Экс-міністарка Шчоткіна пяройдзе з Савету рэспублікі ў «Саюзную дзяржаву»

«Сьцяна Шчоткінай» у Менску, 2017 год. Фота: Антон Матолька

Намесьніца старшыні Савету рэспублікі Марыяна Шчоткіна падала заяву аб вызваленьні яе з пасады. Паводле Tut.by, яна пераходзіць на працу ў Пастаянны камітэт так званай «Саюзнай дзяржавы» Беларусі і Расеі.

У 2009–16 гадах Шчоткіна займала пасаду міністаркі працы, пры ёй быў распрацаваны «дармаедзкі дэкрэт». Ад 2016 году яна перайшла на пасаду намесьніцы старшыні верхняй палаты Нацыянальнага сходу.

«З пачатку лістапада я павінна прыступіць да працы на новым месцы, — перадае БелТА словы Шчоткінай. — На двух крэслах, натуральна, ўседзець нельга, таму я зьвярнулася з просьбай вызваліць мяне ад пасады».

«Сэнатарка» сыходзіць за два тыдні да выбараў у верхнюю палату — яны прызначаныя на 7 лістапада.

Шчоткіна вядомая ня толькі скандальным «падаткам на дармаедаў» (яе называлі аўтаркай дэкрэту на стрыт-арце ў месцы, што пазьней займела неафіцыйную назву «сьцяна Шчотнінай»). Зь ейным удзелам прымалася таксама рашэньне аб падвышэньні пэнсійнага ўзросту. У 2015 годзе яна кіравала перадвыбарчым штабам Аляксандра Лукашэнкі.

У тым жа годзе яна раіла мужчынам, якія маюць двух і больш дзяцей «пакруціцца» і працаваць на некалькіх працах.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Міністар Шчоткіна: «Многія журналісты ўжо вылічылі, якая ў мяне кватэра. Вы лічыце гэта нармальным?»

«Гэта я»: чыноўнікі-налепкі на вуліцах Менску. Фоты

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Безь Мясьніковіча, Орды і Шчоткінай. Каго вылучылі кандыдатамі ад Менску ў Савет Рэспублікі