Берасьцейца пазбавілі статусу кандыдата ў дэпутаты за вучобу ў Польшчы. Ці гэта законна?

Уладзіслаў Сыса

Берасьцейца Ўладзіслава Сысу пазбавілі статусу кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, паведаміў «Моладзевы блёк». Рашэньне Берасьцейскай абласной выбарчай камісіі абгрунтаванае «адсутнасьцю пастаяннага месца жыхарства ў Беларусі».

Сам Уладзіслаў Сыса сьцьвярджае, што мае і беларускае грамадзянства, і прапіску ў Беларусі. Ад 2014 году ён вучыцца ў Польшчы, і гэта ён пазначыў у дакумэнтах для рэгістрацыі кандыдатам. Уладзіслаў запэўнівае, што «ніякіх польскіх адрасоў не даваў» — толькі пазначыў польскую ВНУ, а адрас прапіскі пазначыў берасьцейскі.

З аднаго боку, артыкул 57 Выбарчага кодэксу Беларусі гаворыць, што ў Палату прадстаўнікоў можа быць выбраны толькі чалавек, які пастаянна пражывае ў Беларусі.

З іншага боку, Канстытуцыйны суд у 2001 годзе даваў тлумачэньне адносна падобнай фармулёўкі для кандыдата ў прэзыдэнты: пры вызначэньні месца пастаяннага пражываньня ня ўлічваецца часовы выезд у службовую камандзіроўку, на вучобу, адпачынак, лекаваньне або зь іншых паважных прычынаў. Галоўнае, каб быў пацьверджаны намер пастаянна жыць у Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Ініцыятыўнай групе кандыдаткі адмовілі ў рэгістрацыі, не зразумеўшы Выбарчы кодэкс

Тое рашэньне Канстытуцыйнага суду тычылася Зянона Пазьняка, якому дазволілі ўдзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах нягледзячы на тое, што ён зьехаў з краіны. Суд вырашыў, што Пазьняк захоўвае грамадзянства, бо ён разглядае выезд як часовы з прычыны палітычнай сытуацыі, не афармляў пастаяннае месца пражываньня ў іншай краіне і ўздельнічае ў палітычным жыцьці Беларусі.

Сыса лічыць, што яго пазбавілі статусу кандыдата незаконна, і мае намер абскарджваць рашэньне.