Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шчоткіна як громаадвод


Жанчыны на высокіх дзяржаўных пастах у Беларусі звычайна выконваюць адну зь дзьвюх роляў: яны альбо малазаўважныя статысткі, альбо эксцэнтрычныя тыранкі.

У беларускай палітычнай сыстэме выжыць можна толькі калі ты ва ўсім прынцыпова пагаджаесься з прэзыдэнтам, таму казаць пра ўладу асобных людзей досыць цяжка. Але калі паглядзець на праявы народнага гневу супраць чынавенства, то становіцца зразумела, што агрэсія праяўляецца па-рознаму — у залежнасьці ад таго, хто яе выклікае.

У беларускай палітычнай сыстэме выжыць можна толькі калі ты ва ўсім прынцыпова пагаджаесься з прэзыдэнтам.

У нядзелю ў Менску зьявіўся насьценны партрэт з выявай Марыяны Шчоткінай і надпісам «Гэта я аўтар падатку для беспрацоўных». Атрымалася пародыя на сэрыю сацыяльных білбордаў «Гэта я», дзе можна ўбачыць партрэты людзей, якія жывуць у Менску з кароткім апісаньнем іх дзейнасьці, цікавай для навакольных. Мы ўбачылі акт засваеньня гарадзкой прасторы «простымі гараджанамі» і, вядома ж, пачалі згадваць іншыя непапулярныя ідэі і рашэньні былой міністаркі працы і сацыяльнай абароны.

Здавалася б, усё справядліва: Шчоткіна ініцыюе ганебныя законы, замест рэальнай сацыяльнай абароны насельніцтва прапануе нам усім «круціцца» і працаваць на некалькіх месцах адначасова, а таксама «правільна» гадаваць дзяцей і ня скардзіцца на нізкія пэнсіі. Мы яе за гэта, мякка кажучы, ня вельмі любім і актыўна крытыкуем, выкарыстоўваючы розныя камунікацыйныя сродкі. Што ж у гэтай сытуацыі не так?

Адным не да спадобы адзеньне чыноўніцы, другім — манера ўкладваць валасы і фарбавацца, а трэція хвалююцца за яе мацярынскі інстынкт.

Крытыкуючы Шчоткіну як актыўную дзяячку вялікай палітыкі, абураныя людзі пачынаюць досыць хутка крытыкаваць яе як асобу. І вось мы ўжо бачым не нязгоду з палітычным рашэньнем, а шэраг вельмі асабістых прэтэнзій: адным не да спадобы адзеньне чыноўніцы, другім — манера ўкладваць валасы і фарбавацца, а трэція хвалююцца за яе мацярынскі інстынкт. Як правіла, людзі, якія адмаўляюцца разумець, як магла ініцыяваць кепскі закон жанчына, у якой ёсьць дзіця, у іншых сытуацыях гучней за іншых кажуць, што ў палітыцы няма мужчын і жанчын, а ёсьць толькі палітыкі.

Некаторым людзям невыносна цяжка сутыкнуцца з рэальнасьцю, у якой жанчыны — не заўжды ціхія, спакойныя, мілыя і клапатлівыя. Мала таго, што мы можам мець уладу, дык мы яшчэ, аказваецца, гэтай уладай можам карыстацца не на карысьць усяму жывому, а вельмі нават па-садысцку. Раз за разам я чую не абурэньне дзеяньнямі Шчоткінай, а менавіта зьдзіўленьне: «Як яна магла?». Адказваю на пытаньне: так жа сама, як і іншыя людзі ўва ўладных структурах.

Гэта мы лічым, што задача міністра працы і сацыяльнай абароны — паляпшаць сацыяльную інфраструктуру ў найшырэйшым сэнсе. А былая міністарка Марыяна Шчоткіна, мяркуючы па ўсім, лічыла, што яе задача — займець максымальна магчымую ляяльнасць з боку найвышэйшага кіраўніцтва краіны і не спыняцца на міністарскай пасадзе. І яна гэтую задачу пасьпяхова выканала.

А «народ» працягвае зьдзіўляцца, бо яна ж жанчына і маці, і ў ёй генэтычна мусіць быць закладзена схільнасьць да памнажэньня дабра.

Жанчыны ў палітыцы могуць быць сапраўднымі акуламі, і калі мы ў адказ на іх жорсткасьць абмяркоўваем іх сукенкі і сямейнае становішча, то ўзьнікае заканамернае пытаньне, ці сапраўды нас абурае прыняты закон, а ня той факт, што ініцыявала яго «жанчына з начосам».

Абмяркоўваючы дэкрэт № 3, людзі часам забываюцца, што гэта дэкрэт прэзыдэнцкі. Ён Лукашэнкам падпісаны, а ня Шчоткінай.

Стрыт-арт, на мой погляд, атрымаўся вельмі добры, але, абмяркоўваючы яго і ўласна дэкрэт № 3, людзі часам забываюцца, што гэта дэкрэт прэзыдэнцкі. Ён Лукашэнкам падпісаны, а ня Шчоткінай.

У мяне няма адносна Шчоткінай ніякіх ілюзій: яна адназначна адмоўная гераіня беларускай палітыкі. Толькі ж у працэсе ініцыяваньня і прыманьня непапулярных законаў яна там зусім не адна. І да фінальнага рашэньня яна ў прынцыпе мае мала дачыненьня.

Але абражаць такіх, як Шчоткіна, вядома ж, бясьпечней, чым Лукашэнку. Ну вы ж самі ўсё разумееце.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG