У Беларусі пачалося датэрміновае галасаваньне. Вас заганяюць, бачыце парушэньні? Пішыце нам!
Ад 12 да 16 лістапада ўключна ў Беларусі праходзіць датэрміновае галасаваньне на выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў. У час мінулых кампаніяў выбарнікі ня раз заяўлялі пра «загон» на датэрміновае галасаваньне, а заходнія і незалежныя беларускія назіральнікі называюць яго адным з галоўных сродкаў фальсыфікацыі вынікаў выбараў.
Пра парушэньні можна паведаміць Свабодзе ў Telegram >>
Выбарчыя ўчасткі для датэрміновага галасаваньня будуць адкрытыя штодзень 12–16 лістапада з 10 да 14 гадзінаў і з 16 да 19. Прагаласаваць датэрмінова маюць права (але не абавязаныя!) усе тыя, хто наогул мае права галасаваць — дастаткова толькі заявіць, што ў дзень выбараў няма магчымасьці галасаваць па месцы жыхарства.
Ды вучні і студэнты дзяржаўных навучальных установаў, супрацоўнікі дзяржаўных прадпрыемстваў, вайскоўцы і іншыя беларусы заяўлялі ў час мінулых выбараў, што ім адкрыта пагражаюць або намякаюць на нэгатыўныя наступствы адмовы ад прапановаў прагаласаваць датэрмінова.
Некаторыя студэнты ўжо паведамляюць Свабодзе, што ім «настойліва прапануюць» галасаваць датэрмінова; што нібыта ствараюцца сьпісы тых, хто адмовіўся; што пагражаюць старастам групаў, калі большасьць навучэнцаў не прагаласуе датэрмінова; што нібыта пагражаюць выселіць з інтэрнатаў за адмову галасаваць.
Ніводныя беларускія выбары і рэфэрэндумы пасьля 1994 году не прызнаваліся эўрапейскімі краінамі свабоднымі і дэмакратычнымі, у тым ліку празь непразрыстую працэдуру датэрміновага галасаваньня.
Незалежныя назіральнікі фактычна ня могуць кантраляваць такое галасаваньне і фіксаваць парушэньні, правяраць справядлівасьць падліку галасоў. БДІПЧ АБСЭ крытыкавала працэдуру і на мінулых прэзыдэнцкіх выбарах, і на мінулых парлямэнцкіх, і на пазамінулых, і на ранейшых.