыі назіральніка, які скардзіўся на фальсыфікацыю яўкі;
  • На менскім ўчастку № 571 у першы дзень выбараў у пратаколе пазначылі на 98 чалавек больш, чым налічыў назіральнік;
  • На менскім участку № 589 назіральніца скардзілася, што за 2 хвіліны яе адсутнасьці ў пратаколе дапісалі 100 выбарнікаў;
  • На ўчастку № 37 у Берасьці назіральнік зьняў на відэа дзяўчыну, якая падышла да скрыні са стосам папер.

Галасаваньне стартавала больш актыўна, чым было на мінулых выбарах у Палату прадстаўнікоў. За два дні выбараў у 2016 годзе прагаласавалі 9,63%, ці амаль 672 тысячы выбарнікаў. Усяго ў 2016 годзе датэрмінова прагаласавалі 31,29% выбарнікаў.