Ініцыятыўнай групе кандыдаткі адмовілі ў рэгістрацыі, не зразумеўшы Выбарчы кодэкс

Аліна Нагорная

ЦВК прызнаў правату кандыдаткі, але толькі вусна. Пачаць дзейнасьць ініцыятыўнай групы нельга безь пісьмовых скаргаў і іх разгляду, а ў абласной выбарчай камісіі кажуць, што працэдуры скасаваньня рашэньня акруговай камісіі няма.

Паліттэхноляг Аліна Нагорная атрымала пасьведчаньні аб рэгістрацыі ініцыятыўных групаў па вылучэньні яе кандыдаткай у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Ейныя групы зарэгістравалі ў Слуцку, Баранавічах і двух раёнах Бабруйску. У Бабруйскай сельскай выбарчай акрузе (№ 80) адмовілі.

Аліна Нагорная наўмысна рэгістравала ініцыятыўныя групы ў розных акругах — заканадаўства гэта дазваляе. Хоць артыкул 60 Выбарчага кодэксу (PDF) забараняе рэгістравацца кандыдатам больш як у адной акрузе, адносна рэгістрацыі ініцыятыўных групаў Выбарчы кодэкс ня мае такіх абмежаваньняў: менавіта ініцыятыўныя групы можна рэгістраваць хоць па ўсіх акругах.

У акрузе № 80 адмовіліся рэгістраваць ініцыятыўную групу, бо ў іншых акругах ужо ёсьць ініцыятыўныя групы кандыдаткі. На пярэчаньні кіраўніка ініцыятыўнай групы юрыста Ігара Случака яму прапанавалі дачакацца пісьмовага паведамленьня аб адмове і з гэтым дакумэнтам скардзіцца ў абласную камісію.

Ігар Случак

У Цэнтральнай выбарчай камісіі Случаку пацьвердзілі, што акруговая камісія ня мае рацыі, але растлумачылі, што ня могуць вырашыць гэтае пытаньне наўпрост з акругай, бо «ёсьць вызначаны парадак абскарджваньня». На заўвагу, што гэта зацягваньне працэсу, у ЦВК перапыталі: «Вы ж не заклікаеце нас парушаць заканадаўства?»

У Магілёўскай абласной выбарчай камісіі, куды трэба падаваць скаргу на рашэньне акруговай, Случаку сказалі, што самі ня будуць рабіць ніякіх захадаў, спаслаўшыся на «мэтадычныя рэкамэндацыі ад ЦВК» пра вылучэньне кандыдатаў (але не пра ініцыятыўныя групы). У адказ на згадку пра тлумачэньне ад ЦВК там заявілі: «Калі Цэнтральная выбарчая камісія паправіць, будзем рэгістраваць». Але тут жа адзначылі: «Працэдуры скасаваньня рашэньня няма». Калі ж рашэньне аб адмове ў рэгістрацыі прызнаюць незаконным, перад кандыдаткай паабяцалі выбачыцца.

Нагорная кажа Свабодзе, што ўсё ж зьбіраецца даслаць скаргу, але абураецца: чаму з парушэньнем ня могуць разабрацца самі камісіі? А Случак адзначае: яны маглі б сабраць паседжаньне і скасаваць рашэньне аб адмове, бо Выбарчы кодэкс гэтага не забараняе.

«Нам не падабаецца, што ў законе няма магчымасьці вырашаць простыя працэсуальныя пытаньні без дадатковай бюракратыі, — кажа Нагорная. — Я лічу, што калі вышэйшая інстанцыя прызнае, што „ўсё вы правільна гаворыце“, парушэньне павінна хутка выпраўляцца.

У выбарчыя камісіі людзі трапляюць не па дасьведчанасьці, а па ляяльнасьці. Таму ня могуць самі прымаць рашэньні і аналізаваць заканадаўства. Ну, і таксама ЦВК трэба зьвярнуць увагу на мэтадычкі, якія не працуюць».

Пры тым Нагорная адзначыла, што браць удзел у выбарах у якасьці кандыдаткі не зьбіраецца, а ініцыятыўныя групы рэгіструе «дзеля дасьледаваньня».