Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У міліцыі ня ведаюць пра графіці з Марыянай Шчоткінай, а ў міністэрстве — хто аўтар падатку на беспрацоўных


Фота Антона Матолькі

Прэсавы сакратар менскай гарадзкой міліцыі Аляксандар Ластоўскі сказаў, што ня мае ніякай інфармацыі наконт графіці з выявай намесьніцы старшыні Савету Рэспублікі Марыяны Шчоткінай.

Графіці з выявай Марыяны Шчоткінай і надпісам «Гэта я аўтар падатку для беспрацоўных» зьявілася ў Менску на вуліцы Карла Маркса, 17.

На пытаньне, ці вядзе міліцыя нейкае расьсьледаваньне адносна гэтага графіці, Аляксандар Ластоўскі сказаў: «Ня ведаю, інфармацыі ніякай ня маю».

Карэспандэнт Свабоды зьвярнуўся ў Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, каб высьветліць, хто ж быў аўтарам збору зь беспрацоўных, які прапісаны ў дэкрэце № 3.

Прэс-сакратар Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Тацяна Максімава параіла зьвярнуцца да матэрыялаў у інтэрнэце.

— Чытайце інтэрнэт, там усё напісана. Міністэрства працы і сацыяльнай абароны выступае зводнікам па гэтым дакумэнце. Мы абагульнялі і ўносілі яго непасрэдна. Мы яго зводзілі з улікам усіх рэкамэндацыяў і пажаданьняў органаў і ўносілі. Ня больш за тое. Хто быў ініцыятарам — сказаць не магу, вэрсій многа.

— Магчыма, гэта ўсё ж была Марыяна Шчоткіна?

— Яна ў гэты час зьяўлялася міністрам, ня больш за тое.

— Яна ініцыявала гэты падатак?

— Я не магу вам так сказаць. Гэта няправільна.

— Дык а хто тады? Усё ж быў нейкі чалавек, які сказаў, што мы робім такі падатак.

— Я не магу вам сказаць, хто гэта. У нас было даручэньне, якое міністэрства выканала.

— А даручэньне ад каго?

— Я не працавала ў гэты час, і мне складана сказаць, якія былі дакумэнты і які быў ход дакумэнтаў... Вы хочаце пачуць, хто быў ініцыятарам гэтага дэкрэту?

— Так, хто быў аўтарам падатку «на дармаедзтва», падатку на беспрацоўных?

— Вы ж цудоўна бачыце ўсё, што напісана ў інтэрнэце.

У Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны адмовіліся камэнтаваць пратэсты супраць дэкрэту № 3.

«Пакуль мы не гаворым на тэму дэкрэту», — сказала Тацяна Максімава.

Яна дадала, што інтэрвію з кімсьці з чыноўнікаў міністэрства «пакуль не атрымаецца».

Раніцай 5 сакавіка выява экс-міністра працы, намесьніцы старшыні Савету Рэспублікі Марыяны Шчоткінай у поўны рост была наклеена на агароджы каля кавярні «Мануфактура» ў дварах паміж праспэктам Незалежнасьці і вуліцай Карла Маркса. Па абедзе выяву Шчоткінай з подпісам «Гэта я аўтар падатку для беспрацоўных» замазалі.

Паводле СМІ, Марыяна Шчоткіна была ініцыятаркай дэкрэту № 3 «Аб прадухіленьні сацыяльнага ўтрыманства», які выклікаў масавыя пратэсты ў розных гарадах Беларусі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG