Першую партыю прадукцыі на акумулятарным заводзе пад Берасьцем плянуюць выпусьціць у сакавіку, піша БелТА са спасылкай на галоўнага інжынэра кампаніі «АйПаўэр» Сяргея Дубнавіцкага.
Паводле яго словаў на прадпрыемстве завяршаюцца будаўніча-мантажныя працы. Спэцыялісты займаюцца падлучэньнем сыстэм да электрычнасьці і водазабесьпячэньня. Запуск і наладжваньне абсталяваньня пачнуцца пасьля запуску вэнтыляцыі, газаачышчальных установак і мантажу катлоў.
Першы пускавы комплекс прадугледжвае 1 мільён умоўных акумулятарных сьвінцовых батарэй на год. Пазьней на заводзе хочуць павялічыць выпуск да 2 мільёнаў. На першым этапе на заводзе будзе працаваць 138 чалавек, на другім – да 188. Набор супрацоўнікаў ужо пачалі, цяпер на прадпрыемстве працуюць больш за 40 чалавек.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Праціўнікі заводу пад Берасьцем зрабілі кавэр на кліп, які сабраў 148 мільёнаў праглядаў
Паводле інжынэра па ахове навакольнага асяроддзя «АйПаўэр» Марыны Краўчук:
2 разы на год будуць правяраць выкіды забруджвальных рэчываў у атмасфэрнае паветра;
1 раз на квартал лябараторыі будуць браць пробы сьцёкавых вод, на заводзе — раз на суткі.
Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці. Што важна ведаць
Месцазнаходжаньне новага акумулятарнага заводу пад Берасьцем
Завод пабудавалі каля вёсак Хабы, Шчэбрын і Тэльмы-2, што пад Берасьцем. За два кілямэтры — рака Мухавец. Афіцыйная экалягічная экспэртыза прагназавала, што ўзьдзеяньне заводу на асяродзьдзе і чалавека будзе нязначнае. Аднак людзі ўсё роўна баяцца, што выкіды з заводу падарвуць ім здароўе.
Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці трывалі ад пачатку 2018 году , калі людзі даведаліся пра будоўлю. Праціўнікі заводу лічаць вытворчасьць «бруднай» і небясьпечнай, заяўляюць пра парушэньн і працэдураў будаўніцтва.
Актывісты сабралі больш за 37 тысяч подпісаў супраць заводу ды накіравалі іх у адміністрацыю Лукашэнкі ў лютым 2018 году. Аднак урадавая камісія ня выявіла парушэньняў у рэалізацыі праекту па будаўніцтве заводу.
У траўні 2018 году актывісты накіравалі ў адміністрацыю прэзыдэнта больш за 2,5 тысячы подпісаў за адстаўку чыноўнікаў Берасьця, бо тыя «ігнаруюць інтарэсы жыхароў Берасьцейскага рэгіёну і сьвядома заплюшчваюць вочы на шкоду ад заводу».
У верасьні 2018 году на будоўлі заводу выявілі парушэньні пажарнай бясьпекі.
У чэрвені 2019 году падчас пусканаладачных работ на заводзе зафіксавалі перавышэньне забруджвальных выкідаў у атмасфэрнае паветра.
14 чэрвеня старшыня Берасьцейскага аблвыканкаму Анатоль Ліс прыпыніў будаўніцтва заводу да ліквідацыі выяўленых парушэньняў.
У ліпені 2019 праект акумулятарнага завода атрымаў адмоўнае заключэньне дзяржаўнай экалягічнай экспэртызы, У Мінпрыроды паведамілі, што прычынай стала прадстаўленьне недакладных дадзеных. У жніўні праектную дакумэнтацыю паўторна падалі на экспэртызу, але пазьней кампанія адклікала дакумэнты «па прычыне неабходнасьці ўсебаковага і больш поўнага адлюстраваньня інфармацыі аб унесеных зьменах».
24 лютага 2020 году праектную дакумэнтацыю акумулятарнага завода пасьля карэкціроўкі зноў падалі на дзяржаўную экалягічную экспэртызу. Грамадзкая экспэртыза, якую даручаў правесьці Лукашэнка, правалілася.
22 чэрвеня 2020 году Лукашэнка пааабяцаў правесьці рэфэрэндум наконт лёсу заводу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.
15 сакавіка 2021 году завод увялі ў эксплюатацыю. У правядзеньні рэфэрэндуму актывістам адмовілі.