Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парлямэнцкая рэспубліка, Каліноўскі, моладзь у турмах, відэакамэры ў ліфтах. Пра што казалі кандыдаты ў тэлевыступах


Сёньня на тэлеканале «Беларусь 3» пачаліся выступы кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, якія балятуюцца ў Менску.

У сваіх 5-хвілінных выступах кандыдаты спрабуюць пасьпець расказаць пра сябе, пра свае прыярытэты, даць абяцаньні. Гавораць пераважна на расейскай мове. Выступы даюцца праз адбіўкі з чытаньнем вершаў, зь песьнямі альбо расповедамі пра архітэктуру Беларусі, рэклямай.

«Пагроза інтэграцыі сьмяротная для беларускай нацыі»

Алена Талстая зьявілася на экране зь бел-чырвона-белым сьцягам. Яна казала пра пагрозу «паглынаньня Беларусі Расеяй у выніку кулюарных дамоваў паміж Пуціным і Лукашэнкам».

«Гэтая пагроза інтэграцыі насамрэч сьмяротная для беларускай нацыі і беларускай дзяржавы. Я не хачу, каб мае два сыны ўдзельнічалі ў маскоўскіх вайсковых авантурах. Незалежнасьць — гэта тое, што ратавала і ратуе нашых дзяцей ад удзелу ў расейскіх войнах на Каўказе, у Сырыі, ва Ўкраіне», — сказала Алена Талстая.

Паводле кандыдаткі, любыя вайсковыя дамовы з Расеяй «ёсьць злачынствам, бо яны зноў могуць прынесьці вайну на нашую зямлю».

Алена Талстая казала пра тое, што беларусы масава зьяжджаюць за мяжу.

«Нездарма БНФ у 90-я гады выносіў на вуліцы Менску лёзунг: «Саюз з Расеяй — вайна і галеча».

«Я ня веру, што сёньняшнія ўлады Беларусі будуць бараніць краіну. Бо апошнія 25 гадоў — гэта час жорсткай русыфікацыі, калі зьнікалі беларускамоўныя школы, калі няма ніводнага беларускамоўнага ўнівэрсытэту, калі нам прапануюць быць не беларусамі, а іншымі са знакам якасьці, калі адбываецца крыжалом у Курапатах», — сказала Алена Талстая.

Паводле кандыдаткі, прыйшоў час успомніць Кастуся Каліноўскага. Яна запрасіла гледачоў 22 лістапада прыехаць у Вільню на ўрачыстае пахаваньне герояў і ўдзельнікаў паўстаньня Каліноўскага.

Алена Талстая выказала спадзяваньне, што прыйдзе час, калі ў беларускі парлямэнт змогуць вольна абірацца такія беларускія палітыкі, як Мікалай Статкевіч, Павал Севярынец, Вячаслаў Сіўчык, Уладзімер Някляеў, Валер Бычкоўскі, Рыгор Кастусёў, Мікалай Казлоў, Ірына Халіп «і нават Зянон Пазьняк».

Свой выступ яна скончыла словамі «Жыве Беларусь!».

«Павінна быць парлямэнцкая рэспубліка»

Сябра партыі левых «Справядлівы сьвет» Мікалай Амельяновіч заявіў, што ў Беларусі «формай праўленьня абавязкова павінна быць парлямэнцкая рэспубліка з моцным урадам, моцнай уладай, якая зацьвярджаецца Вярхоўным Саветам». Яна «падымае аўтарытэт чалавека і адносіны чалавека да ўлады». Ён лічыць, што парлямэнт павінен быць аднапалатны. Мікалай Амельяновіч выказаўся супраць прыватнай уласнасьці на зямлю.

«Зямля — гэта "достояние". Гэта тое, што ад Бога. Зямля, рэсурсы, лес не прадаюцца», — сказаў ён.

Таксама Амельяновіч выступіў за ўвядзеньне 7-гадзіннага працоўнага дня.

«Агульная праблема — кіраўніцтва, улада, яе палітыка»

Старшыня свабоднага прафсаюзу мэталістаў Аляксандар Бухвостаў сказаў, што гэтая палітычная кампанія дае магчымасьць прадстаўнікам незалежнага прафсаюзнага руху і апазыцыйных палітычных арганізацый «дзяліцца сваім стаўленьнем да палітыкі, якая праводзіцца ў краіне» на дзяржаўным тэлебачаньні цягам 5 хвілін.

Ён сказаў, што, зыходзячы з плянаў улады, у бліжэйшыя гады беларусам «ня варта чакаць істотнага паляпшэньня матэрыяльнага дабрабыту».

«Агульная праблема — кіраўніцтва, улада, яе палітыка. Нацыянальны Сход пры такіх выбарах, склад якога вызначаецца зьверху, уяўляе сабой сход статыстаў. І ў такім выглядзе ён бескарысны, а значыць, шкодны для працоўнага народу», — казаў Бухвостаў.

Паводле кандыдата, у Палату прадстаўнікоў павінны прыйсьці людзі «бяз страху», якія змогуць вярнуць правы і свабоды работнікам: выключыць масавае прымяненьне кароткатэрміновых кантрактаў, вярнуць ільготы пэнсіянэрам, ліквідатарам, навучэнцам.

«Дзяржава ня чуе голасу моладзі»

Юрыст і праваабаронца Станіслаў Шашок сказаў, што ідзе ў дэпутаты, бо «дзяржава ня чуе голас моладзі і не спрабуе вырашыць яе праблемы». Ён сказаў, што яго найбольш хвалюе «неэфэктыўнае, празьмерна жорсткае і бесчалавечнае антынаркатычнае заканадаўства». У Беларусі больш за 15 тысяч чалавек адбывае пакараньне па антынаркатычным артыкуле 328. Гэта больш за траціну ад усіх зьняволеных.

«Уся барацьба з наркотыкамі ў Беларусі зводзіцца да таго, каб пасадзіць у турму як мага больш маладых людзей, простых спажыўцоў ці так званых "закладчыкаў", — сказаў кандыдат. — За кратамі пераважна аказваюцца маладыя людзі і падлеткі, пры гэтым справы супраць уладальнікаў наркабізнэсу адзінкавыя. За кошт лёсаў маладых людзей дзяржава падымае статыстыку раскрыцьця злачынстваў на паперы, у рэальнасьці ствараючы новую сур’ёзную праблему ў нашай краіне».

Паводле Шашка, дзяржава павінна перастаць лічыць спажыўцоў злачынцамі і «пачаць займацца расьсьледаваньнем сапраўдных злачынстваў».

Кандыдат сказаў, што яго каманда распрацавала зьмены ў артыкул 328.

«Давайце паставім камэры ў пад’ездах і ліфтах»

Сябра Лібэральна-дэмакратычнай партыі Андрэй Вароніч сказаў, што нязгодны «з радыкальнай апазыцыяй, якая толькі крытыкуе ўладу». Ён абяцае зрабіць жыцьцё «лепшым і больш камфортным».

Ён паабяцаў «заняцца пытаньнем чыстаты пад’ездаў і ліфтаў, сьмецьцеправодаў».

«Давайце паставім камэры ў пад’ездах і ліфтах, каб больш ніхто не псаваў вашую маёмасьць, ня сьмеціў і не курыў у пад’езьдзе, не пісаў на сьценах. У Менску праблемна прыпаркаваць машыну. Прапаную там, дзе гэта магчыма і дазваляе тэрыторыя, дадаць парковачныя месцы», — сказаў Андрэй Вароніч.

Паводле кандыдата, палова грамадзян жыве ад заробку да заробку. Ён прапанаваў ствараць новыя прадпрыемствы і новыя працоўныя месцы.

«Я лічу, што адкрываць буйныя прадпрыемствы занадта рызыкоўна. Таму ў мяне ёсьць мэта пабудаваць невялікія прадпрыемствы на 30—50—100 працоўных месцаў. У кожным горадзе па пары штук і ў кожнай вёсцы па адным прадпрыемстве па вытворчасьці любой прадукцыі. У гарадах і рэгіёнах няма працы, народ сьпіваецца ад бязьдзеяньня», — сказаў Вароніч.

Ён абяцаў зьнізіць падаткі на 15%, распрацаваць праграму даступнага жыльля, «бо, каб купіць кватэру, трэба працаваць усё жыцьцё». Вароніч таксама казаў пра вялікія чэргі на месца ў дзіцячым садку і ў паліклініках, пра патрэбу зьменшыць нагрузку на лекараў і настаўнікаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG