У Берасьці зноў выйшлі пратэставаць супраць акумулятарнага заводу

Пратэсты ў Берасьці, архіўнае фота

Па падліках мясцовых актывістаў на вуліцу выйшлі каля 130 чалавек.

У цэнтар Берасьця выйшла каля 130 чалавек, паведамляе БелаПАН са спасылкай на мясцовага праваабаронцу Рамана Кісьляка.

Актывісты сабраліся, каб абмеркаваць адмоўную экалягічную экспэртызу заводу, пра якую паведаміў намесьнік міністра прыроды і экалёгіі Андрэй Хмель.

«Нашы заўвагі, нашы лісты цалкам пацьвердзіліся адмоўным заключэньнем экспэртызы. Гэта значыць тыя дадзеныя, пра якія мы паўтара года гаварылі, пацьвердзілі афіцыйна. Нарэшце мы дагрукаліся і Мінпрыроды прыняло рашэньне выдаць такое заключэньне на падставе прадстаўленых непраўдзівых зьвестак».

Праціўнікі будаўніцтва завода таксама абмяркоўвалі адмову ў рэгістрацыі грамадзкага аб’яднаньня «ЭкоБрест». Як гаворыцца ў афіцыйным адказе ўладаў, у прадстаўленых на рэгістрацыю дакумэнтах Берасьцейскі аблвыканкам выявіў шэраг парушэньняў заканадаўства.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Мінпрыроды: Акумулятарны завод у Берасьці ня мае станоўчай экалягічнай экспэртызы

Устаноўчы сход арганізацыі адбыўся 26 траўня. Яго заснавальнікамі выступілі 12 жыхароў Берасьця і Берасьцейскага раёну. Галоўная мэта арганізацыі — шырокае прыцягненьне грамадзкасьці да вырашэньня экалягічных праблем, абарона правоў і свабодаў чалавека, зафіксаваных у Канстытуцыі Беларусі і яе міжнародных дамовах.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Берасьцейскія ўлады ня хочуць рэгістраваць арганізацыю праціўнікаў акумулятарнага заводу

Пасьля сустрэчы на плошчы праціўнікі завода зноў прайшлі па цэнтральных вуліцах горада — Пушкінскай і Савецкай — да кінатэатра «Беларусь». Удзельнікаў шэсьця суправаджалі шматлікія супрацоўнікі міліцыі ў цывільным.